Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шарыят — гэта і ёсьць мой фэмінізм». Гісторыі беларусак, якія прынялі іслам

абноўлена

Ці праўдзівы стэрэатып, што ўзорная мусульманка — гэта ціхая, спакойная, пакорная і цярплівая жанчына? Беларускі Раяна Вольга Чарных і Тацяна Фаміна, якія прынялі іслам, расказваюць, зь якімі мітамі наконт ісламу і мусульман ім даводзіцца сутыкацца, а таксама пра тое, як зьмена веравызнаньня зьмяніла іх жыцьцё.

Сьцісла

  • Прымушаць — гэта не пра іслам.
  • Шарыят — гэта першая дэклярацыя правоў жанчын у сьвеце.
  • У ісламе роля жанчыны — вялізарная. Вялізарная павага да жанчыны, у першую чаргу да маці.
  • Я моцна памылялася ў адносінах да ісламу і мусульман. Ня трэба ненавідзець тое, што не разумееш.
  • І калі мы чытаем пра раньнія вясельлі, пра замужжы бяз згоды жанчыны — гэта не пра іслам, гэта пра традыцыі.

«Многія пытаньні, на якія я не магла знайсьці адказу ў хрысьціянстве, мне сталі відавочныя ў ісламе»

Ганна Соўсь: Чаму вы прынялі іслам? Ці гэта быў сьвядомы выбар альбо сямейныя абставіны падштурхнулі прыняць веру мужа? Ці лёгка гэта было зрабіць?

Тацяна Фаміна
Тацяна Фаміна

Тацяна Фаміна: Я прыняла іслам у 2009-м годзе, а замуж выйшла толькі ў 2011-м. У маім атачэньні зьявілася дастаткова шмат мусульман, мне стала цікава, я пачала задаваць пытаньні, мне сталі на іх адказваць. Я пачала знаёміцца з гэтай рэлігіяй, і яна мне стала камфортнай і зразумелай. Многія пытаньні, на якія я не магла знайсьці адказу ў хрысьціянстве, мне сталі відавочныя ў ісламе. Потым быў пэрыяд, калі я вывучала ўсё, што тычыцца жанчыны ў гэтай рэлігіі. Калі я зразумела, што мне вельмі прыемна і камфортна, я зрабіла гэты крок. Мой муж — мусульманін ад нараджэньня. Ён — эгіпцянін, жыве ў Беларусі каля сямі гадоў. Празь сямейныя абставіны яму давялося прыехаць у нашу краіну, хоць спачатку мы плянавалі жыць у Эгіпце.

«У мяне было шмат стэрэатыпаў адносна ісламу, кшталту, што мусульмане забіваюць у імя Бога»

Ганна Соўсь: Вольга, а вы якраз жывяце ў Эгіпце, але ваш муж, наколькі я ведаю, з Мэксыкі. Распавядзіце вашу гісторыю.

Вольга Чарных
Вольга Чарных

Вольга Чарных: Я прыняла іслам у 2010 годзе, а выйшла замуж у 2015 годзе. У мяне было шмат стэрэатыпаў адносна ісламу, кшталту, што мусульмане забіваюць у імя Бога. Пасьля я пачала дасьледаваць тэму інфармацыйных войнаў на прыкладзе інфармацыйных войнаў у Расеі падчас чачэнскай кампаніі. У мяне адкрыліся вочы, наколькі СМІ маніпулююць людзьмі і грамадзкай думкай.

Пачаўшы чытаць ісламскія кнігі — Каран, апісаньне жыцьця прарока Мухамада, жыцьцё спадарожнікаў прарока, гісторыю распаўсюджваньня ісламу, гісторыю Залатога халіфату, я зразумела, што вельмі лёгка кіраваць людзьмі і іх страхамі. Калі чалавек баіцца, яму можна ўкласьці ў галаву ўсё, што заўгодна. А напужаць чалавека насамрэч вельмі лёгка: тэрактамі, мусульманамі, глябалістамі, антыглябалістамі, чым заўгодна. Проста іслам упаў на вельмі спрыяльную глебу, і цяпер мы маем тое, што маем, на жаль.

«Я стала больш міралюбна ставіцца да людзей, бо іслам — гэта рэлігія менавіта міру»

Ганна Соўсь: Што зьмяніла ў вашым жыцьці зьмена веравызнаньня? На што вы сталі глядзець інакш, што сталі рабіць інакш? Чым узбагаціў вас іслам?

Тацяна Фаміна: Іслам — тая рэлігія, якая абуджае ў чалавеку адказнасьць за яго жыцьцё і жыцьцё людзей, якія яго атачаюць. Я стала больш уважліва ставіцца да людзей, нават сказала б, больш міралюбна, бо іслам — гэта рэлігія менавіта міру. Мне стала ня ўсё роўна, што адбываецца вакол мяне, маёй сям’і. Я адчуваю за гэта адказнасьць. Асноўнае, што я бачу ў гэтай рэлігіі — сямейныя каштоўнасьці, адказнасьць за сваё здароўе, за здароўе сваіх блізкіх. Я спачатку таксама трохі з боязьзю глядзела, наколькі сапраўдная рэлігія адпавядае прапагандзе, якая ідзе па тэлебачаньні. І я зразумела, што гэта абсалютна розныя рэчы, што гэта проста сродак маніпуляцыі. Дзякуючы гэтай рэлігіі, прыходзіць нейкі ўнутраны мір, унутраны супакой. Я спакойная за сваю сям’ю, я спакойная за свае адносіны ў сям’і. Мне камфортна.

Ганна Соўсь: На якой мове вы чыталі Каран? Можа, вы вывучылі мову дзеля таго, каб глыбей яго вывучыць?

Тацяна Фаміна: Каран напісаны на арабскай мове, і ў мяне яшчэ доўгі шлях да яе засваеньня. Пакуль я чытала ў перакладзе. Мне многа тлумачыў муж, які вельмі добра ведае Каран. Ён адказваў на пытаньні, калі нешта было незразумела. Я чытала некалькі крыніцаў — пераклады сэнсаў Карану, хадзісы, суны. Асноўныя слупы веры і правілы сьледаваньня ў Каране я ведаю.

«Не трэба ненавідзець тое, што не разумееш»

Вольга Чарных: У Каране сказана, што мы даслалі вам слова Бога на зразумелай арабскай мове. Чаму на зразумелай? Таму што арабская мова не зьмянялася шмат тысячагодзьдзяў. Каран напісаны па-арабску дзеля таго, каб нельга было яго перакладаць і зьмяняць сэнс таго, што там напісана. Таму чытаюць Каран у арыгінале выключна на клясычнай арабскай мове, так званай фусха. Што тычыцца перакладаў на іншыя мовы, то я заклікаю ўсіх чытаць кананічныя пераклады, якія былі прынятыя Ўсеагульнай ісламскай фэдэрацыяй навукоўцаў. У расейскім перакладзе іх усяго пяць, адзін зь іх ня проста перакладае сэнсы Карану, але і тлумачыць, аб чым ідзе гаворка. Гэта пераклад Аль-Азхара, я чытала яго на гэтым сайце.

​Я яшчэ не чытала Каран у арыгінале, бо майго веданьня мовы не дастаткова для гэтага. У жыцьці я чую і карыстаюся эгіпэцкім дыялектам арабскай мовы, то бок з фусха ў мяне стасункі ня вельмі. Што тычыцца чытаньня і разуменьня Карану, то яго лепш чытаць на сваёй роднай мове. Ня толькі Каран зьяўляецца крыніцай ведаў для мусульман, але і жыцьцё прарока Мухамада, хадзісы — казаньні пра жыцьцё і дзеяньні апосталаў.

Маё жыцьцё зьмянілася радыкальна, таму што я стала глядзець на рэчы больш шырока і старацца глыбей дасьледаваць падзеі, гісторыі, сытуацыі. Я вельмі моцна памылялася ў адносінах да ісламу і грамадзтва мусульман. Ёсьць цудоўная фраза па-ангельску: don’t hate what you don’t understand. Ня трэба ненавідзець тое, што ты не разумееш — зразумей гэта спачатку і тады можна рабіць высновы, а ня проста насьледаваць чыйсьці меркаваньні.

Якая роля жанчыны ў ісламе

Ганна Соўсь: Мой сябар, калега з таджыцкай службы Свабоды неяк прызнаўся, што ў ягонай сям’і, як і ў вельмі многіх на ягонай радзіме — сапраўдны матрыярхат. Практычна ўсе вырашае маці, яе меркаваньне практычна галоўнае пры прыняцьці ўсіх рашэньняў у сямʼі. І паводле яго, людзі, якія ня ведаюць, як арганізаваная мусульманская сямʼя, часта памылкова гавораць пра прыгнечаны стан жанчын у ісламе. Ці праўдзівы стэрэатып, што ўзорная мусульманка — гэта ціхая, спакойная, пакорная і цярплівая жанчына? Якая роля жанчыны ў ісламе?

Тацяна Фаміна: Такі стэрэатып мае месца. Гэта зручны стэрэатып для таго, каб падтрымліваць нэгатыўную размову пра іслам. Насамрэч роля жанчыны — вялізарная ў ісламе, прасочваецца вялізарная павага да жанчыны, у першую чаргу да маці. У ісламе ёсьць фраза, што рай ляжыць ля ног маці, то бок павага да маці прывядзе цябе да раю. У ісламе вельмі многа надаецца ўвагі бясьпецы жанчыны, хоць у нас прывыклі гэта ўсё пераварочваць — і наконт мнагажонства, і таго, што муж галоўны ў сям’і...

У нашай вялікай эгіпэцкай сям’і бяз мамінага рашэньня і меркаваньня наўрад ці нешта адбудзецца. У нашай сям’і ўсё пабудавана на павазе. Муж заўсёды разумее і ўсьведамляе, што жонка — гэта першы чалавек, першы сябар побач зь ім, і што мы ідзем зь ім у адным накірунку. Нашыя адносіны напоўненыя павагай і каханьнем, кіруемся аднымі прынцыпамі, і я адчуваю сябе ў бясьпецы.

«Шарыят — гэта была першая дэклярацыя правоў жанчын на сьвеце»

Вольга Чарных: Мы гаворым пра рэлігію, пра іслам, а не пра традыцыі і сытуацыю ў асобна ўзятых краінах. Што да ісламу, то шарыят — гэта была першая дэклярацыя правоў жанчын у сьвеце. І ў Каране, і ў хадзісах было сказана вельмі шмат рэчаў у абарону правоў жанчын. На Блізкім Усходзе было прынята першую дзяўчынку аддаваць у сям’ю родзічаў, каб першым быў хлопчык. Не забівалі брутальна, як пра гэта пішацца ў інтэрнэце, але аддавалі дзяўчынку, таму што трэба было, каб першым быў хлопчык. І да дзяўчынак у блізкаўсходнім грамадзтве ставіліся ня вельмі. Яны ня мелі права голасу, права на спадчыну па мужу ці па дзецях ці нават па бацьках.

Калі прарок Мухамад пачаў сваю дзейнасьць, то найперш ён сказаў: стаўцеся добра да сваіх жонак. Ён сказаў, што чалавек, які вырасьціў і выгадаваў трох дзяўчынак, увойдзе ў рай першым. Ён сказаў, што жонка мусіць валодаць ведамі, таму што яна выхоўвае дзяцей. Ён сказаў, каб не забаранялі жонкам хадзіць у мячэці, каб яны маглі адчуваць сябе часткай грамадзтва. Ён сказаў, што жанчына — гэта галоўная вартасьць у жыцьці кожнага мусульманіна, таму што яна — маці, жонка, таму што яна тая, хто ўвядзе цябе ў рай. Гэта кажа пра тое, што становішча жанчын у ісламе, у ісламскім грамадзтве вельмі важнае. Колькі жонак прарока Мухамада працавалі, займаліся грамадзкай дзейнасьцю. Яго старэйшая жонка Хадзіджа была бізнэс-вумэн, малодшая жонка Айша была крыніцай вялікай колькасьці хадзісаў, апісаньняў жыцьця ці законаў ісламскіх. Жанчына ў ісламе ёсьць вартасьць!

Што да Блізкага Усходу і стэрэатыпаў пра жонак, то трэба зразумець, што ў некаторых краінах, на жаль, традыцыі выходзяць на першы плян, яны становяцца больш важнымі, чым рэлігія. Напрыклад, жаночае абразаньне, якое дагэтуль практыкуецца ў Эгіпце. Хаця яно забароненае заканадаўча, перасьледуецца па законе Крымінальным кодэксам, усё роўна яго робяць дзесьці ў вёсках. Яно практыкавалася шмат тысяч гадоў па ўсім сьвеце, ня толькі на Блізкім Усходзе, але і ў Лацінскай Амэрыцы, і ў Сярэдняй Афрыцы...

«І калі мы чытаем пра замужжы бяз згоды жанчыны, гэта не пра іслам, гэта пра традыцыі»

Ганна Соўсь: Гэта хутчэй паганская традыцыя.

Вольга Чарных: Гэта менавіта паганская традыцыя, якая была скіраваная на тое, каб падавіць волю жанчыны, падпарадкаваць яе. Ёсьць хадзіс, у якім, калі прарок Мухамад прыехаў у Мэкку і пабачыў жанчыну, якой рабілі абразаньне, ён сказаў: не калеч жанчыну! Калі ты гэта робіш, рабі акуратна, часьцінку. Зараз называецца клітараплястыка, якую робяць жанчыны ва ўсім цывілізаваным сьвеце, каб атрымліваць больш асалоды ад інтымных стасункаў. Ён сказаў, што ты ня маеш права калечыць жанчыну, таму што разумеў, што адцінаньне часьцінак жаночага арганізму калечыць жанчыну, пазбаўляе асалоды ад інтымнага жыцьця з мужам. Сэкс паміж мужам і жонкай — гэта тое, што патрабуе іслам ад мужа і жонкі — задаволіць адзін аднаго.

Прарок Мухамад сказаў, ня можа дзяўчына выйсьці замуж за чалавека, якога яна ня ведае! Маладыя мусяць пазнаёміцца, каб між імі зьявілася пачуцьце. Няхай гэта будзе не каханьне, таму што немагчыма кахаць чалавека, якога ты ня ведаеш — але сымпатыя, павага, так? Галоўнай умовай заключэньня шлюбу зьяўляецца згода абодвух маладых. І калі мы чытаем ці чуем пра раньнія вясельлі, калі дзяўчынак выдаюць замуж у 11-12 гадоў, пра замужжы бяз згоды жанчыны — гэта не пра іслам, гэта пра традыцыі. І мы, мусульмане, кажам пра гэта. Толькі нас ня чуюць!

Дыскусія пра іслам у Эўропе (частка 1)
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:53:47 0:00

Ці існуе ісламскі фэмінізм

Ганна Соўсь: Што вы думаеце пра такую зьяву, як ісламскі фэмінізм, змаганьне мусульманскіх жанчын за свае правы?

Тацяна Фаміна: Я сказу з пункту гледжаньня псыхоляга. Калі пачынаецца адстойваньне нейкіх правоў, гэта хутчэй кажа не пра рэлігію... Ёсьць паняцьце «калектыўнае несьвядомае», калі зьяўляецца нейкая размова, якая як вірус захоплівае, і вельмі часта людзі нават неабдумана, тыя ж жанчыны, пачынаюць адстойваць тое, што ў іх ужо ёсьць. І гэтая размова падтрымліваецца масамі, становіцца мэтай жыцьця. Што тычыцца фэмінізму, я ня бачу падставаў у ісламе жанчынам адстойваць гэта, таму што вельмі многія рэчы — дзеля бясьпекі і волевыяўленьня жанчыны. Гэта глупства — адстойваць тое, што ўжо ёсьць апрыёры.

Ёсьць павага, ёсьць любоў, ёсьць права выказаць сваё меркаваньне, на якое абапіраецца твая сям’я, твой муж у першую чаргу, ёсьць твая пазыцыя ў грамадзтве, няхай яна не настолькі адкрытая. У ісламе жанчыны не такія актыўныя, як мужчыны і ня пазыцыянуюцца на вядучыя ролі. Вельмі часта мужы абмяжоўваюць, напрыклад, прапаноўваюць жанчынам ня быць вельмі актыўнымі дзеля таго, у першую чаргу, каб яны не атрымалі нэгатыўныя пасылы.

«Пасьля таго, як я прыняла іслам, я крыху скарэктавала сваю прафэсійную дзейнасьць. Я працую толькі з жанчынамі»

Ганна Соўсь: Тацяна, вы працуеце. Ці вы неяк абмежавалі сваю дзейнасьць, актыўнасьць у сувязі з тым, што вы мусульманка?

Тацяна Фаміна: Пасьля таго, як я прыняла іслам, я крыху скарэктавала сваю прафэсійную дзейнасьць. Я працую толькі з жанчынамі, і мне ад гэтага камфортна, камфортна маёй сям’і. Ёсьць пэўныя абмежаваньні. У маёй прасторы мне камфортна з жанчынамі. З мужчынамі я камунікую па меры неабходнасьці ў сваёй прафэсійнай дзейнасьці, але актыўна ў мужчынскі сьвет я не імкнуся. Я — псыхоляг, мая спэцыялізацыя — сямейныя зносіны. Гэта тое, што падтрымлівае іслам, сямʼя — гэта і ёсьць адна з самых вялікія каштоўнасьцей у нашым жыцьці. Так ці інакш іслам наклаў адбітак на маю прафэсійную дзейнасьць. Я б сказала, што ён дадаў смаку і тонкасьці ў маёй працы, адчувальнасьці ў адносінах да людзей.

«Шарыят — гэта і ёсьць мой фэмінізм, дэклярацыя маіх правоў»

Ганна Соўсь: Вольга, а як вы ставіцеся да ісламскага фэмінізму, да таго, што ёсьць ісламскія фэміністкі, якія змагаюцца за тое, каб жанчыны мелі больш правоў?

Вольга Чарных: Куды ўжо больш правоў? Я лічу сябе самадастатковай жанчынай, таму я лічу, што шарыят — гэта і ёсьць мой фэмінізм, дэклярацыя маіх правоў. Хочаш хадзіць у офіс і працаваць там поўны дзень? Дзеля Бога, працуй. Хочаш сядзець дома, як я зараз, і працаваць дома, займацца тым, што табе падабаецца — займайся. Чаму? Таму што твой муж мусіць забясьпечыць цябе ўсім, што табе неабходна. Зараз можна сказаць, як гэта так, я абмяжоўваю ў сваіх правах мужа! — Не. Проста іслам дае людзям разуменьне, хто і дзе за што адказвае. Я адказваю за сваіх дзяцей, іх адукацыю, іх разьвіцьцё, іх шчасьце, іх фізычны і маральны камфорт. А мой муж адказвае за бытавы бок нашага жыцьця — зарабіць грошы, аплаціць кватэру і г. д.

«Пра майго мужа многія ў сацыяльных сетках думаюць, што ён радыкальны экстрэміст»

Ганна Соўсь: Нядаўна быў выпадак, калі праваабаронцу з Ірану прысудзілі да вельмі жорсткага пакараньня за тое, што яна была з непакрытай галавой. Я так разумею, што шарыят у розных краінах мае рознае прымяненьне і рознае ўжываньне?

Вольга Чарных: Алах нам кажа, што ён нам даў закон. Але пры гэтым Алах даў нам волю, то бок мы можам выконваць, а можам не выконваць закон. Што тычыцца хіджабу, то для мяне як мусульманкі, якая спавядае іслам па сваёй волі, гэта варʼяцтва. Алах у Каране нам кажа: няма прымусу ў рэлігіі. Пра майго мужа многія ў сацыяльных сетках думаюць, што ён радыкальны экстрэміст, бо ў яго барада і іншыя атрыбуты радыкальных мусульман. Але ягоная сястра ня носіць хіджаб. Пасьля публікацыі нашых агульных фотаздымкаў у сацсетках многія пыталіся: «Як гэта так, твой муж яе не прымусіць?» А чаму ён мусіць яе прымушаць? Каб яна ненавідзела хіджаб, каб яна ненавідзела майго мужа, каб яна ненавідзела іслам?

Калі яна не адчувае ў гэтым патрэбы, не адчувае важнасьць гэтага, яна будзе адказваць сама за сябе. Яе бацька таксама будзе адказваць за яе, бо ён не навучыў, не паказаў прыклад, але прымушаць — гэта не пра іслам. Калі мне прыводзяць у прыклад Саудаўскую Арабію ці Іран, у якіх ёсьць дастаткова суровыя законы, і кажуць, вось ён, ваш шарыят, людзі не разумеюць, што закон, які базуецца на шарыяце, і шарыят у базе закону — гэта розныя рэчы. У Эгіпце палова законаў узятыя з шарыяту, палова — з францускага права, з ангельскага права, і некаторыя законы супярэчаць адзін аднаму, напрыклад права разводу. Ні ў Саудаўскай Арабіі, ні ў Іране, ні ў Іраку, ні ў Арабскіх Эміратах няма шарыяту на падставе закону.

Дыскусія пра іслам у Эўропе (частка 2)
пачакайце

No media source currently available

0:00 1:01:54 0:00

«Усім людзям жадаю мець больш эмпатыі. І мусульманам у тым ліку»

Ганна Соўсь: Што з дачыненьняў паміж мусульманамі варта бы пераняць беларусам?

Тацяна Фаміна: Найперш мірнае стаўленьне адзін да аднаго — глядзець з любоўю, зь мірам і прымаць кожнага як з адной вялікай сям’і. Нездарма мы ў ісламе зьвяртаемся адзін да аднаго «брат і сястра». Ад пачатку такое адзінства прыняць, не процістаяньне адзін аднаму, а менавіта адзінства, аб’яднаньне. Я лічу, што сямейная каштоўнасьць і каштоўнасьць адзін аднаго ў сям’і — гэта тое, чаго не хапае нашаму беларускаму грамадзтву, хрысьціянскаму грамадзтву, каб бачыць адзін у адным часьцінку Бога.

Вольга Чарных: Ня толькі беларусам, увогуле ўсім людзям жадаю мець больш эмпатыі. І мусульманам у тым ліку. Эмпатыя — той рэсурс эмацыйны, якога вельмі часта не хапае. Разумець адзін аднаго, любіць адзін аднаго, незалежна ад таго, згодны ты зь яго меркаваньнем ці не. І гэта тое, чаму нас вучыць іслам, чаму нас вучыў прарок Мухамад, чаму нас вучыць наша сьвятая кніга.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG