Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Публічнае кармленьне: мінакі ў пошуках грудзей


Аднойчы калі абмяркоўвалася грудное кармленьне ў публічных месцах, нейкая жанчына з абурэньнем распавяла, як яна прыйшла ў музэй, а глядзець давялося не на карціны, а на нейкую «мамашу, якая грудзі вываліла». Я запыталася, што ж ёй замінала адвярнуцца ад жанчыны і ад галоднага немаўляці, каб паглядзець на карціны, але адказу, вядома ж, не атрымала.

Тэма «карміць ці не карміць» пакуль што падаецца вечнай. Аматаркі і аматары разглядаць чужыя другасныя полавыя прыкметы ўпарта спрабуюць убачыць жаночыя грудзі праз галаву немаўляці, а іх апанэнткі і апанэнты з такой жа ўпартасьцю даводзяць, што грудное кармленьне — ня нейкі ганебны і брудны працэс, які трэба хаваць ад навакольных, зачыняючыся ў грамадзкіх прыбіральнях ці прымерачных кабінках у гандлёвых цэнтрах.

У краіне са здаровым стаўленьнем да мацярынства такі рэйтынг проста ня мог бы зьявіцца

У Беларусі складаюць рэйтынг месцаў, прыязных да груднога ўскармліваньня. Здавалася б — пазытыўная навіна: непасрэдна зацікаўленыя жанчыны могуць выказацца пра станоўчы досьвед кармленьня грудзьмі ў публічных месцах. Але я думаю, што ў краіне са здаровым стаўленьнем да мацярынства такі рэйтынг проста ня мог бы зьявіцца, бо кармленьне дзяцей — гэта абсалютна нармальны і прыстойны працэс, і прыязнымі да яго павінны быць усе прасторы па змоўчаньні.

Вось вы можаце ўявіць, што заўтра мы станем абіраць месцы, прыязныя да спажываньня вады, і абмяркоўваць, «якія сродкі дапамагаюць у мэгаполісе рабіць гэта з максымальным камфортам і этычна ў дачыненьні да навакольных людзей»?

Вы можаце ўявіць, што заўтра мы станем абіраць месцы, прыязныя да спажываньня вады?

Наўрад ці ў некага можа ўзьнікнуць пытаньне, наколькі этычна піць на вуліцы ваду ці есьці марозіва. І супраць дарослых, якія кормяць малое дзіця з дапамогай бутэлечкі, таксама не прынята выказвацца. Нікому не прыходзіць да галавы параўнаць гэта з дэфэкацыяй. Але ўсё становіцца інакш, калі гаворка заходзіць пра грудное кармленьне.

Грудное малако літаральна ставяць ў адзін шэраг з мачой і фэкаліямі, працэс кармленьня ў публічным месцы называюць непрыстойным, а замест таго, каб проста пакінуць у спакоі хутчэй за ўсё стомленую жанчыну і яе галоднае дзіця, якое яна спрабуе супакоіць і накарміць, навакольныя (звычайна незнаёмыя) могуць рабіць ёй заўвагі, патрабаваць прыкрыцца ці проста абураюцца «такімі паводзінамі».

Літаральна ўчора ў стужцы фэйсбуку мне трапіўся фатаздымак таго, як адна маці адрэагавала на патрабаваньне прыкрыцца падчас кармленьня. Яна накрыла шалікам сваю галаву. Але ж не ва ўсіх хопіць сьмеласьці і сілаў так саркастычна адрэагаваць на грубае ўмяшаньне ў асабістую прастору.

Адкрытае нэгатыўнае стаўленьне да груднога кармленьня ў публічных месцах фактычна выціскае многіх жанчын з маленькімі дзецьмі з соцыюму, пакідаючы ім для перамяшчэньня невялікі ўчастак вакол дома (каб маглі хутка вярнуцца з дзіцём дадому), дзіцячыя паліклінікі і іншыя нешматлікія месцы, дзе ёсьць адмысловыя пакоі для кармленьня). Цяпер вось нават рэйтынг ёсьць прыязных месцаў, які можна ўспрымаць як «месцы, куды можна свабодна прыходзіць з маленькім дзіцём».

Нам патрэбны чорны сьпіс месцаў, непрыязных да груднога кармленьня

Зрэшты, у мяне толькі адно пытаньне: чаму гэта ўсё так нагадвае чарговую сэгрэгацыю? Нам жа на самой справе патрэбны зусім іншы рэйтынг, а дакладней чорны сьпіс месцаў, непрыязных да груднога кармленьня. Каб актывісты і актывісткі заклікалі да байкоту кавярняў і крамаў, каб ствараліся пэтыцыі і каб прадстаўнікі духавенства рабілі заявы ў падтрымку жанчын.

А пакуль што нам застаецца радавацца, што хоць аднекуль жанчын з галоднымі немаўлятамі не выганяюць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG