Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзяніна Ірану могуць выслаць зь Беларусі. На радзіме яму пагражае сьмяротнае пакараньне


У Менску затрымалі грамадзяніна Ірану Мэхрдата Джамшыдыяна. Ён жыве ў Беларусі з 1993 года. Жанаты на беларусцы і мае траіх дзяцей. Але праз пратэрмінаваныя дакумэнты яго могуць выслаць на радзіму. Там яму пагражае сьмяротнае пакараньне.

«У 2011 годзе ён прыняў хрысьціянства, за гэта ў Іране могуць пакараць сьмерцю», — сказала Свабодзе ягоная жонка Алена.

Іранскія ўлады падазравалі яго ў падвойным забойстве — маці і брата. На гэтай падставе Мэхрдата двойчы затрымлівалі ў 2012 годзе. У 2013-м адзьдзел унутраных справаў Заводзкага раёну Менску прыняў рашэньне выслаць іранца зь Беларусі зь меркаваньняў нацыянальнай бясьпекі, бо ён падазраваўся ў цяжкім злачынстве за мяжой.

Джамшыдыяна неаднаразова затрымлівалі для прымусовай высылкі. Толькі ў студзені 2015 года яго вызвалілі на гуманітарных падставах, у сувязі зь цяжкай хваробай сына.

Алена Джамшыдыян сказала Свабодзе, што падчас забойства яе мужа не было ў Іране. У інтэрвію Свабодзе ў 2015 годзе Мэхрдат казаў, што іранскія ўлады выдумалі прычыну, каб дамагчыся ягонай выдачы.

«Добра, што беларускія ўлады, калі мяне затрымалі, заўважылі, што тое забойства прыпадае на час, калі я ўжо быў за мяжой, — казаў Мэхрдат. — Я палітычны праціўнік іранскага рэжыму, да таго ж быў мусульманінам, а стаў хрысьціянінам».

У 2014 годзе ў Камітэце па правах чалавека ААН зарэгістравалі скаргу Алены Джамшыдыян — жонкі Мэхрдата. А ў лістападзе 2017 Камітэт устанавіў, што ў выпадку выдачы Мэхрдата ў Іране яму пагражаюць катаваньні і сьмяротнае пакараньне.

Ад 1993 года іранец жыў па іранскім пашпарце ў Беларусі па часовай рэгістрацыі. Жонка патлумачыла, што яны доўгі час спрабавалі аформіць від на жыхарства, але ў яе не было ўласнай жыльлёвай плошчы, каб зарэгістраваць мужа.

Два гады таму скончыўся тэрмін іранскага пашпарту Мэхрдата. Увесь гэты час паводле заканадаўства ён пражываў у Беларусі незаконна.

«Ён ня мог яго аднавіць. Бо як толькі б ён прыйшоў у амбасаду, у яго пачаліся б праблемы», — сказала Свабодзе Наста Лойка, праваабаронца, супрацоўніца праваабарончай арганізацыі Human Constanta.

Наста Лойка
Наста Лойка

Справай Мэхрдата мусіць займацца Ўпраўленьне Вярхоўнага Камісара ААН па справах уцекачоў. У юрыдычным адзьдзеле арганізацыі Свабодзе адмовілі ў камэнтары. Паведамілі, што толькі трымаюць сувязь з адвакатам Джамшыдыяна.

Іранец неаднаразова спрабаваў атрымаць статус уцекача, але штораз атрымліваў адмову. І хоць па нацыянальным заканадаўстве ўлады маюць права выслаць яго за парушэньне міграцыйнага рэжыму, па словах Насты Лойкі, улады маглі б прымяніць і іншы від пакараньня.

«Па нацыянальным заканадаўстве яны маюць такое права, хаця ёсьць рашэньне Камітэту правоў чалавека ААН. Але не абавязкова гэта мусіць быць дэпартацыя ці высылка. Можа быць штраф, папярэджэньне».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG