Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ні сэнсавай, ні культурнай каштоўнасьці». У Горадні зьбіраюць подпісы супраць надпісу «Ленінскі раён»


Так цяпер выглядае Бэрнардынскі ўзгорак. Фота Hrodna.Life
Так цяпер выглядае Бэрнардынскі ўзгорак. Фота Hrodna.Life

Менш чым за дзень пад пэтыцыяй супраць надпісаў з назвамі раёнаў Горадні падпісаліся 600 чалавек.

Вялікі надпіс «Ленінскі раён» гарадзенцы ўбачылі на схіле ўзгорка, на якім стаіць бэрнардынскі касьцёл, удзень 16 красавіка. Гэта за некалькі крокаў ад Савецкай плошчы, адразу за танкам на пастамэнце.

Паводле інфармацыі Hrodna.life, літары зрабілі супрацоўнікі «Зелянгасу», зьняўшы дзірван. Плянуецца, што іх засадзяць кустоўем. Аналягічны надпіс «Кастрычніцкі раён» хочуць зрабіць на другім беразе Нёмана, па вуліцы Дарвіна, і яго добра будзе відаць ад замкаў і Каложы з супрацьлеглага берага.

Гарадзенцы стварылі пэтыцыю супраць гэтых жывых надпісаў.

«Мяркуем, што такія надпісы сказяць эстэтычнае ўспрыманьне культурна-гістарычнай панарамы Горадні», — гаворыцца ў пэтыцыі.

Да таго ж, на думку аўтараў, афармленьне надпісаў неэстэтычнае, а выбар тэксту сумнеўны, ён «ня мае ні сэнсавай, ні культурнай каштоўнасьці для ўспрыманьня гараджанамі і тым больш гасьцямі гораду».

Гарадзенцы ўжо пачалі жартаваць, што надпіс «Ленін» прыніжальна разьмясьцілі пад касьцёлам, нібы сымбаль перамогі рэлігіі над камунізмам.

Пазыцыя каталіцкай царквы на Горадзеншчыне наконт надпісу зьявілася на афіцыйным сайце Горадзенскай дыязэціі. Прэс-служба паведамляе, што тэрыторыя пабэрнардынскага ўзгорка не належыць рыма-каталіцкай царкве, таму яна ня мае ўплыву на сытуацыю і ляндшафтны дызайн, якім займаецца «Зелянбуд». З кіраўніцтвам Горадзенскай дыяцэзіі рашэньне аб стварэньні жывога надпісу «Ленінскі раён» на схіле ўзгорка не ўзгаднялася.

У той жа час, прадстаўнікі каталіцкай царквы супраць такога надпісу.

«Мяркуем, што дадзеная ініцыятыва псуе зьнешні выгляд гістарычнага цэнтра горада. Надпіс таксама будзе адцягваць увагу ня толькі мясцовых жыхароў, але і шматлікіх турыстаў ад знакавага месца, якім зьяўляецца найстарэйшая святыня горада — касьцёл Адшуканьня Сьвятога Крыжа», — гаворыцца ў заяве каталіцкай царквы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG