Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трое сутак на Акрэсьціна. Чаму менская блогерка змагаецца з вулічнымі «жабракамі»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Жыхарка Менску, якая выкрывае вулічных ашуканцаў, трое сутак правяла ў турме на Акрэсьціна. Пад псэўданімам Гуліко Махнадзэ яна працягвае выкладаць у сеціва свае відэа пра «жабракоў».

Увечары 7 красавіка Гуліко Махнадзэ (сапраўднае імя яна не раскрывае) вярталася з працы і ўбачыла «жабракоў», якія зьбіралі грошы на пляцоўцы каля Сьвята-Духавай праваслаўнай царквы. Жанчына выклікала міліцыю, аднак затрымалі яе і аднаго з «жабракоў».

«Там заўсёды „фэстываль“, дзяжураць ад 4 да 15 „жабракоў“. Бачу, што ўсе знаёмыя асобы, п’яныя, — расказала жанчына Свабодзе. — Аднаго мужчыну нядаўна перадавала міліцыі. Я патэлефанавала ў дзяжурную частку Цэнтральнага РУУС. Яны затрымалі аднаго мужчыну, а астатніх адпусьцілі. Я пытаюся: а чаму іх адпусьцілі Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што я ім перашкаджаю. Маўляў, людзі просяць міласьціну, а я займаюся „нейкай ерундой“. Сказалі, што мае відэа нікому не патрэбныя».

Гуліко Махнадзэ распавяла, што ў пастарунку на яе склалі пратакол, а потым далі падпісаць.

У пратаколе напісалі, што актывістка «назойліва прыставала да грамадзяніна Аляксандра К. 1961 году нараджэньня, выказвалася ў яго адрас грубай нецэнзурнай лаянкай, хаміла... На заўвагі супакоіцца не рэагавала, чым парушала грамадзкі парадак і спакой грамадзян, праяўляла яўную непавагу да грамадзтва».

Яе зьвінавацілі ў парушэньні адміністрацыйнага артыкула 17.1 (дробнае хуліганства).

«Жанчынам у прыбіральню давалі цэляфанавую ўпакоўку»

10 красавіка справу перадалі ў суд. Гуліко не пагадзілася з пратаколам. У выніку судзьдзя сказала, што матэрыялы справы вяртаюць на дапрацоўку.

«Я пасьпела зьмяніць чатыры камэры. Спачатку зьмясьцілі ў перапоўненую, да алькаголікаў. Нас усяляк зьневажалі. Не было туалетнай паперы, жанчынам давалі цэляфанавую ўпакоўку ад хлеба, хадзілі зь ёй у прыбіральню. Гэта наогул фініш!

Два разы на дзень толькі давалі папіць. У нейкі дзень нават давалі па паўкубка. У мяне было дзікае абязводжваньне арганізму. А вада з крана моцна хляраваная. І жанчынам круціла жываты.

У суд мяне везьлі ў кайданках, рукі за сьпінай. Гэта была проста помста, я так і напісала».

Калі Гуліко прыйшла дадому, то ўбачыла запіску, прымацаваную на дзьвярах. Там быў нумар тэлефона ўчастковага.

«Я зьвярнулася да праваабаронцаў. Яны параілі не тэлефанаваць, калі трэба — вышлюць позву ці самі патэлефануюць. Пакуль са мной ня зьвязваліся. Праваабаронцы склалі скаргу ў пракуратуру, бо наогул не было падстаў мяне затрымліваць. Я мянчанка, у мяне ёсьць праца. Я сто разоў вазіла ім гэтых „жабракоў“ і нідзе не хавалася. У мяне тры працоўныя дні прапалі».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Чаму актывістка змагаецца з «жабракамі»?

Гуліко Махнадзэ больш за 30 гадоў, месца працы і сапраўднага імя яна не называе, каб за яе не хваляваліся бацькі-пэнсіянэры. Змагацца з махлярамі яна пачала ў 2017 годзе з уласнай ініцыятывы.

«Я лічу, што гэта важна, мяркуючы па вар’яцкім росьце колькасьці „жабракоў“ на вуліцах Менску. З гэтым трэба змагацца. Інакш мы хутка ператворымся ў дзяржаву, дзе будуць дзьве катэгорыі: тыя, хто працуе, і тыя, хто просіць грошай. У маіх роліках бачна, што 99% з гэтых людзей могуць працаваць. І проста ня хочуць, ім так прасьцей».

Гуліко пачала здымаць «жабракоў» на відэа, якія выкладвала ў сваім канале на YouTube, а таксама ў сетцы «Ўкантакце» ў групе «Стоп Мошенники! Беларусь​».

«„Жабракі“ зьбіраюць ад балды — хто на зубы, хто на „капсікам“, хто на „меколь“ (лекі ад болю, ад гнойных ран. — РС)... І яны стаяць штодня, гадамі. Часта выкарыстоўваюць інвалідаў для папрашайніцтва. Ёсьць катэгорыя „бухары“, якія зьбіраюць на бутэльку. Гэта бізнэс, які мае свой „дах“.

Я сустракала і бабулю з падробленым пашпартам Расейскай Фэдэрацыі, якая жыве за два дамы ад мяне. І бязногіх, у якіх адрасталі ногі, і „аўганцаў“».

«Да Эўрапейскіх гульняў „жабракоў“ разгоняць»

Паводле Гуліко, міліцыя ставіцца да «жабракоў» па-рознаму: адны імі займаюцца, а іншыя кажуць, што ў іх ёсьць «нармальныя правапарушэньні, а ня гэтыя папрашайкі».

«Яны мне казалі адкрыта, што да Эўрапейскіх гульняў яны разгоняць папрашаек на нейкі месяц. А далей — гэтага не перамагчы.

Проста ў іх няма патрэбнага падыходу. І няма вопыту барацьбы. У выніку яны зразумелі, што калі папрашаек тысячы, а я адна, то прасьцей прэсаваць мяне. Мяне некалькі разоў затрымлівалі.

У Расеі ёсьць цэлыя арганізацыі, якія з гэтым змагаюцца. А ў нас збольшага і падатковай, і Фонду сацыяльнай абароны да лямпачкі. Некаторыя кажуць — маўляў, цяпер у краіне крызіс».

Жабрачка ў Гомлі
Жабрачка ў Гомлі

Ці даваць грошы папрашайкам?

Гуліко кажа, што з-за такіх «жабракоў» зьяўляецца недавер да інстытуту дабрачыннасьці, гэта распаўсюджваецца на дабрачынныя арганізацыі, бо людзі расчароўваюцца і ня хочуць ахвяраваць. Яна раіць не даваць грошай «жабракам» на вуліцы.

«Ну паглядзіце вы на гэтых жабракоў. Гэта, як правіла, людзі працаздольнага ўзросту. У мяне ёсьць некалькі відэа зь ліпавымі інвалідамі. У нас ніколі ня будзе інклюзіі, пакуль будуць сядзець на вуліцах інваліды і выстаўляць адрэзаныя ногі ўсім на агляд і казаць — дай мне, трэба».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Камэнтар у МУС атрымаць не ўдалося

У прэс-службе Міністэрства ўнутраных спраў атрымаць камэнтар адносна стаўленьня да вулічных жабракоў Свабодзе не ўдалося.

Ці можа арганізацыя даць грошы на квіток «жабраку»?

Паводле дырэктаркі Цэнтру прававой трансфармацыі Вольгі Смалянкі, збор ахвяраваньняў на вуліцы заканадаўствам наўпрост не забаронены. Але ёсьць многа нормаў, якія патэнцыйна могуць быць парушаныя.

«Чалавек можа на нешта зьбіраць грошы. Зь іншага боку, можа быць шэраг артыкулаў заканадаўства, якія пры жаданьні маглі быць прымененыя адносна гэтых людзей. Гэта пытаньне складанае».

Напрыклад, гэтыя людзі павінны даваць справаздачу ў падатковую. Потым — ці сапраўдная мэта збору грошай, бо ніхто не адмяняў крымінальны артыкул пра махлярства. Вольга Смалянка згадвае нават, калі такі збор грошай палічылі за пікетаваньне.

«Сёньня ніхто не перашкаджае фізычнай асобе адкрыць дабрачынны рахунак у банку і зьбіраць грошы на любыя мэты. Для гэтага ня трэба нейкіх дадатковых дакумэнтаў».

Таксама чалавек можа зьвярнуцца ў спэцыялізаваную арганізацыю па дапамогу. Але ці ёсьць арганізацыі, якія могуць дапамагчы «жабраку», што зьбірае грошы на квіток?

«Каб была арганізацыя, якая магла б даць грошы на квіток, я нават не магу ўявіць. Але любой арганізацыі трэба мець юрыдычныя падставы, каб выдаць грошы чалавеку. То бок проста зь ніадкуль грошы ня звальваюцца. У арганізацыі грашовыя сродкі мэтавыя, і яна ня можа раздаваць іх направа і налева».

Зьявілася пэтыцыя супраць жабрацтва

На сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў пад пэтыцыяй у Палату прадстаўнікоў. Яе аўтары просяць «прадугледзець варыянты адміністрацыйнай адказнасьці за папрашайніцтва».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Названая дзейнасьць часта, на нашу думку, спалучаецца з бадзяжніцтвам. Нуднае прыставаньне з падобнымі просьбамі зьяўляецца для нас абразьлівым».

Аўтары пэтыцыі просяць таксама прадугледзець адказнасьць для асоб, якія займаюцца жабрацтвам у інтэрнэце — просяць, напрыклад, заплаціць за тэлефон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG