Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранца, які мае сям’ю ў Беларусі, высылаюць на радзіму, дзе яму пагражае сьмяротнае пакараньне


Мэхрдад Джамшыдыян, 2015 год

Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі прыняў рашэньне на запыт іранскіх уладаў дэпартаваць Мэхрдада Джамшыдыяна на радзіму, дзе бацьку траіх дзяцей зь беларускімі пашпартамі пагражае сьмяротнае пакараньне. Працэс дэпартацыі і яе абскарджваньня цягнецца сёмы год.

«Гэта катастрофа, якая можа пачацца праз 5 дзён»

Дыяна і Катрын — дочкі Мэхрдада Джамшыдыяна — сустрэліся з карэспандэнтам Свабоды, каб распавесьці пра апошняе рашэньне дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС што да іхнага бацькі.

«Начальнік дэпартамэнту Аляксей Бягун сказаў нам, што ўсё: прынята рашэньне аб дэпартацыі. Для нас гэта жах і катастрофа, якая можа пачацца ужо праз 5 дзён», — кажа Дыяна.

Другая дачка Катрын са сьлязьмі на вачах дадае:

«Нас шмат часу абнадзейвалі, казалі, што бацьку могуць выслаць проста ў трэцюю краіну, але цяпер спасылаюцца на паперы, што прыйшлі з Ірану, і кажуць, што вырашана дэпартаваць. Але куды? У Іран, дзе яго чакае сьмяротнае пакараньне за тое, чаго ён не рабіў і ня мог зрабіць. Улады Ірану проста помсьцяць яму за тое, што адрокся ад ісламу на карысьць праваслаўя. І для нас вельмі крыўдна, што наша родная краіна, Беларусь, стала ў гэтым пытаньні аб лёсе чалавека і ягонай сям’і на бок Ірану».

За што пагражае сьмяротная кара?

Свабода раней апавядала пра лёс іранца, які ўцёк з радзімы ад ціску з палітычных прычын, пабраўся ў Беларусі шлюбам зь беларускай Аленай, мае зь ёю трох дзяцей, перайшоў у хрысьціянства, добра працаваў, але апынуўся за кратамі з пагрозай дэпартацыі.

У 2012 годзе беларускія ўлады атрымалі з Ірану патрабаваньне прымусова выслаць туды Мэхрдада Джамшыдыяна. Прычына — абвінавачаньне ў датычнасці да забойства роднай маці і брата, а таксама вераадступніцтва, што паводле іранскіх законаў лічыцца крымінальным злачынствам і караецца.

Сам Мэхрдад Джамшыдыян усе абвінавачаньні рашуча зьняпраўджвае. Ён даводзіць, што падчас трагедыі ў сям’і знаходзіўся за мяжой, гэта пацьверджана дакумэнтальна ў ягоным іранскім пашпарце. Брат Мэхрдада і ягоная пляменьніца, дачка другога брата, які загінуў, пісьмова паведамілі ўладам Беларусі, што Мэхрдад Джамшыдыян ня можа мець дачыненьня да забойства. Але Іран настойвае на сваім.

Надзея на чалавечнасьць беларускага суду

«У аддзеле грамадзянства і міграцыі Маскоўскага раёну Менску нам сказалі, што маем 5 дзён на абскарджаньне рашэньня аб дэпартацыі бацькі праз суд. Вядома, будзем падаваць скаргу. У аддзеле нам шчыра спачувалі, але сказалі, што мусяць выконваць рашэньне. Цяпер у нас апошняя надзея — на чалавечнасьць беларускага суду. Бо Беларусь усё ж эўрапейская краіна, дзе мусяць паважаць правы людзей і не аддаваць чалавека на пагібель», — сказала Дыяна.

Цяжка захварэла жонка Мэхрдада

Дыяна працуе ў Менску ў адным з гандлёвых цэнтраў. Яе старэйшая сястра Катрын — жаночы майстар ў цырульні, ужо мае сваю сям’ю. У сясьцёр ёсьць яшчэ брат Міша, які вучыцца і працуе ў Менску, зьбіраецца жаніцца. Юнак змагаецца зь цяжкай хваробай, але не здаецца. Некалькі гадоў таму па сям’і ўдарыла яшчэ адно гора: цяжка захварэла жонка Мэхрдада Алена. Цяпер у яе вельмі складаны пэрыяд: прайшла хіміятэрапію, а тут — новыя праблемы з дэпартацыяй мужа. Паводле Дыяны, «раней бацька яе ўвесь час маральна і фізычна падтрымліваў, цяпер самому патрэбная дапамога».

Катрын апавяла, як сядзіцца бацьку ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.

«Трымаюць там ужо 9 месяцаў. За гэты час — ніводнага спатканьня з маці і з намі. Прасілі, пісалі заяву, каб ім далі магчымасьць хоць коратка ўбачыцца, бо мала што можа адбыцца, — не даюць. З бацькам бачыцца толькі адвакат. Кажа, той схуднеў, увесь час ходзіць па камэры, чытае Біблію. Спадзяецца на Бога, а на каго яму яшчэ спадзявацца? Але і мы за яго будзем змагацца да апошняга, не саступім», — рашуча кажа Катрын.

Дзяўчаты адмовіліся фатаграфавацца для сайту Свабоды. Сказалі: «У нас на працы могуць быць праблемы».

У МУС сытуацыю не камэнтуюць

У аддзеле працы з замежнымі грамадзянамі дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі адмовіліся даць зьвесткі пра рашэньне наконт дэпартацыі ў Іран Мэхрдада Джамшыдыяна.

«Трэцім асобам, а вы такой зьяўляецеся, мы такіх зьвестак не даём», — адказала супрацоўніца дэпартамэнту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG