Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нельга будаваць дом на чалавечых касьцях». ВІДЭА з раскопак у Берасьці


У цэнтры Берасьця ўжо два месяцы не спыняюцца работы эксгумацыі парэшткаў ахвяраў часоў Другой сусьветнай вайны. Рэпартаж тэлеканалу «Настоящее время».

Масавае пахаваньне вязьняў яўрэйскага гета выявілі на месцы будаўніцтва жылога квартала — паводле папярэдніх дадзеных, знайшлі парэшткі больш за тысячу чалавек. Улады гораду вырашылі пахаваць усе парэшткі на гарадзкіх могілках.

У студзені 2019 году ў Берасьці на рагу вуліцы Куйбышава і праспэкта Машэрава пры капаньні катлавана выявілі фрагмэнты больш за 600 чалавек. Будаўнічыя работы прыпынілі і выклікалі супрацоўнікаў спэцыяльна створанага пошукавага батальёна Міністэрства абароны.

«Горкі боль. Я бачу не па чутках, я бачу гісторыю наяве»

Маёр Павал Галецкі служыць у гэтым батальёне ўжо 16 гадоў, але ўпершыню ў сваёй практыцы сутыкнуўся з настолькі буйным пахаваньнем цывільных асобаў. Ён кажа, што здабываць зь зямлі парэшткі мірных жыхароў псыхалягічна нашмат складаней, чым астанкі салдатаў.

Галецкі кажа, што адчувае пачуцьцё прыкрасьць і горыч, асабліва калі бачыць парэшткі дзяцей і жанчын.

Павал Галецкі
Павал Галецкі

«Горкі боль. Я бачу не па чутках, я бачу гісторыю наяве», — кажа Галецкі.

Маёр упэўнены, што нельга будаваць дом або дарогу на чалавечых костках:

«Апошні чалавек, няхай тут ахвяры вайны, павінен быць перапахаваны. Вайна да гэтага часу ня скончылася».

Парэшткі ахвяраў вайны вырашылі перанесьці на могілкі

З 17 студзеня будаўнічыя работы на гэтым месцы прыпынілі. Удзельнікі Сусьветнага яўрэйскага кангрэсу заклікалі спыніць іх наогул. Аднак мясцовыя чыноўнікі лічаць гэтае патрабаваньне не зусім правамерным.

Ала Кондак, старшы інспэктар аддзелу культуры Берасьцейскага гарвыканкаму, сьцьвярджае, што месца пахаваньня не трапляе пад забудову, а парэшткі ахвяраў вайны можна перанесьці на могілкі — гэта шматгадовая гарадзкая практыка ў такіх сытуацыях, лічыць брэсцкая чыноўніца.

Побач з катлаванам, дзе цяпер працуе пошукавы батальён, стаіць дзевяціпавярховая савецкая «панэлька». У 1944 годзе побач з гэтым месцам, фактычна пад вокнамі дома, былі аселыя ямы, расказвае пэнсіянэр Уладзімер Губенка. Яшчэ школьнікамі яны зь сябрам прыходзілі сюды. Фатаздымкаў гэтага месца не захавалася, але ў канцы 1990-х Уладзімер Мікалаевіч па памяці намаляваў тое, што ён назаўжды запомніў у 12-гадовым узросьце.

«Там проста перад вокнамі былі ямы, праселыя ямы. Гэта былі магілы расстраляных габрэяў. А той участак, які цяпер раскопваюць, знаходзіўся з процілеглага боку за плотам, зарослы, і ніякіх асаблівых прыкмет не было відаць», — успамінае Ўладзімер Губенка.

Габрэйская грамада дамагаецца ўстаноўкі мэмарыяльнага знаку

Кіраўніца габрэйскай грамады «Брыск» Рэгіна Сіманенка настойвае на тым, што дакладны адрас выяўленага ў студзені пахаваньня быў вядомы жыхарам і ўладам гораду на працягу многіх гадоў. Яна зьдзіўленая, што зямлю ў гэтым раёне гарадзкія ўлады аддалі пад забудову.

«Я ня думаю, што гэта было вялікай нечаканасьцю для жыхароў гораду. У 1999 годзе я чытала пра гэтае месца ў газэце: бацька паказаў мне газэту са свайго архіва, і ў ёй пры апісаньні гэтага месца выкарыстоўвалі слова “могілкі”. Чаму гэта ня ўлічвалася, я не разумею”, — кажа Рэгіна Сіманенка.

У габрэйскай традыцыі раскопваньне магілаў строга забаронена. Таму Рэгіна перакананая, што найбольш дарэчным варыянтам было б не перапахаваньне, а ўстаноўка памятнага знака на месцы ўжо наяўнай магілы.

«У Вэнгрыі помнік ахвярам Галакосту знаходзіцца за 300 мэтраў ад парлямэнту. Але гэта не ўплывае на іх працу, там усё добра ідзе і нікому помнік не перашкаджае. Трэба ўжо па-іншаму неяк глядзець на гэтыя рэчы. Ня трэба гэтага саромецца, ня трэба гэтага баяцца, ня трэба з гэтага рабіць нейкую таямніцу», — лічыць Рэгіна Сіманенка.

Пакуль прадстаўнікам яўрэйскіх суполак Берасьця ўдалося дамовіцца з уладамі пра тое, што пры перапахаваньні зямля з магілы ў цэнтры гораду будзе перанесеная разам са знойдзенымі парэшткамі, як таго патрабуюць традыцыі юдаізму.

Старшыня Брэсцкага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук паабяцаў, што ў раёне забудовы жылога квартала, на месцы пахаваньня, «ня будзе нічога, акрамя газону». Ён адзначыў, што пра будаўніцтва тут парковачных месцаў, жылых дамоў не ідзе нават гаворкі.

«Мы думаем пра тое, як увекавечыць памяць ахвяраў Берасьцейскага гета», — дадаў кіраўнік гораду.

У Берасьці выявілі парэшткі вязьняў гета. Што важна ведаць

У Берасьці на будоўлі жылога комплексу «Прыбускі квартал» выявілі парэшткі вязьняў гета, расстраляных падчас нямецкай акупацыі. Дом мусяць узьвесьці на рагу вуліцы Куйбышава і праспэкта Машэрава.

  • Пошукавыя работы на месцы знаходжаньня парэшткаў вяліся з 24 студзеня па 26 сакавіка. Выяўленыя парэшткі 1214 чалавек.​
  • Сусьветны габрэйскі кангрэс заклікае спыніць будаўніцтва дома. Мастацтвазнаўца, доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская стварыла адпаведную пэтыцыю ў Савет Міністраў, Генэральную пракуратуру ды Берасьцейскі гарвыканкам. Пад пэтыцыяй падпісаліся больш 745 чалавек. На момант публікацыі будаўніцтва не спынілі.
  • Старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук заявіў, што ад краю фундамэнту будынка да пахаваньня — 5 мэтраў. На месцы, дзе выявілі парэшткі, ён паабяцаў арганізаваць зялёную зону і мэмарыяльную пліту. Ён заявіў, што парковак і дзіцячых пляцовак на месцы пахаваньняў ня будзе.
  • Парэшткі плянуюць перапахаваць у траўні на берасьцейскіх могілках «Паўночныя» побач з усталяваным у 2011 годзе помнікам ахвярам Галакосту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG