Лінкі ўнівэрсальнага доступу

#дэманстратыўнавываліла — што насамрэч робіць маці, калі корміць дзіця


Аднойчы я бачыла ролік зь цікавым сацыяльным экспэрымэнтам — адна жанчына карміла на вуліцы немаўля, а іншая проста сядзела побач, але мела дужа глыбокае дэкальтэ.

Мінакі мала таго, што не саромеліся казаць маці, як ім агідна бачыць грудное кармленьне, дык не задумваліся пра нелягічнасьць сваіх паводзінаў і тады, калі ў іх наўпрост запытваліся, чаму кармленьне — гэта агідна, а глыбокае дэкальтэ — не.

Калі казаць пра акрытую плошчу цела, то ў жанчыны з глыбокім выразам яна была яўна нашмат большай, але войска праціўніц і праціўнікаў так званага публічнага груднога кармленьня — гэта не клясычная паліцыя нораваў. Больш за тое, нярэдка гэта людзі з акурат вельмі адкрытымі поглядамі на сэкс, і яны проста звыклі, што ў сучаснай культуры жаночыя грудзі зьяўляюцца выключна сэксуальным аб’ектам.

Некалькі тыдняў таму ў перадачы «Толькі жанчыны» абмяркоўвалі тэму «публічнага» груднога кармленьня. Дыскусія працягнулася ў шэрагу іншых СМІ, а рэзкі тэкст мастачкі Нікі Сандрас вывеў спрэчкі на новы ўзровень. Калі вядомая асоба публічна зьняважліва выказваецца пра вялікую супольнасьць людзей, гэта шмат для каго нібыта легітымізуе агрэсію.

І, як кажуць, панеслася. Грудное кармленьне параўноўваюць з мочаспусканьнем, дэфэкацыяй, эякуляцыяй, сэксам у публічным месцы. Таксама яго называюць сакральнай таямніцай і інтымным працэсам. Незалежна ад танальнасьці параўнаньня, выснова адна і тая ж — прыбярыце, схавайце, зрабіце так, каб мы гэтага ня бачылі.

Для ўсіх тых, каго абурае від груднога кармленьня, у мяне ёсьць вельмі простая прапанова: адвярніцеся. Сам па сабе гэты працэс ніяк не парушае грамадзкі парадак і аб’ектыўна ня можа нікому нічым замінаць. Больш за тое, замінаць навакольным будзе хутчэй немаўля, якое хоча есьці, але ня мае такой магчымасьці.

Праціўніц і праціўнікаў «публічнага» груднога кармленьня, здаецца, вельмі абурае сам факт таго, што за галавой немаўля знаходзяцца аголеныя жаночыя грудзі. Але ж пад вопраткай мы ўсе голыя, і з гэтым даводзіцца неяк жыць.

Адна з крыніц непаразуменьня ў тым, што за жанчын дадумваюць абсалютна фантастычную матывацыю — нібыта яны кормяць у публічных месцах, каб самасьцвярдзіцца, паказаць навакольным грудзі, выклікаць непрыемныя пачуцьці ў незнаёмых, прыцягнуць да сябе ўвагу. Ідэя аб тым, што маці корміць дзіця, каб тое не было галодным, — гэта, здаецца, надта складана для разуменьня.

Разам з фантастычнымі матывацыямі часта ідуць спэцыфічныя, так бы мовіць, прапановы — карміць у адмысловых пакоях (некаторыя жанчыны ў адказ саркастычна называюць іх рэзэрвацыямі), прыкрывацца тканінай (шмат якіх дзяцей гэта раздражняе), карміць толькі дома (што фактычна значыць увогуле не выходзіць з дому).

У адказ на ўсе гэтыя абвінавачваньні і прапановы беларускі запусьцілі флэшмоб #дэманстратыўнавываліла. Пад такіх хэштэгам жанчыны публікуюць фотаздымкі, на якіх яны кормяць грудзьмі сваіх дзяцей. Ёсьць ідэя, што ўсе міты вакол «публічнага» груднога кармленьня зьяўляюцца таму, што гэтая зьява на самой справе незаўважная. Сустрэць на вуліцы жанчыну, якая ў гэты самы момант корміць немаўля, можна ня так часта, таму і ўспрымаецца гэтая карціна як нешта незвычайнае. Верагодна, чым больш вакол будзе адпаведных выяваў, тым хутчэй «публічнае» кармленьне будзе ўспрымацца як норма.

Праціўніцы і праціўнікі «публічнага» груднога кармленьня абураюцца, нібыта іх хочуць прымусіць нешта палюбіць ці нечаму замілоўвацца. Але ж на самой справе іх просяць толькі аб адным: адчапіцца. І нават, заўважце, не прапаноўваюць самім есьці ў прыбіральнях.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG