Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць асуджаных, мінімальныя тэрміны. Што вядома пра крадзяжы зброі ў Баранавічах


Аўтаматы Калашнікава, ілюстрацыйнае фота
Аўтаматы Калашнікава, ілюстрацыйнае фота

Першы судовы працэс прайшоў яшчэ зімой. Справу прапаршчыка, зь якога ўсё пачалося, дагэтуль не накіравалі судзьдзям.

Пра тое, што ў адной з частак Баранавічаў адбываюцца крадзяжы зброі, стала вядома ў жніўні мінулага году. Тады ў СМІ спачатку трапіла неафіцыйная інфармацыя аб затрыманьні аднаго з прапаршчыкаў часткі: вайсковец выносіў зброю з часткі проста ў сваім заплечніку, які ніхто не правяраў на КПП.

20 абвінавачаных, зброю вывозілі ў Расею

Афіцыйнае паведамленьне зьявілася празь некалькі дзён. Паводле інфармацыі СК, злачынства сапраўды мела месца, было затрымана 14 чалавек.

Таксама на пачатку жніўня стала вядома, што адзін зь фігурантаў справы — 24-гадовы прапаршчык Дзьмітры К., які, паводле папярэдняй інфармацыі, выносіў зброю з тэрыторыі часткі. Родныя Дзьмітрыя ягоную віну катэгарычна адмаўляюць. Як расказала ў размове з журналістам ягоная маці Ларыса, сын увесь час аддаваў службе і жыў вельмі сьціпла. Пра затрыманьне Дзьмітрыя яна даведалася празь пяць дзён, калі да яе зь ператрусам прыехала сьледчая група.

Наступная інфармацыя пра гэтую справу зьявілася толькі ў лістападзе. Тады ў размове са Свабодай СК паведаміў, што колькасьць фігурантаў павялічылася да 20, а частку скрадзенай у Баранавічах зброі злачынцы вывезьлі ў Расею.

«Выяўлена 20 чалавек, якія маюць дачыненьне да супрацьпраўных дзеяньняў, — сказаў Свабодзе кіраўнік аддзелу інфармацыі Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч. — Адзін зь іх затрыманы на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі з выкрадзенай зброяй. Вырашаецца пытаньне ягонай экстрадыцыі. Фігуранты справы даюць прызнальныя паказаньні. Уся выкрадзеная зброя знойдзеная і сканфіскаваная».

«Сына могуць зрабіць скрайнім»

Пра тое, што працэсы ў гэтай справе пачалі разглядаць яшчэ зімой, Свабодзе расказала маці затрыманага прапаршчыка. Яна даведалася пра першага асуджанага падчас спатканьня зь Дзьмітрыем у Баранавіцкім СІЗА 1 сакавіка. Ніякіх падрабязнасьцяў жанчына ня ведала. Ні імя асуджанага, ні тэрміну. Агулам Ларысе дазволілі сустрэцца з сынам тройчы. Яна кажа, што моцна перажывае за яго далейшы лёс.


«Я баюся яму нашкодзіць, — сказала Ларыса ў размове са Свабодай. — Нядаўна было трэцяе спатканьне з сынам, сьледчыя сказалі, што да суду я яго больш не пабачу. Ён нармальна выглядае як для таго месца, дзе цяпер знаходзіцца. Пра пяцёх асуджаных я нічога ня ведаю, толькі ад вас пачула пра іх. Сын таксама ня ведае падрабязнасьцяў. Баюся, што працэс над ім зробяць паказальным, раскажуць усім пра яго. Пакуль толькі сынава імя паўсюль фігуруе ў сувязі з гэтай справай. Іншых імёнаў не раскрываюць».

Па словах Ларысы, працэс у справе яе сына можа пачацца ў чэрвені. Аднак больш дакладнай інфармацыі яна ня мае.

«Набыў два пісталеты Макарава, якія насіў пры сабе»

Пра судовыя працэсы, якія ў Баранавічах ідуць зь зімы, сайт Вярхоўнага суду інфармуе постфактум. Спачатку, 4 траўня, зьявілася навіна пра два прысуды. 11 траўня да іх дадалася інфармацыя пра яшчэ трох абвінавачаных, якіх асудзілі ў сакавіку — 1-га, 13-га і 26-га. Паведамленьняў пра гэтыя працэсы раней не было.

Вядома, што як мінімум трое з асуджаных на момант злачынства былі кадравымі вайскоўцамі. Гэта старшы лейтэнант «абвінавачаны В.», камандзір аддзяленьня аховы роты матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, старшына «абвінавачаны Б.» і палкоўнік, які ў судовым прэс-рэлізе пазначаны як «абвінавачаны Г. А.». Усе яны былі асуджаныя паводле розных частак артыкулу 295 — за незаконныя дзеяньні ў дачыненьні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў. А таксама пазбаўленыя сваіх вайсковых званьняў.

Вядома, што ўжо былыя вайскоўцы ня толькі набывалі зброю, але і захоўвалі яе ў сябе дома, а таксама насілі пры сабе. З паведамленьня аб прысудах вядома, што ў матэрыялах справы згадваюцца аўтаматы Калашнікава, а таксама пісталеты Макарава.

«Незаконна набыў у іншай асобы два пісталеты Макарава, вырабленых заводзкім спосабам, якія зьяўляюцца ручной стралковай наразной агнястрэльнай зброяй, і патроны да іх, а таксама прыдатны для стральбы аўтамат Калашнікава з патронамі, якія незаконна захоўваў, перавозіў і насіў пры сабе», — гаворыцца пра дзеяньні былога палкоўніка беларускай арміі ў паведамленьні на сайце Вярхоўнага суду.

Аўтамат Калашнікава
Аўтамат Калашнікава


З трох асуджаных вайскоўцаў толькі двое трапілі за краты. Палкоўнік Г. А. — на чатыры гады, старшына Б. — на два. Старшы лейтэнант В. атрымаў чатыры гады абмежаваньня волі.

Яшчэ двое асуджаных на гэты момант у справе аб крадзяжы зброі ў Баранавічах атрымалі 2 і 2,5 года пазбаўленьня волі. Пра іх датычнасьць да службы ў войску нічога невядома.

Пакараньне, якое атрымалі асуджаныя вайскоўцы, можна назваць даволі мяккім. Артыкул 295 Крымінальнага кодэксу Беларусі, паводле якога яны праходзілі, прадугледжвае да 14 гадоў пазбаўленьня волі.

Колькі яшчэ спраў, зьвязаных з крадзяжамі зброі ў баранавіцкай частцы, плянуецца разглядаць, дакладна невядома. У судзе Баранавічаў Свабодзе паведамілі, што на гэты момант ніводнага працэсу паводле артыкулу 295 там не разглядаюць. Ці будуць разглядаць яшчэ і калі, у судзе ня ведаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG