Брытанскі парлямэнт прагаласаваў супраць выхаду з Эўразьвязу без пагадненьня з ЭЗ. За выхад без пагадненьня прагаласавалі 308 дэпутатаў, супраць — 312.
Рашэньне выйсьці з Эўразьвязу прынялі на рэфэрэндуме ў Брытаніі o 2016 годзе, датай Брэксыту прызначылі 29 сакавіка 2019 году. Пагадненьне з ЭЗ аб умовах такога выхаду ўрад Тэрэзы Мэй распрацоўваў амаль два гады, аднак напярэдадні яно было паўторна адпрэчана парлямэнтам.
У чацьвер Палата абшчын павінна правесьці яшчэ адно галасаваньне — аб пераносе тэрміну Брексыту на больш позьні тэрмін. Прадстаўнікі ЭЗ, аднак, кажуць, што Лёндан павінен даць сур’ёзнае абгрунтаваньне для такога пераносу і выразны плян дзеяньняў. У канцы траўня адбудуцца выбары ў Эўрапарлямэнт, і ўдзел у іх Вялікабрытаніі створыць складаную юрыдычную калізію.
Крыніцы Бі-бі-сі ў Кансэрватыўнай партыі ня выключаюць, што ўрад Мэй, папрасіўшы Эўразьвяз пра адтэрміноўку, зноў вынесе на галасаваньне ўсё той жа праект пагадненьня аб выхадзе, у надзеі, што патрэбная колькасьць дэпутатаў зьменіць сваё меркаваньне. У якасьці альтэрнатыўных варыянтаў брытанскія СМІ называюць датэрміновыя выбары ці добраахвотную адстаўку Тэрэзы Мэй і фармаваньне новага ўраду.
Паводле дадзеных сацыялягічнай кампаніі YouGov, 49 працэнтаў брытанцаў лічаць, што выхад краіны з Эўразьвязу трэба перанесьці з 29 сакавіка на больш позьні тэрмін. Супраць — 34 адсоткі. Астатнія апытаныя ня маюць цьвёрдага меркаваньня. Выхад без пагадненьня з Эўразьвязам падтрымліваюць толькі 20 працэнтаў рэспандэнтаў.
Напярэдадні кансэрватар Чарлз Уолкер заявіў Бі-бі-сі, што ў Вялікабрытаніі павінны быць абвешчаныя датэрміновыя выбары, у выпадку правалу пляну Мэй. «Гэта шанец атрымаць дзеяздольны парлямэнт. Далей так працягвацца не можа», — заявіў ён.
Эўрапейскія палітыкі заяўляюць, што больш не будуць весьці з Брытаніяй перамоваў пра зьмены ў пагадненьні пра Брэксыт. Аднак у Вялікабрытаніі застаецца магчымасьць адклікаць сваю заяўку аб выхадзе (супраць чаго выступае вялікая частка парлямэнту і ўрад).