Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пажар на Каляды. Як гарэў Нясьвіскі замак


Пасьля пажару ў Нясьвіскім замку 24 сьнежня 2002 году

Калі ўвесь сьвет з болем глядзеў на языкі полымя над саборам Парыскай Маці Божай, у Беларусі многія згадвалі, як таксама ў агні маглі страціць сваю архітэктурную жамчужыну і турыстычную візытоўку — нясьвіскі палац Радзівілаў. Ён загарэўся вечарам 24 сьнежня 2002 году. Я быў сьведкам ліквідацыі таго пажару.

І ў Парыжы ў 2019 годзе, і ў Нясьвіжы у 2002-м пажар узьнік падчас правядзеньня рамонтных работ. І ў Парыжы, і ў Нясьвіжы загарэлася перад вялікімі каталіцкімі сьвятамі: Вялікаднем і Калядамі.

Зьвесткі па нясьвіскі пажар зьявіліся ўвечары 24 сьнежня, калі многія ўжо сустракалі Каляды. Пакінуўшы сьвяточны стол, разам з калегамі-журналістамі Сяргеем Грыцом і Андрэем Фаміным мы рушылі ў дарогу. Запомнілася, што ў той вечар быў моцны мароз, а на дарогах ляжаў сьнег.

Нясьвіскі замак, архіўнае фота
Нясьвіскі замак, архіўнае фота

Нясьвіж быў у дыме, замак у агні

За паўтары гадзіны мы прыехалі ў Нясьвіж. Пах дыму ад пажару адчуваўся за некалькі кілямэтраў ад самога замка — ва ўсім горадзе. Полымя таксама было відаць здалёк, яно яшчэ шугала над цэнтральнай часткай палаца. Здавалася, агонь не пакіне ніякіх шанцаў на выжываньне пэрліне беларускай архітэктуры.

Калі мы паставілі машыну ля фарнага касьцёла, убачылі, як пажарнікі праклалі адмысловы водаправод са шлянгаў з сажалкі ў знакамітым нясьвіскім парку.

«Дзе штаб пажаратушэньня?»

Парк і замак былі ачэпленыя работнікамі МНС, але калега Андрэй Фамін упэўнена павёў нас праз пост з пытаньнем да службоўца: «Дзе знаходзіцца штаб пажаратушэньня?»

Нас прынялі за нейкіх начальнікаў і прапусьцілі на месца пажару і штабу выратавальнай апэрацыі.

Эпіцэнтар пажару

Пасьля пажару ў Нясьвіскім замку 24 сьнежня 2002 году
Пасьля пажару ў Нясьвіскім замку 24 сьнежня 2002 году

На месцы мы пабачылі, як яшчэ дагаралі верхнія паверхі цэнтральнай часткі замка. Менавіта там пачаўся пажар, яна ж і найбольш пацярпела.

Пажар тушылі дзясяткі брыгад МНС зь Нясьвіжу і ўсіх блізкіх райцэнтраў. Тушэньнем кіраваў намесьнік міністра надзвычайных сытуацыяў Беларусі Барыс Барангольц.

Каб разгаварыць прадстаўнікоў МНС, якія кіравалі апэрацыяй, мы адразу спыталі іх, хто асабліва вызначыўся на тушэньні пажару.

Начальнік Менскай абласной управы МНС Анатоль Уласевіч адзначыў найлепшых і расказаў, у чым была найбольшая складанасьць для ягоных падначаленых: будынак стары, з пустотамі, агонь распаўсюджваўся па іх у розных кірунках: у адным месцы патушаць, а агонь зьяўляецца ў іншым — празь перакрыцьці па пустотах.

Першыя пажарнікі прыбылі пасьля сёмай вечара, і толькі да паловы другой ночы пажар удалося канчаткова лякалізаваць, а праліваньне пашкоджанай часткі палаца працягвалася да раніцы.

Вінаватыя былі будаўнікі

Прычыны пажару высьветлілі хутка. Вінаватымі прызналі будаўнікоў, якія нядбайна праводзілі тут антыаварыйныя і рэстаўрацыйныя работы.

Рабочыя на гарышчы ў моцны мароз рабілі адагрэў трубаў сыстэмы ацяпленьня паяльнай лямпай. Загарэўся ўцяпляльнік, рабочыя яго залілі вадою і пайшлі. А агонь тлеў далей і разгарэўся пад вечар. Антыпажарнае абсталяваньне ня дзейнічала. Вартаўнік заўважыў агонь, калі гарэў дах на плошчы 500 квадратных мэтраў.

Палац Радзівілаў у Нясьвіжы. Архіўнае фота Сяргея Плыткевіча
Палац Радзівілаў у Нясьвіжы. Архіўнае фота Сяргея Плыткевіча

Страты ад агню і вады

Згарэла каля 600 квадратных мэтраў даху, гарышчаў і 300 мэтраў перакрыцьцяў верхніх паверхаў замка на прасторы ад галоўнага фасаду палаца да гадзіньнікавай вежы. Вежа і сьцены выстаялі, але і ніжнія паверхі былі залітыя вадою, якая стала лёдам.

Лёд быў на паркеце, моцна прамокла вялікая карціна на столі над параднай лесьвічнай пляцоўкай, а таксама ўнікальная спружынная падлога ў танцавальнай залі.

Вада нанесла ня меншы ўрон, чым агонь. Былі зьнішчаныя дах і перакрыцьці галоўнага корпуса палаца і паўднёвай галерэі, ад вады правісла столь у більярднай зал.

Пажарнікі яшчэ некалькі дзён адпампоўвалі ваду, але буйнога ўрону ўдалося пазьбегнуць. Мастацкія каштоўнасьці асабліва не загінулі, бо замак быў разрабаваны і ў ХVI стагодзьдзі, у 1812-м, у 193-м, у 1940-м, у 1945 годзе. А перад рамонтам тут быў санаторый для работнікаў аграрнага комплексу.

Пажарнікі ўратавалі замак. Пацярпела толькі частка яго, яна была адноўленая. Рэканструкцыя завяршылася. У 2005 годзе Нясьвіскі замак Радзівілаў уключылі ў Сьпіс усясьветнай спадчыны UNESCO. Цяпер тут музэй.

Звычайна, калі я прывожу на экскурсіі ў Нясьвіж сваіх замежных гасьцей, то заўсёды ім расказваю, як гарэў замак, наколькі рэальнай была пагроза ягонага зьнішчэньня і як мы з калегамі шукалі «штаб пажаратушэньня».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG