Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка: Усё маё дарослае жыцьцё суправаджала слова «Свабоды»


Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

Маім першым вакном па-за межы інфармацыйнага закутка, абмежаванага афіцыйнымі газэтамі й дротавым радыё, стала таямнічае зялёнае вока індыкатару частаты вялікага лямпавага прымача — «радыёлы». У нас дома такога не было, але былі ў некаторых знаёмых і суседзяў. І менавіта з гэтай драўлянай скрыні, круцячы наладку, я ўпершыню пачуў згукі тады яшчэ няведамых мне моваў, назовы ведамых з мапы гарадоў, і такім чынам стаўся назаўсёды радыёзачараваным.

Сталеючы, ужо зусім сьведама шукаючы альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі, зразумеў ролю кароткіх хваляў: там гаварылі зразумелымі мне мовамі, але зусім ня тое, што можна было пачуць з «радзіоточкі» = орўэлаўскага тэлескрына (пра які, зрэшты, мы тады таксама шчэ не чыталі).

На першы ж свой падлеткавы заробак купіў VEF-202 — гэта была найгалаўнейшая тэхнічная мара майго дзяцінства і падлеткавага ўзросту. А датуль — выпрошваў прымачы з кароткімі хвалямі ў тых, у каго яны былі, на пару дзён, нават на ноч, і ў такім разе ня спаў усю ноч і вышукваў, вылоўліваў, прабіваўся скрозь перашкоды і глушэньне (і йшоў раніцой у школу, але не зь цяжкой галавой). Кароткахвалевыя дыяпазоны 25, 31, 41, 49 і зрэдку 52 мэтры былі мае. Пра 19, 16, 13 мэтраў можна было толькі марыць: даступных савецкіх прымачоў з такімі дыяпазонамі не было, але хадзіла легенда, што на іх глушэньня няма зусім.

Расклад — дзе хто калі — ведаў на памяць. «Голас Амэрыкі», ВВС, «Нямецкая хваля», Міжнароднае радыё Канады, Radio France, Радыё Швэцыя... Па-расейску, па-польску, па-ўкраінску, па-літоўску і ня толькі. Але найбольш адпаведным маім патрэбам было Радыё Свабода — Свабодная Эўропа, бо там гаварылі найперш не пра краіну трансьляцыі, а пра наш рэгіён — СССР і краіны падсавецкага сьвету. А калі даведаўся пра існаваньне беларускае службы Радыё Свабода (між іншага, з савецкай кніжачкі пасквіляў пра паваенную эміграцыю), то мой surfing займеў галоўную мэту.

Першыя словы па-беларуску я пачуў у начной трансьляцыі на 52-м дыяпазоне. Гэта была пятніца, 1-я гадзіна ночы, 1976 год (памятаю, бо ўражаньне на ўсё жыцьцё; зранку меў ісьці на «тэхнічнае чарчэньне», рысунак для якога калякаў правай рукой, а левай круціў рэгулятар частаты). Якія менавіта словы — не запомніў, але адназначна беларускія, а голас, хутчэй за ўсё, Арсеня Загорнага (Янкі Запрудніка). Але літаральна на 3-й сэкундзе ўрубілася на ўсю моц «ўаў-ўаў-ўаў — гыррр», глушылка на вуліцы Казлова. Тым ня менш з гэтага дня я ўжо ведаў, дзе і калі шукаць беларускае слова несавецкае праўды.

Тэхнічна эфэкт глушэньня можна было зьмяншаць, пэўным чынам развешваючы пад стольлю скручаныя сьпіраляй драты-антэны, а таксама ад’яжджаючы далей ад гораду. Штораз, калі ўдавалася падмануць глушэньне, цешыўся й захапляўся ўсемагутнасьцю нябачнае хвалі, якая насуперак усім перашкодам прабівалася ў мой пакой. Я канспэктаваў, а потым і запісваў на касэтны магнітафон кароткія і эмацыйныя гістарычныя нарысы непаўторнага Язэпа Барэйкі, слухаў актуальны палітычны аналіз і літаратурныя перадачы Арсеня Загорнага, чуйна ўспрымаў жывы несавецкі моўны канон — ад вымаўленьня і інтанацыі да словаў і выразаў. «У рэпартажЫ, у камэнтарЫ» — гэта адтуль, са зьберажонае на чужыне міжваеннае традыцыі. Наагул слова прамоўленае застаецца ў сьвядомасьці слухача іначай, у нечым глыбей, чым слова прачытанае — у чытача. Прынамсі той, хто да беларускае мовы вяртаўся праз пакаленьне, наслухаўшыся «Свабоды», не памыляўся ў націсках...

Усё маё дарослае жыцьцё суправаджала слова «Свабоды». Нават на студэнцкай «бульбе» я быў неразлучны з прымачом, які цягаў у заплечніку або ставіў побач. Ужо пасьля спыненьня глушэньня ў 1988 годзе, калі зьявіліся карэспандэнты «Свабоды» ў Беларусі, я ведаў, што на гэтых хвалях я пачую самую актуальную, аб’ектыўную, але пры гэтым каштоўнасна матываваную інфармацыю. Для мяне «Свабода» неадлучная ад усіх найбольш значных беларускіх гістарычных падзеяў новага часу.

Ува мне ўсё адно пакрыёма жыве беларускае «а-што-калі-раптам». Што калі раптам чарговы дыктатар-вар’ят або прыродны катаклізм выключыць інтэрнэт, то яшчэ спатрэбіцца паліты алеем і рупліва закапаны ў агародзе VEF-202 — зброя праўды.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG