Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная Амністыя заступілася за іранца, якога хочуць дэпартаваць зь Беларусі


Мэхрдад Джамшыдыян, 2015 год

Міжнародная Амністыя выступіла ў падтрымку грамадзяніна Ірану Мэхрдада Джамшыдыяна, які знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна ў Менску ў чаканьні дэпартацыі.

Як пісала Свабода, Мэхрдад Джамшыдыян стала жыве ў Беларусі з 1993 году. Ён жанаты зь беларускай, яны маюць траіх дзяцей. І хоць у Іране Мэхрдаду пагражае сьмяротнае пакараньне, беларускія ўлады маюць намер дэпартаваць яго. Афіцыйная падстава для дэпартацыі — парушэньне міграцыйнага заканадаўства. У 2016 годзе ў Мэхрдада скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарта, і з гледжаньня закону ён жыве ў Беларусі нелегальна.

На радзіме, у Ісламскай Рэспубліцы Іран, Мэхрдаду пагражае сьмяротнае пакараньне. Па-першае, у 2011 годзе ён прыняў хрысьціянства. Па-другое, калі ён зьвяртаўся па статус уцекача, то заявіў, што Іран — неправавая дзяржава, у якой прымяняюцца катаваньні, а сьмяротнае пакараньне выносіцца без справядлівага разбору. Таму атрымаць у амбасадзе Ірану новы пашпарт для Мэхрдада няма шанцаў, лічыць ягоны адвакат.

Іранец правёў месяц у менскім ізалятары. У яго здарыўся інфаркт, і ён трапіў у рэанімацыю

Іранскія ўлады падазравалі Мэхрдада ў падвойным забойстве — маці і брата. Аднак, у часе, калі адбылося злачынства, ён знаходзіўся за мяжой, што пацьвярджаецца дакумэнтамі. Іранскія сваякі пісьмова заявілі, што не падазраюць Мэхрдада. У інтэрвію Свабодзе ў 2015 годзе Мэхрдад казаў, што іранскія ўлады выдумалі прычыну, каб дамагчыся ягонай выдачы.

У 2017 годзе Камітэт па правах чалавека ААН (КПЧ) устанавіў, што ў выпадку выдачы Мэхрдада ў Іране яму пагражаюць катаваньні і сьмяротная кара. Аднак месяц таму Джамшыдыяна затрымалі, нягледзячы на рашэньне КПЧ. У ізалятары на Акрэсьціна ў яго здарыўся інфаркт. Празь некалькі дзён лекаваньня ў шпіталі хворага зноў вярнулі за краты. Цяпер яму пагражае дэпартацыя.

Міжнародная Амністыя заклікае пісаць лісты на адрас міністра ўнутраных справаў Беларусі Ігара Шуневіча і начальніка дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксея Бегуна з просьбай вызваліць Мэхрдада Джамшыдыяна і спыніць ягоную дэпартацыю ў Іран, а таксама прадставіць яму пасьля інфаркту належную мэдычную дапамогу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG