Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Праваслаўнай царквы: «Сытуацыя вакол Курапатаў вельмі непакоіць. Спадзяёмся атрымаць тлумачэньне ўладаў»


Сяргей Лепін, архіўнае фота
Сяргей Лепін, архіўнае фота

Прэсавы сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін у інтэрвію Свабодзе заявіў, што ён зьдзіўлены тым, што Міністэрства культуры Беларусі ня ў курсе таго, што адбываецца ў Курапатах.

​«Мяне сытуацыя вакол Курапатаў і крыжоў вельмі непакоіць. Але давайце дачакаемся афіцыйнага камэнтару Мінкульту, райвыканкаму, прадстаўнікоў уладаў.

Спадзяюся, што гэта адбываецца не дзеля таго, каб пашырыць тэрыторыю рэстарацыі, можа, улады жадаюць паставіць прыгажэйшыя крыжы, маюць пэўныя пляны на рэканструкцыю гэтага мэмарыялу.

Я зьдзіўлены, што ніхто не камэнтуе, што там адбываецца і на падставе якіх дакумэнтаў. Гэта помнік культуры. І ўсё ж я не пакідаю надзею, што гаворка ідзе пра ўдасканаленьне гістарычнага помніка, а не пра яго разбурэньне», — заявіў Свабодзе айцец Сяргей Лепін.

Курапаты

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.

У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.

Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG