Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёндан і Брусэль дамовіліся зьмяніць умовы Брэксыту


Прэм’ер-міністарка Брытаніі Тэрэза Мэй і кіраўнік Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер
Прэм’ер-міністарка Брытаніі Тэрэза Мэй і кіраўнік Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер

Вялікабрытанія і Эўрапейскі зьвяз дасягнулі кампрамісу на дадатковых перамовах пра пагадненьне наконт выхаду Брытаніі з ЭЗ. На сустрэчы брытанскай прэм’ер-міністаркі Тэрэзы Мэй з кіраўніком Эўракамісіі Жан-Клёдам Юнкерам і кіраўніком дэлегацыі ЭЗ на перамовах Мішэлем Барні ў Страсбуры былі ўзгоднены «юрыдычна абавязковыя зьмены» ў пагадненьні пра Брэксыт.

У прыватнасьці, Лёндан і Брусэль дамовіліся пра адсутнасьць кантролю на мяжы паміж Паўночнай Ірляндыяй, якая ўваходзіць у склад Вялікабрытаніі, і Ірляндыяй у складзе Эўразьвязу. Новае пагадненьне па гэтым пытаньні павінна быць заключана да сьнежня 2020 году.

Юнкер пацьвердзіў дасягненьне дамоўленасьці зь Лёнданам. Аб гэтым кіраўнік Эўракамісіі напісаў у твітэры.

Юнкер падкрэсьліў, што ўзгодненыя дапаўненьні да дамовы пра Брексыт зьяўляюцца самай апошняй прапановай з боку Эўразьвязу. «Трэцяга шанцу не будзе», — сказаў кіраўнік Эўракамісіі. «Выбар просты: альбо гэтая ўгода, альбо Брэксыт можа ўвогуле не адбыцца», — заявіў Юнкер.

Дасягнутыя ў Страсбуры пагадненьні сёньня будуць вынесены на галасаваньне ў брытанскім парлямэнце. Раней Мэй абяцала парлямэнту, што ў выпадку, калі праект пагадненьня будзе адхілены, яна на гэтым жа тыдні прапануе дэпутатам выбраць паміж выхадам з Эўразьвязу 29 сакавіка ўвогуле без пагадненьня альбо пераносам даты Брэксыту на канец чэрвеня, каб выйграць час. Ніводны з гэтых варыянтаў, на думку прэм’ер-міністаркі, не зьяўляецца аптымальным.

Дата выхаду Брытаніі з ЕС — 29 сакавіка — цяпер вызначаная законам. Апазыцыя ў парлямэнце, у тым ліку яе вядучая сіла — лейбарысты — выступаюць за паўторны рэфэрэндум па Брэксыце. Частка ж кіруючых кансэрватараў, якія выступаюць за Брэксыт, не жадае галасаваць за праект пагадненьня з ЭЗ, лічачы яго нявыгадным для Брытаніі. Раней парлямэнт даручыў Мэй дамагчыся ад ЭЗ саступак прынамсі ў пытаньні аб мяжы з Ірляндыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG