Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Антысэміты па інэрцыі» — The New York Times пра знойдзеныя ў Берасьці парэшткі 1214 ахвяраў Галакосту


Раскопкі масавай магілы ў Берасьці.

«26-гадовая Тацяна Лахай, інструктар па фітнэсу ў беларускім горадзе Берасьце, толькі вярнулася ў сваю кватэру пасьля ранішніх заняткаў, калі выглянула ў акно і на свае вочы пабачыла, што такое жах Галакосту. "Божа мой! Што адбываецца? Штосьці сапраўды ня так" — так Тацяна апісвае тое, што яна пабачыла на будаўнічай пляцоўцы са свайго акна», — так пачынае свой рэпартаж карэспандэнт амэрыканскага выданьня The New York Times Эндру Хігінс пра знойдзеныя ў Берасьці парэшткі ахвяраў Галакосту.

Карэспандэнт апісвае як на месца будаўнікоў, якія на працягу некалькіх тыдняў рыхтавалі фундамэнт для новага элітнага жылога праекту, прыйшлі салдаты ў масках і пальчатках і пачалі выцягваць зь зямлі чалавечыя шкілеты. Цягам трох месяцаў былі знойдзеныя парэшткі 1214 людзей. Мяркуецца, што большасьць з іх, гэта парэшткі габрэяў, забітых нацыстамі пасьля нападу Гітлера на Савецкі Саюз у чэрвені 1941 году.

Паводле The New York Times, адкрыцьцё такога буйнога масавага пахаваньня ў цэнтры Берасьця, прыгожага старажытнага гораду на заходняй мяжы Беларусі з Польшчай, дае іншы ракурс на Галакост у адным зь першых савецкіх гарадоў, захопленых нацыстамі. І гэта таксама аказвае ціск на мясцовыя ўлады, каб яны спынілі пляны пабудовы элітнага жыльля і растлумачылі, чаму яны напачатку ўхвалілі гэты праект.

Сусьветны габрэйскі кангрэс асудзіў гэты праект як «абразу памяці габрэйскіх жыхароў горада, якія былі расстраляныя і забітыя ў халоднай крыві на гэтым самым месцы».

Амэрыканскае выданьне прыводзіць словы кіраўніка гарадзкой адміністрацыі Аляксандра Рагачука, які сказаў журналістам, што Берасьце, якое было месцам жорсткіх баёў у абедзьвюх сусьветных войнах і падчас іншых вайсковых канфліктаў, пабудаванае на безыменных магілах незьлічоных невядомых ахвяраў войнаў.

«Мы ўсё тут грэшнікі ў гэтым сэнсе», — цытуе выданьне чыноўніка. — «Мы ўсё ходзім па целам». Было вядома, што на месцы будаўніцтва могуць быць парэшткі «некалькіх дзясяткаў» ахвяраў, але паводле кіраўнік гораду, «ніхто не чакаў, што іх такая вялікая колькасьць».

У 1941 годзе габрэі складалі палову насельніцтва 60-тысячнага гораду. Меркавалася, што іх з большага забівалі ў лесе ў 100 кілямэтрах на ўсход ад Берасьця, куды іх вывозілі чыгуначнымі вагонамі.

Эндру Хігінс цытуе Яўгена Розэнблата, гісторыка, які вывучаў забойства габрэяў гораду падчас Другой сусьветнай вайны, які кажа пра тое, што ўжо даўно вядома, што нацысты праводзілі масавыя забойствы ў цэнтры Берасьця. Тым ня менш, паводле яго, ён быў зьдзіўлены вялікай колькасьцю парэштак, знойдзеных на месцы будаўніцтва. Гэтак жа, як і тым, што было невядома пра тое, як і калі былі забітыя гэтыя людзі.

Паводле Розэнблата, большая частка забітых, праўдападобна, былі габрэямі, якім спачатку ўдалося схавацца альбо ўцячы, а якіх пасьля затрымалі пасьля зьнішчэньня габрэйскага гета ў Берасьці ў кастрычніку 1942 году. Гісторык лічыць, што ёсьць прынамсі яшчэ два месцы ў горадзе, дзе можа ляжаць гэтак жа шмат парэшткаў ахвяраў.

Амэрыканскае выданьне нагадвае, што да таго часу, калі савецкая армія адваявала Берасьце ў 1944 годзе, там заставалася толькі жменька габрэяў. Адным з ацалелых быў Менахем Бегін, будучы ізраільскі прэм’ер-міністар, які выжыў, таму што быў арыштаваны сталінскім НКВД да нацысцкага ўварваньня і адпраўлены ў савецкі лягер. Ніводзін зь некалькіх сотняў габрэяў, якія жывуць у Берасьці сёньня, не жыў там да вайны, удакладняе The New York Times.

Жахлівыя гістарычныя ўспаміны, як і братэрская магіла на будаўнічай пляцоўцы для элітнага жыльля ўздымае пытаньні аб карупцыі, злоўжываньнях улады і наяўным антысэмітызьме ў краіне, якой кіруе на працягу 25 гадоў бязьлітасны лідэр, прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка, адзначае амэрыканскае выданьне.

Рэгіна Сіманенка, лідэрка мясцовай габрэйскай арганізацыі Брыск (старая назва гораду на ідыш), скардзіцца карэспандэнту The New York Times на тое, што гарадзкія ўлады не павінны былі даваць дазвол на будаўніцтва на гэтым месцы, і цяпер сьпяшаюцца пахаваць косткі без належнага расьсьледаваньня, чые гэта парэшткі і якія парэшткі маглі б ляжаць непадалёк.

Мясцовыя чыноўнікі, паводле яе, былі сканцэнтраваныя на сьвяткаваньні 1000-годзьдзя заснаваньня Берасьця і не хацелі б афішаваць адкрыцьцё масавага пахаваньня. Яны прызналі яго, кажа спадарыня Рэгіна, толькі пасьля таго, як Тацяна Лахай і іншыя пачалі разьмяшчаць відэа з парэшткамі ў сацыяльных сетках.

The New York Times цытуе берасьцейскую чыноўніцу Алу Koндак, якая кажа, што не было ніякага жаданьня схаваць знойдзенае. Паводле яе былі адразу ж выкліканыя байцы спэцыяльнага судовага батальёну. Спадарыня Кондак кажа, што фундамэнт плянаванага праекту ня будзе закранаць масавае пахаваньне, і што будаўніцтва, спыненае са студзеня, неўзабаве адновіцца.

Гэта абурыла гісторыка Ірыну Лаўроўскую, якая стварыла онлайн-пэтыцыю з патрабаваньнем, каб будаўніцтва было спыненае цалкам, і каб гэтае месца было агароджанае і пераўтворанае ў «мэмарыяльны парк» памяці габрэяў, зьнішчаных нацыстамі. Яна таксама зьвярнулася да генэральнага пракурора Беларусі з патрабаваньнем расьсьледаваць, ці былі парушаныя правілы, якія рэгулююць будаўніцтва ў гістарычных раёнах. Першапачаткова тут плянавала будаўніцтва італьянская кампанія, але пазьней праект узяла на сябе «мутная» і мала вядомая кампанія «Прыбужскі квартал», піша амэрыканскае выданьне.

Пракурор адказаў Лаўроўскай у красавіку, што кантракт на будаўніцтва быў скасаваны, і таму не было ніякай неабходнасьці дасьледаваць якія-небудзь парушэньні.

Выданьне цытуе гісторыка Лаўроўскую, якая лічыць, што было відавочна з самага пачатку, што на гэтым месцы могуць быць косткі людзей. Яна ўспамінае, як у 1950-я гады яна, яшчэ дзяўчынка, жыла ў гэтым раёне і бачыла чалавечыя парэшткі, якія прыбіралі з будпляцоўцы пасьля таго, як было раскрытае масавае пахаваньне. «Быў жудасны пах ва ўсім раёне», успамінае яна. «Гэта было так жудасна, гэта было немагчыма схаваць».

У адрозьненьне ад суседняй Літвы і Ўкраіны, дзе мясцовыя жыхары часта віталі нацыстаў як вызваліцеляў ад улады Масквы, а часам і далучыўся да забойства габрэяў, народ Беларусі рэдка супрацоўнічаў у бойні, якую арганізаваў Гітлер. Тым ня менш, як і большасьць савецкіх краінаў, якія ўзьніклі ў выніку распаду Савецкага Саюза ў 1991 годзе, Беларусь трымаецца меркаваньня Сталіна і яго пасьлядоўнікаў, што габрэі былі проста адна з многіх груп савецкіх грамадзянаў, забітых нацыстамі, і ня заслугоўваюць асаблівага прызнаньня, піша The New York Times.

«Яны антысэміты па інэрцыі», — лічыць спадарыня Лаўроўская.

Савецкі мэмарыял на Броннай гары, месцы забойства на ўсход ад Берасьця, аддае даніну «50 000 савецкім грамадзянам і грамадзянам іншых краінаў», забітых там нацыстамі, але не паведамляе пра тое, што амаль усе былі габрэямі. Другі помнік у лесе пастаўлены «грамадзянам габрэйскай нацыянальнасьці з Савецкага Саюзу», якія былі забітыя, адзначае выданьне.

Чыноўнікі Берасьця не адмаўляюць пакуты габрэяў, але толькі на патрабаваньне яны прызнаюць прыроду Галакосту.

«Чаму яны патрабуюць асобных мэмарыялаў?» — цытуе The New York Times Алу Кондак. — «Усе ахвяры роўныя».

Спадарыня Кондак кажа, што пасьля абмеркаваньня з рабінам Берасьця было вырашана, што ўсе парэшткі будуць перапахаваны 21 траўня ў габрэйскай частцы гарадзкіх могілак.

Яфім Басін, мясцовы габрэйскі актывіст ня згодны з заклікамі Рэгіны Сіманенкі і некаторых іншых, каб адкласьці перапахаваньне і даць час для экспэртам узяць узоры ДНК і стварыць генэтычную базу дадзеных загінулых.

«Гэтыя людзі мёртвыя. Хай ім будзе супакой», сказаў ён. Ці працягнецца будаўніцтва на гэтым месцы, для яго ня мае вялікага значэньня. «Я ніколі б не купіў кватэру ў гэтым доме. Але калі некаторыя ідыёты хочуць жыць у гэтым месцы, гэта іх справа», — цытуе габрэйскага актывіста The New York Times.

У Берасьці выявілі парэшткі вязьняў гета. Што важна ведаць

У Берасьці на будоўлі жылога комплексу «Прыбускі квартал» выявілі парэшткі вязьняў гета, расстраляных падчас нямецкай акупацыі. Дом мусяць узьвесьці на рагу вуліцы Куйбышава і праспэкта Машэрава.

  • Пошукавыя работы на месцы знаходжаньня парэшткаў вяліся з 24 студзеня па 26 сакавіка. Выяўленыя парэшткі 1214 чалавек.​
  • Сусьветны габрэйскі кангрэс заклікае спыніць будаўніцтва дома. Мастацтвазнаўца, доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская стварыла адпаведную пэтыцыю ў Савет Міністраў, Генэральную пракуратуру ды Берасьцейскі гарвыканкам. Пад пэтыцыяй падпісаліся больш 745 чалавек. На момант публікацыі будаўніцтва не спынілі.
  • Старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук заявіў, што ад краю фундамэнту будынка да пахаваньня — 5 мэтраў. На месцы, дзе выявілі парэшткі, ён паабяцаў арганізаваць зялёную зону і мэмарыяльную пліту. Ён заявіў, што парковак і дзіцячых пляцовак на месцы пахаваньняў ня будзе.
  • Парэшткі плянуюць перапахаваць у траўні на берасьцейскіх могілках «Паўночныя» побач з усталяваным у 2011 годзе помнікам ахвярам Галакосту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG