Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор ЗША пра «расейскую справу»: У дзеяньнях прэзыдэнта ЗША не было складу злачынства


Уільям Бар
Уільям Бар

Генпракурор ЗША Уільям Бар 1 траўня даў паказаньні ў Кангрэсе ЗША з нагоды так званага дакладу Мюлера — расьсьледаваньня сувязяў з Расеяй штабу і бліжэйшага атачэньня прэзыдэнта Дональда Трампа.

Сярод іншага генпракурор падкрэсьліў, што Трампа ня будуць перасьледаваць у крымінальным парадку за перашкоду правасудзьдзю ў «расейскім расьсьледаваньні».

Тэлеканал «Настоящее время» паказваў выступ генпракурора Бара і яго адказы на пытаньні ў жывым эфіры з сынхронным перакладам на расейскую мову.

Па словах Бара, толькі дзесяць адсоткаў дакладу аб расейскім умяшаньні застаецца засакрэчанымі для грамадзкасьці. Ён таксама сказаў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп меў права засакрэціць болей дадзеных з дакладу, але ня стаў гэтага рабіць. Акрамя гэтага, Бар заявіў, што ў сваёй справаздачы пра даклад Мюлера ён толькі пераказаў высновы, але не мяняў іх сэнсу.

Генпракурор паўтарыў, што неапублікаваныя частка тэксту ня тычыцца непасрэдна тэмы расейскага ўмяшаньня, паколькі гаворка ідзе аб асабістых дадзеных і аб інфармацыі па яшчэ не завершаных расьсьледаваньнях. Гэтыя дадзеныя па законах ЗША павінны заставацца засакрэчанымі, сказаў Бар.

Сэнатарка ад Дэмакратычнай партыі Дайан Файнстын спытала генпракурора аб просьбе Трампа да юрыста Белага дома Дона Макгана. У дакладзе Мюлера сьцьвярджаецца, што Трамп прасіў Макгана звольніць Мюлера. Але потым прэзыдэнт нібыта ўгаварыў юрыста абвергнуць атрыманьне такой просьбы. Бар заўважыў, што гэты эпізод нельга лічыць перашкодай правасудзьдзю.

Такім чынам Бар зрабіў заключэньне, што Мюлер не знайшоў доказаў віны Трампа ў перашкодзе правасудзьдзю і што ў дзеяньнях прэзыдэнта ЗША не было складу злачынства. Па словах генпракурора, ён даў Мюлеру магчымасьць азнаёміцца са зьместам сваёй справаздачы перад яго публікацыяй, але спэцпракурор ад гэтага адмовіўся. Бар патлумачыў, што зрабіў высновы з нагоды адсутнасьці віны Трампа разам са сваім былым намесьнікам Родам Розэнстайном, паколькі сам Мюлер не даваў прававой ацэнкі дзеяньням Трампа.

У чацьвер, 2 траўня, генпракурор павінен даць паказаньні ў кантраляваным дэмакратамі Юрыдычным камітэце Палаты прадстаўнікоў. Аднак пакуль незразумела, ці зьявіцца ён на гэтае слуханьне.

У пачатку жніўня 2017 года спэцпракурор ЗША Роберт Мюлер склікаў вялікую калегію прысяжных для расьсьледаваньня «расейскага сьледу» у выбарах у 2016 годзе. Мюлер высьвятляў, ці мела месца змова штабу Трампа з Крамлём з мэтай падарваць пазыцыі суперніцы Трампа ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан. У красавіку 2019 году офіс Мюлера апублікаваў справаздачу аб расьсьледаваньні. У дакладзе падрабязна распавядаецца пра абставіны расейскага ўмяшаньня ў выбары. Акцэнт робіцца на дзеяньнях хакераў, зьвязаных, як сьцьвярджаецца, з расейскай вайсковай выведкай, і так званую «фабрыку троляў», якую аўтары дакладу зьвязалі з асобай бізнэсмэна Яўгена Прыгожына, якога называюць «кухарам Пуціна».

Масква сваё дачыненьне да выбараў у іншых дзяржавах катэгарычна адхіляе.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG