Калі адбудзецца выхад Брытаніі з Эўрапейскага зьвязу? І ці адбудзецца ён наогул?
Саміт Эўразьвязу ў Брусэлі напярэдадні прапанаваў некалькі варыянтаў адказаў на гэтыя пытаньні, але ніводзін зь іх не зьяўляецца канчатковым.
Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй ехала ў Брусэль з просьбай адтэрмінаваць Брэксыт з 29 сакавіка на 30 чэрвеня сёлета. Лідэры краін ЭЗ, аднак, вырашылі па-свайму, назваўшы іншыя магчымыя новыя даты Брэксыту: 12 красавіка і 22 траўня. Паспрабуем разабрацца, што гэта азначае і як можа скончыцца.
- Ключавой датай на найбліжэйшыя дні ўсё роўна застаецца 29 сакавіка, пятніца на наступным тыдні. Менавіта ў гэты дзень, згодна зь дзеючым цяпер брытанскім законам, краіна павінна пакінуць ЭЗ. Лідэры Эўразьвязу напярэдадні пастанавілі, што калі брытанскі парлямэнт да гэтай дата зможа ўхваліць пагадненьне аб выхадзе Брытаніі з ЭЗ, то дата Брэксыту аўтаматычна будзе перанесеная на 22 траўня. Гэты дзень абраны таму, што 23 траўня пачынаюцца выбары новага скліканьня Эўрапарлямэнту, і Брытанія павінна або пакінуць ЭЗ да гэтай даты, абл ўдзельнічаць у гэтых выбарах: трэцяга ня дадзена.
- Мяркуецца, што ў выпадку прыняцьця пагадненьня за два месяцы, што засталіся, брытанскі парлямэнт зможа прыняць усе неабходныя для выхаду з ЭЗ акты. Менавіта для гэтага Мэй афіцыйна і прасіла адтэрміноўку.
- Праблема ў тым, што брытанскі парлямэнт ужо двойчы адхіліў той самы праект пагадненьня, прыняцьця якога ў ЭЗ чакаюць да 29 сакавіка. І большасьць камэнтатараў скептычна ставяцца да яго шанцаў быць прынятым пры трэцім галасаваньні, ня кажучы пра тое, што ён наогул можа быць ня вынесены на галасаваньне з прычыны пазыцыі сьпікера Палаты абшчын. Так, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон ацаніў яго шанцы на 5 працэнтаў, а кіраўнік Эўракамісіі Дональд Туск і гэтую ацэнку назваў аптымістычнай. Наўрад ці павялічыла шанцы на яго прыняцьце і выступленьне Мэй увечары ў сераду, у якім яна абрынулася на дэпутатаў з крытыкай. У чацьвер прэм’ер фактычна паспрабавала ўзяць свае словы назад, але ня ясна, наколькі гэта дапаможа.
- Калі парлямэнт ня прыме пагадненьня, у гульню ўступае іншая дата — 12 красавіка. Да яе Брытаніі павінна ці пакінуць ЭЗ «бязь зьдзелкі», ці прадставіць «плян Б» — гэта значыць нейкія альтэрнатывы выхаду без пагадненьня і адрынутаму пагадненьню. Прычым гэты плян у любым выпадку павінен прадугледжваць ўдзел Брытаніі ў выбарах у Эўрапарлямэнт сёлета.
- Якім можа быць «план Б»? Гэта можа быць або просьба адтэрмінаваць Брэксыт на працяглы тэрмін (пры ўмове правядзеньня выбараў у Эўрапарлямэнт на брытанскай тэрыторыі і, відавочна, іншых істотных саступак з боку Брытаніі — напрыклад, згоды на сяброўства ў мытным зьвязе) або наогул адмова ад Брэксыту, гэта значыць адмена закону аб выхадзе Брытаніі з ЭЗ.
- Многія апазыцыйныя палітыкі ў Брытаніі выступаюць за паўторны рэфэрэндум аб Брэксыце. Аднак прапанаваны ЭЗ каляндар, выглядае, не дазваляе пасьпець яго правесьці. Хіба што правядзеньне такога рэфэрэндуму стане часткай «Пляну Б».
- Праблема ў тым, што Тэрэза Мэй дала зразумець, што яна супраць як правядзеньня выбараў у Эўрапарлямэнт, так і тым больш адмовы ад Брэксыту, якая, на яе думку, парушыць выказаную на рэфэрэндуме волю выбаршчыкаў. Як адзначаюць многія камэнтатары, для прэм’ера «Плянам Б» фактычна становіцца выхад Брытаніі з ЭЗ «бязь зьдзелкі» — відавочна, на дадзены момант гаворка ідзе пра 12 красавіка.
- Брытанскі парлямэнт ужо двойчы галасаваў супраць выхаду з ЭЗ «бязь зьдзелкі». Гэтыя рэзалюцыі, аднак, ня маюць сілы закону. Каб рэальна заблякаваць такую магчымасьць, парлямэнт павінен унесьці папраўкі ў дзеючы закон, а гэта вельмі складана зрабіць супраць волі кабінэту міністраў. У любым выпадку, для гэтага ў Палаце абшчын павінна сфармавацца нейкая ўстойлівае большасьць для альтэрнатыўнага рашэньня, а такой большасьці пакуль няма.
- Відавочна, што наступны тыдзень шмат у чым стане вырашальнай для лёсу Брэксыту.