Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мазыр пацякла чыстая расейская нафта


Рэзэрвуары з нафтай, Мазыр
Рэзэрвуары з нафтай, Мазыр

Чыстая расійская нафта паступіла на лінейную станцыю ў Мазыры, паведамляе канцэрн «Белнафтахім» са спасылкай на дыспэтчарскую службу беларускага апэратара магістральнага нафтаправоду «Дружба».

«4 траўня ў 14.45 новая партыя нафты разам з разьдзяляльнай прыладай паступіла на лінейную вытворчую дыспэтчарскую станцыю (ЛВДС) «Мазыр» ААТ «Гомельтранснафта Дружба». У 15.00 пачаўся яе прыём у рэзэрвуары ЛВДС «Мазыр», — гаворыцца ў паведамленьні.

Пэрсанал акрэдытаванай лябараторыі выканаў адбор пробаў з пададзенай нафты, была пацьверджаная яе адпаведнасьць стандарту.

Адгрузка пададзенай нафты ў адпаведнасьці з узгодненым графікам пачнецца 5 траўня. Да перапрацоўкі новай партыі нафты ААТ «Мазырскі НПЗ» прыступіць з 6 траўня.

Пра тое, што зь сярэдзіны красавіка па нафтаправодзе «Дружба» паступае няякасная нафта, «Белнафтахім» паведаміў 19 красавіка. 22 красавіка стала вядома, што празь няякасную расейскую нафту на Мазырскім НПЗ папсавалася дарагое абсталяваньне.

23 красавіка намесьнік генэральнага дырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Сяргей Грыб паведаміў, што Беларусь прыпыніла пастаўкі нафтапрадуктаў ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.

24 красавіка наваполацкі завод «Нафтан» пачаў прымаць чыстую нафту з Расеі праз нафтаправод Сургут — Полацак, тым часам як на Мазырскі НПЗ па-ранейшаму паступала нафта з павышаным утрыманнем хлёрарганікі. Намесьнік старшыні «Белнафтахіму» Ўладзімер Сізоў паведаміў журналістам, што страты Беларусі ў выглядзе недаатрыманай выручкі ад рэалізацыі нафтапрадуктаў склалі 100 млн даляраў.

25 красавіка пастаўкі сьветлых нафтапрадуктаў ва Ўкраіну і Польшчу былі часткова адноўленыя. Транзыт расійскай нафты ў Эўропу праз нафтаправод «Дружба» быў спынены цалкам.

Па выніках чатырохбаковых перамоваў, якія прайшлі ў Менску 26 красавіка з удзелам прадстаўнікоў Беларусі, Расеі, Украіны і Польшчы, намесьнік міністра энэргетыкі РФ Павел Сарокін заявіў, што чыстая нафта на мяжы зь Беларусьсю чакаецца да канца красавіка, а расейскі віцэ-прэм’ер Дзьмітры Козак нават назваў канкрэтную дату — 29 красавіка.

Старшыня «Белнафтахіму» Андрэй Рыбакоў у сваю чаргу паведаміў журналістам, што канцэрн разьлічвае аднавіць выпрацоўку нафтапрадуктаў у поўным аб’ёме і пастаўку на экспарт у траўні.

У Расеі распачатая крымінальная справа аб наўмысным забруджаньні нафты ў нафтаправодзе «Дружба», паведаміў журналістам 26 красавіка ў Маскве дарадца прэзыдэнта кампаніі «Транснефть» Ігар Дзёмін.

Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін 30 красавіка на сустрэчы з кіраўніком кампаніі «Транснефть» Мікалаем Токаравым заявіў аб сур’ёзнай матэрыяльнай і іміджавай шкодзе для Расеі ад інцыдэнту з забруджаньнем экспартаванай нафты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG