Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз гатовы зьмяніць палітычную дэклярацыю аб Брэксыце, але не дамову


Тэрэза Мэй і Жан-Клёд Юнкер. 7 лютага 2019 году.
Тэрэза Мэй і Жан-Клёд Юнкер. 7 лютага 2019 году.

Эўрапейскі Зьвяз і Вялікабрытанія працягнуць перамовы ў справе выхаду Брытаніі з ЭЗ, але Брусэль адхіляе магчымасьць унясеньня зьменаў у раней ўзгоднены тэкст пагадненьня аб Брэксыце.

Пра гэта гаворыцца ў заяве па выніках сёньняшняй сустрэчы прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй і кіраўніка Эўракамісіі Жана-Клёда Юнкера ў Брусэлі.

Пры гэтым Юнкер падкрэсьліў, што можа быць зьменены тэкст палітычнай дэклярацыі, якая суправаджае пагадненьне, калі такія зьмены будуць спрыяць таму, каб брытанскі парлямэнт ухваліў дамову аб Брексыце.

Раней Палата грамадаў выказала гатоўнасьць зрабіць гэта пры ўмове, што Мэй зможа зьмяніць дамоўленасьці ў пытаньні аб мяжы паміж Паўночнай Ірляндыяй і Ірляндзкай рэспублікай. Няясна, ці зможа задаволіць брытанскіх дэпутатаў патэнцыйныя зьмены ў палітычнай дэклярацыі, а не ў самой дамове.

На 14 лютага ў брытанскім парлямэнце намечана чарговае галасаваньне па пытаньні аб Брэксыце. Пакуль у кабінэта Мэй няма большасьці для таго, каб ўхваліць пагадненьне з ЭЗ.

Лідэр апазыцыйных лейбарыстаў Джэрэмі Корбін напярэдадні накіраваў Мэй ліст, у якім паабяцаў падтрымаць урад па пытаньні аб Брэксыце, калі ён паабяцае захаваць сяброўства Брытаніі ў мытным саюзе з ЭЗ і выканае яшчэ шэраг умоў.

Выхад Брытаніі з Эўразьвязу намечаны на 29 сакавіка. Няясна, як ён будзе аформлены, калі да гэтага моманту пагадненьне аб Брэксыце ня будзе ўхвалена брытанскім парлямэнтам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG