Госьць «Інтэрвію тыдня» — літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс. Ён адказвае на пытаньні, пра якія тэндэнцыі ў літоўскім грамадзтве сьведчаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, тлумачыць палітычны фэномэн Далі Грыбаўскайце і адказвае на пытаньне, як гучала беларуская тэма падчас выбарчай кампаніі.
Сьцісла
- На выбарах у Літве перамаглі даволі памяркоўныя, не папулісцкія кандыдаты.
- Грыбаўскайце зразумела, што з Пуціным і Лукашэнкам наўрад ці магчыма ісьці на дыялёг.
- Адносіны Літвы і Беларусі ў некаторых сфэрах актыўна разьвіваюцца, але добрасуседзкага падыходу зь Менску, на жаль, не хапае.
Выбары паказалі, што, у прынцыпе, у Літве даволі здаровая дэмакратыя
— Якія тэндэнцыі ў сучасным літоўскім грамадзтве засьведчыў першы тут прэзыдэнцкіх выбараў, што прайшоў 12 траўня? У Эўропе пэўныя тэндэнцыі ў масавых настроях даволі відавочныя. Ці абмінулі яны Літву?
— У Літве казаць пра нейкія глыбокія зьмены не выпадае. Выйгралі даволі памяркоўныя кандыдаты, кандыдаты-папулісты не набралі шмат галасоў, ня больш за 5 працэнтаў. Так што, у прынцыпе, у Літве даволі здаровая дэмакратыя. Можна парадавацца, што другі тур адбудзецца безь вялікай турбулентнасьці. Абодва кандыдаты былі даволі памяркоўныя. Прафэсійныя. З добрымі эканамічнымі ведамі і бяз гучных папулісцкіх лёзунгаў.
— У чым кардынальная розьніца паміж кандыдатамі, калі яна ёсьць? Калі пераможа Шыманіце альбо Наўседа — якую палітыку яны будуць праводзіць?
— Да Наўседы ў гэтым сэнсе больш пытаньняў, і наконт каманды, і наконт зьместу. Ён апэляваў да ўсіх выбаршчыкаў, за яго галасавалі людзі з розных партыяў.
Шыманіце, нягледзячы на тое, што фармальна яна не ўваходзіць у партыю кансэрватараў — усё ж яна прадстаўніца гэтай партыі, яны яе вылучылі. Таму зь ёй пэўнасьці значна больш, яна парлямэнтарый, была міністрам фінансаў, так што досьвед працы ва ўладзе ў яе ёсьць, і больш-менш зразумела, што яна сабой уяўляе.
У Наўседы трэба глядзець, хто будзе ў складзе ягонай каманды. Ягоны бэкграўнд у значнай меры зьвязаны з банкамі, профіль моцна зьвязаны з эканомікай. Як ён будзе сабе паводзіць у сацыяльных пытаньнях, у замежнай палітыцы, нацыянальнай бясьпецы — дакладна казаць пакуль складана.
Грыбаўскайце зразумела, што з Пуціным і Лукашэнкам наўрад ці магчыма ісьці на дыялёг
— Пэўным літоўскім фэномэнам можна назваць папулярнасьць прэзыдэнта, які адыходзіць, — Далі Грыбаўскайце. Яна два разы выбіралася з даволі вялікім працэнтам і адрывам ад іншых палітыкаў — што даволі нетыпова для сучаснай Эўропы. Чым гэта можна патлумачыць і як можна ацаніць палітычную спадчыну Грыбаўскайце?
— Можна ўзгадаць і папулярнасьць Валдаса Адамкуса, і гэта паказвае, што інстытут прэзыдэнцтва ў Літве вельмі паважаны. Грамадзкасьць успрымае прэзыдэнцтва як інстытут, які найперш займаецца замежнай палітыкай і прэзэнтацыяй Літвы на замежнай арэне.
Грыбаўскайце ня раз паказвала мышцы і ва ўнутранай палітыцы, што ня ўсім падабалася ў палітычных элітах. Але людзі яе падтрымлівалі практычна ўвесь час.
У замежнай палітыцы яны часта ўспрымалася як чалавек, які мае вельмі жорсткую пазыцыю адносна Крамля. І гэта сапраўды так, але спачатку яна падтрымлівала ідэю «перазагрузкі» з Расеяй, сустракалася з Пуціным, казала, што трэба ісьці на дыялёг з Лукашэнкам. Але як з Пуціным, так і з Лукашэнкам яна вывучыла свае ўрокі і зразумела, што з гэтымі людзьмі наўрад ці магчыма ісьці на паважлівы дыялёг. Бо ані Крэмль, ані Менск не былі схільныя ісьці на добрасуседзкія адносіны.
Добрасуседзкага падыходу зь Менску, на жаль, не хапае
— Як гучала беларуская тэма падчас гэтых выбараў? Як кандыдаты выказвалі сваё стаўленьне да Беларускай АЭС?
— Тэма Беларусі асабліва не гучала, хіба эпізадычна. Самы яркі момант — гэта калі цяперашні прэм’ер-міністар Саўлюс Сквярняліс агучыў так званы «плян-хуліган» наконт Астравецкай АЭС. Але гэта эпізод, які не мяняе замежнапалітычнага курсу Літвы. І гэты курс ня будзе мяняцца ў залежнасьці ад таго, хто будзе абраны прэзыдэнтам.
Калі прэзыдэнтам стане Шыманіце, то гэты курс будзе даволі прадказальны. З Наўседам будзе нейкі прамежак, калі ягоныя кансультанты і памочнікі будуць вызначаць, якія пазыцыі найбольш рэзануюць у грамадзтве.
Але, у прынцыпе, ніхто не адмаўляе, што патрэбныя добрыя адносіны з суседзямі. Проста калі мы гаворым пра Беларусь — хочаш ня хочаш, выскоквае пытаньне Астравецкай АЭС. Другое — эканамічнае супрацоўніцтва, якое разьвіваецца: ёсьць і клайпедзкі порт, і транзыт, і «Беларуськалій».
— Я чытаў, што Наўседа выказаўся ў тым сэнсе, што пакуль Беларусь не адмовіцца ад АЭС, то Літва ня дасьць Менску збліжацца з Эўразьвязам. І калі ў Беларусі не складаюцца нейкія адносіны з Эўразьвязам, то беларускія аглядальнікі пачынаюць гадаць, якая краіна выказваецца супраць — і часам пальцам указваюць менавіта на Літву.
— Так, гэта вельмі проста — указваць пальцам на Літву. Пытаньне Астравецкай АЭС прынцыпова важнае для Літвы, і Літва гэта пасьлядоўна тлумачыць сваім саюзьнікам па Эўразьвязе.
Але магу даць прыклад з Нацбанкам, калі адзін з самых буйных эўрапейскіх праектаў у Беларусі вядзе Нямеччына ў партнэрстве зь Літвой і Польшчай. То бок у двухбаковых адносінах абмяркоўваецца далёка ня толькі Астравец. Эканамічныя адносіны павялічваюцца, турызм у абодва бакі расьце, цяпер зьявілася агульная тэма ў пляне гістарычнай памяці — перапахаваньне парэшткаў Кастуся Каліноўскага.
Двухбаковыя адносіны даволі інтэнсіўныя, але ёсьць некаторыя пытаньні. якія не вырашаюцца. Добрасуседзкага падыходу зь Менску, на жаль, не хапае.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com