Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пра габрэяў лепш ня згадвай», — параіў мне рэдактар Абрам Данілавіч


Абэліск на месцы канцэнтрацыйнага лягеру ў Вялікім Трасьцянцы, архіўнае фота
Абэліск на месцы канцэнтрацыйнага лягеру ў Вялікім Трасьцянцы, архіўнае фота

Пра Трасьцянец я ўпершыню пачуў ад нашага выкладчыка фатасправы факультэту журналістыкі БДУ Георгія Захаравіча Бегуна напрыканцы 1981 году. Чалавек патрабавальны і цьвёрды, ён рэдка дазваляў сабе лірычныя адступленьні падчас заняткаў, але ў той дзень чамусьці быў настроены на ўспаміны. Расказаў, як удалося ацалець у лягеры сьмерці «Трасьцянец».

Быў малады, худы. Уначы ў бараку схаваўся за печчу ў вузкім праёме, разабраў муроўку, затаіўся. Раніцай усіх вывелі — ён застаўся... Пра свае подзьвігі як падпольшчыка і партызанскага разьведчыка ня згадваў, а вось пра тое, як хацелася выжыць і як у бараку ўвесь час стаяла перад вачыма маці і гучала ўвушшу яе некалі пачутая ім у дзяцінстве песьня — расказаў...

Нехта з аднакурсьнікаў пасьля гэтага спрабаваў напісаць заметку пра гераічнага падпольшчыка, які здолеў вырвацца з кіпцюроў фашыстаў, але да публікацыі не дайшло. У партбюро патлумачылі: ва ўспамінах выкладчыка Бегуна ёсьць нешта цьмянае. Імі займаліся органы. Ён нешта там наблытаў. Здаецца, перабольшыў ролю габрэйскага падпольля, няправільна расставіў акцэнты. Словам, лепш гэтую тэму не чапаць...

Георгі Захаравіч Бягун
Георгі Захаравіч Бягун

Ужо значна пазьней я пацікавіўся гэтым эпізодам. Аказалася, у чэрвені 1972 году Георгі Бягун у газэце «Вячэрні Мінск» пачаў публікацыю сваёй дакумэнтальнай аповесьці пра менскае падпольле, жыцьцё ў акупацыі, засьценкі СД, празь якія яму самому давялося двойчы прайсьці, а таксама пра лягер сьмерці Трасьцянец, куды ён трапіў пасьля Менскай турмы і адкуль яму (аднаму зь вельмі нямногіх) удалося ўцячы. Публікаваць успаміны пачалі, але раптоўна публікацыю спынілі. Распараджэньне паходзіла ад «органаў» — Камітэту дзяржбясьпекі БССР. Пасьля гэтага ніводнае выданьне ў Беларусі ўспаміны Бегуна друкаваць, зразумела, не пагадзілася.

У савецкай Беларусі ваенную тэму, як вядома, улада вельмі шанавала, але пры гэтым пільна і шчыльна цэнзуравала. На слыху былі Брэсцкая крэпасьць, Хатынь, апэрацыя «Багратыён», «рэйкавая вайна», «Менскі кацёл», Курган славы... Пра Трасьцянец і пра Яму згадвалі рэдка і мімаходзь. Хоць, калі зыходзіць з маштабаў трагедыі, павінна было б быць якраз наадварот. Трасьцянец — самы буйны лягер сьмерці на тэрыторыі Беларусі і адзін з найбуйнейшых у Эўропе. Больш за 200 000 ахвяраў. А памяць пра тую трагедыю ў БССР была адзначана толькі сьціплым абэліскам, да таго ж воддаль ад сапраўдных месцаў экзэкуцый і самога лягера. Чаму? Толькі таму, што значная колькасьць закатаваных — гэта габрэі з Польшчы, Аўстрыі, Нямеччыны і Чэхаславаччыны?

«Тут жа ня нашы людзі пахаваныя — габрэі...»

Артыкул у шчучынскай раённай газэце за 12 верасьня 1987 г. пра занядбаную магілу расстраляных габрэяў
Артыкул у шчучынскай раённай газэце за 12 верасьня 1987 г. пра занядбаную магілу расстраляных габрэяў

У жніўні 1987 году мяне, маладога журналіста, рэдакцыя шчучынскай «раёнкі» паслала ў мястэчка Васілішкі: нейкі вэтэран вайны абурыўся занядбанымі могілкамі ахвяраў фашыстаў. Маўляў, нехта зь мясцовых жыхароў ледзь не сьвінарнік пабудаваў зусім побач з братняй магілай закатаваных. Прыяжджаю: усё так — і занядбаная магіла, у якой пахавана больш як 2000 закатаваных людзей, і сьвінарнік за некалькі крокаў ад пахаваньняў. Размаўляю зь мясцовымі жыхарамі. Гаспадыня сьвінарніка апраўдваецца:

«Дык гэта ж ня нашы людзі тут пахаваныя — габрэяў аднекуль прывозілі ды расстрэльвалі. А габрэяў цяпер няма — каму даглядаць тую магілу...»

Падрыхтаваў публікацыю з патаснай назвай «Пятнаццаць крокаў да бездані» — падаю рэдактару. Абрам Данілавіч Змудзяк — былы партызан і шматгадовы кіраўнік раённай газэты, мудры і добры чалавек, хваліць артыкул, але ўносіць праўку:

«Ведаеш, Валянцін, пра габрэяў лепш ня згадвай. Калі надрукуем, што там габрэі — выклічуць мяне на бюро райкома і будуць адны непрыемнасьці. Павер майму досьведу...»

Спрытным рухам чырвонага алоўка Абрам Данілавіч уносіць праўкі. Дзе былі «габрэі» — там сталі «мірныя жыхары» і «савецкія грамадзяне». Маналёгі мясцовых жыхароў пасьля рэдагаваньня зрабіліся нейкімі дзіўнымі і страцілі лёгіку, затое ў ідэолягаў да такой публікацыі ня ўзьнікла ніякіх пытаньняў.

А рукапіс пра Трасьцянец зьнік

...Праз 73 гады пасьля вайны ў Трасьцянцы ўсё ж узьвялі мэмарыяльны комплекс і 29 чэрвеня ўрачыста адкрываюць. Назіраючы за шуміхай вакол гэтага, я зноў і зноў успамінаю Георгія Захаравіча Бегуна. Выкладчыкам ён быў жорсткім, патрабавальным, уніклівым. Прыйшоўшы на наш першы курс, адразу папярэдзіў: кожны павінен будзе асвоіць усю фотатэхналёгію, самастойна і праяўляць стужку, і займацца растворамі, і друкаваць ды глянцаваць фатаздымкі. А найперш, каб рабіць добрыя фота, патрэбна добрая камэра. На першай жа лекцыі папярэдзіў: у кожнага павінен быць уласны фотаапарат. Ня горшы, чым Зеніт-Е. А кошт таго Зеніта-Е — 120 рублёў.

Пачуўшы лічбу, я, напэўна, зьмяніўся з твару: разьлічваць мне, 17-гадоваму першакурсьніку з далёкай вёскі, даводзілася тады пераважна на сваю студэнцкую стыпэндыю. 120 рублёў — гэта быў мой прыблізна трохмесячны бюджэт.

Георгі Захаравіч, відаць, заўважыў выраз майго твару. Пасьля лекцыі падышоў, пацікавіўся, ці здолею я купіць новую камэру. Пачуўшы ад мяне, пачырванелага, нешта няўцямнае, прынёс з фоталябараторыі апарат у рудым скураным футарале.

«Будзеце здымаць гэтым. Ён ня новы, але надзейны. А праз год, як скончыцца наш курс, вернеце».

Гэта быў савецкі фотаапарат «Зоркий» — ці не 50-х гадоў выпуску, але, сапраўды, вельмі надзейны і якасны. Калі навучысься правільна ставіць вытрымку і дыяфрагму, здымкі выходзяць выдатныя. Дагэтуль, перабіраючы свае студэнцкія фатаграфіі, зробленыя тым старэнькім «Зорким», успамінаю добрага настаўніка.

...Георгія Захаравіча Бегуна ня стала неўзабаве пасьля нашага выпуску. 20 сакавіка 1987 году сканаў ад інсульту ў машыне, па дарозе на працу. Кажуць, перад гэтым яму паведамілі, што ў ягоных паслугах на журфаку больш патрэбы ня маюць: пара на пэнсію.

А рукапіс ягоных так і ня выдадзеных успамінаў пра Трасьцянец — зьнік.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

З Трасьцянца перад адкрыцьцём мэмарыялу вывезьлі крыжы памяці ксяндза Гадлеўскага і ахвяраў рэпрэсій

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG