Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцу памяці ахвяр Берасьцейскага гета судзяць за хуліганства. Хто такі Віталь Казак?


Віталь Казак пасьля ўскладаньня вянкоў да будоўлі, дзе знайшлі парэшткі ахвяраў нацызму. 24 лютага 2019 году
Віталь Казак пасьля ўскладаньня вянкоў да будоўлі, дзе знайшлі парэшткі ахвяраў нацызму. 24 лютага 2019 году

Свабода пагутарыла зь берасьцейскім актывістам Віталём Казаком, які ладзіць акцыі супраць будоўлі жылога комплексу, дзе знайшлі парэшткі соцень расстраляных нацыстамі людзей, і трапіў за гэта пад судовы перасьлед.

Віталя Казака міліцыя затрымала ў мінулую пятніцу, выходныя ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня.

18 сакавіка ў Берасьці пачаўся суд над ім, але быў перанесены на 25 сакавіка, бо Віталь запатрабаваў час на азнаёмленьне са справай і кансультацыі з адвакатам.

Як расказаў Віталь Казак Свабодзе, на яго склалі адміністрацыйны пратакол за хуліганства, калі актывіст уступіў у дыскусію з работніцай камунальнай гаспадаркі, якая прыбірала ўскладзеныя ім да будоўлі кветкі.

Упершыню Віталь Казак прынёс 11 вянкоў да будоўлі са знойдзенымі парэшткамі 24 лютага. Ён расставіў іх уздоўж агароджы, а празь некаторы час іх прыбралі і перанесьлі да помніка ахвярам Галакосту, які знаходзіцца непадалёк.

За тую акцыю пазьней Віталя Казака аштрафавалі на 510 рублёў за «разьмяшчэньне інфармацыйных матэрыялаў нерэклямнага характару, а менавіта фатаздымкаў людзей, у месцы, ня вызначаным мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі для іх разьмяшчэньня».

Яшчэ адну акцыю Віталь Казак зладзіў 13 сакавіка — калі выклаў кветкамі і лямпадкамі сымбалічны шлях габрэяў да месца расстрэлу ў гета. Тады яго не затрымлівалі, але праваабаронца Ўладзімер Вялічкін мяркуе, што за тую акцыю яго могуць затрымаць у любы момант.​

Вянкі, якія берасьцейскі актывіст усклаў да будоўлі, дзе знайшлі парэшткі ахвяраў нацызму. 24 лютага 2019 году
Вянкі, якія берасьцейскі актывіст усклаў да будоўлі, дзе знайшлі парэшткі ахвяраў нацызму. 24 лютага 2019 году

Хто такі Віталь Казак?

Віталь Казак стаў ладзіць свае акцыі пратэсту некалькі год таму, калі ў ягоным двары камунальнікі сьпілоўвалі дзіцячую пляцоўку. Віталя Казака гэта абурыла, ён пратэставаў, пісаў скаргі да чыноўнікаў.

«Я заўсёды стараўся зрабіць нешта карыснае ня толькі для свайго асабістага жыцьця, але і для грамадзтва. Быў і старшынём дамавога камітэта, у каардынацыйным радзе ЖЭСу — дзесьці дарожку нейкую заасфальтаваць, дрэвы пасадзіць, пафарбаваць, зладзіць суботнік, заўсёды быў у гэтым актыўны», — кажа Свабодзе Віталь Казак.

Дапамагаў апазыцыйным кандыдатам

Віталь Казак не зьяўляецца сябрам нейкай палітычнай партыі, але, кажа, дапамагае многім.

«Падтрымліваў тых, супраць каго ганеньні, прадстаўнікоў партый апазыцыйных. Імкнуўся зрабіць нешта карыснае. У 2010 годзе, калі было шмат апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта, я прапанаваў памагчы ўсім», — расказаў Віталь Казак.

Казак кажа, што дапамагаў як валянтэр штабам розных кандыдатаў. Ужо пазьней, падчас мясцовых выбараў, Віталь Казак і сам балятаваўся ў дэпутаты гарадзкога савету як незалежны кандыдат, праўда, беспасьпяхова.

Прапанаваў мітынгоўцам самім ісьці да аўтазака

Віталь Казак наведваў і акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу ў Берасьці. 14 кастрычніка 2018 году адбылася адна з найбольш гучных такіх акцыяў, калі супрацоўнікі АМАП затрымалі пратэстоўцаў, якія самі падышлі да аўтазака.

Той «манэўр» прыдумаў менавіта Віталь Казак — у канцы акцыі ён прапанаваў пратэстоўцам падысьці да аўтазака і запытацца, ці будуць затрымліваць пасьля акцыі, ці няма ў праваахоўнікаў якіх прэтэнзіяў да іх. Віталь Казак тлумачыць тую прапанову тым, што пасьля большасьці папярэдніх акцыяў затрымлівалі і судзілі блогераў Пятрухіна і Кабанава.

Калі калёна пратэстоўцаў рушыла да аўтазака, праз усю плошчу да яго беглі зьдзіўленыя супрацоўнікі АМАП. Яны і затрымалі на месцы блогераў Пятрухіна з Кабанавым, палітыка Міколу Статкевіча, які прыехаў падтрымаць пратэстоўцаў. А потым затрымалі і Віталя Казака ды іншых пратэстоўцаў.

Як старшыня гарвыканкаму пазваніў Казаку

Віталь Казак часта тэлефануе на «прамыя лініі» чыноўнікаў са сваімі прапановамі, якія тычацца добраўпарадкаваньня і ня толькі.

1 сьнежня 2018 году афіцыйныя СМІ паведамілі аб «прамой лініі» старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандра Рагачука. Напрыканцы тэлефоннай лініі з жыхарамі Берасьця чыноўнік «выказаў занепакоенасьць, што ня выйшаў на сувязь грамадзкі актывіст, які тэлефанаваў заўсёды».

Cтаршыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук
Cтаршыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук

У выніку падчас «прамой лініі» старшыня гарвыканкаму сам патэлефанаваў актывісту і запытаўся, ці ёсьць у яго нейкія пытаньні.

Гэтым актывістам быў Віталь Казак, і ён пацьвердзіў Свабодзе, што размова тады ішла пра яго.

«Так, патэлефанаваў і сказаў, што занепакоены, маўляў, Віталь Мікалаевіч заўсёды нейкія прапановы мае, а цяпер не патэлефанаваў. Кажа, пачаў перажываць, з чым гэта зьвязана. Ну я яму і выказаў тады прапанову, потым і ў гарвыканкам да яго прыходзіў з шэрагам прапановаў», — кажа Віталь Казак.

Улады абвінавацілі яго ў блюзьнерстве

13 сакавіка старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук даваў прэсавую канфэрэнцыю на тэму выяўленых парэштак людзей падчас будоўлі «Прыбускага кварталу». Падчас яе, таксама ня згадваючы Віталя Казака, ужо бяз жартаў чыноўнік казаў, што «на гэтай тэме некаторыя хочуць зарабіць нейкі асабісты капітал, я б нават не назваў яго палітычным, паказаць сваю асаблівую пазыцыю».

«Далей пачынаюцца ўжо элемэнты кляўнады — у некаторых людзей жаданьне прывязаць сябе і сваю актыўную пазыцыю жыцьцёвую і грамадзкую да гэтай тэмы. Яна выказваецца ў агіднай форме на ўзроўні блюзьнерства. Але выдаецца, як быццам гэта сумленны чалавек, сумленьне нацыі», — абурана казаў Аляксандар Рагачук.

Дамагаецца пашаны ахвярам нацызму

Віталь Казак — карэнны берасьцеец. Ён лічыць, што «немаральна весьці будоўлю на касьцях забітых людзей».

«Пра месцы пахаваньняў ахвяраў нацызму я ведаю са словаў бабулі, мамы. Іхныя словы супадаюць з аповедамі іншых відавочцаў, — кажа Віталь Казак. — У мяне жывуць сябры ў цэнтры гораду, якія ведаюць, што ў скляпеньнях дамоў ёсьць косткі людзей, якіх не перапахавалі, што калектары цеплатрасаў пракладалі па гэтых касьцях, а потым уперамешку зь зямлёй засыпалі.

Натуральна, такія хамскія адносіны да памяці людзей мяне і кранаюць. Бо сёньня гэта косткі тых, хто тут жыў, а потым — косткі маіх знаёмых ці сваякоў... Я хачу, каб да жыхароў гораду праявілі пашану».

Будоўля на касьцях ахвяраў гета

Месца будаўніцтва элітнага жылога комплексу «Прыбускі квартал», дзе выявілі парэшткі расстраляных
Месца будаўніцтва элітнага жылога комплексу «Прыбускі квартал», дзе выявілі парэшткі расстраляных

​На рагу вуліцы Куйбышава і праспэкту Машэрава ў Берасьці пачалося ўзьвядзеньне жылога комплексу «Прыбускі квартал». Тут і адкапаў экскаватар парэшткі спачатку некалькіх чалавек, а потым пошукавы батальён выявіў каля 1000, і пошукі працягваюцца.

Гэтыя людзі былі расстраляныя ў часе нямецкай акупацыі, ідзецца пра ахвяраў Берасьцейскага гета.

Мастацтвазнаўца, доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская зь Берасьця мяркуе, што трэба забараніць будаўніцтва на месцы выяўленых парэштак і стварыць там мэмарыяльны парк у памяць аб 30 тысячах забітых берасьцейскіх габрэяў. Яна стварыла адпаведную пэтыцыю у Савет Міністраў, Генэральную пракуратуру ды Берасьцейскі гарвыканкам.

Пад пэтыцыяй падпісаліся на сёньняшні дзень 740 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG