Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз увёў санкцыі супраць расейцаў за захоп украінскіх маракоў


©Shutterstock
©Shutterstock

Эўрапейскі Зьвяз афіцыйна ўвёў санкцыі супраць расейцаў за захоп украінскіх маракоў паблізу Керчанскага праліву ў лістападзе 2018 году. Брусэль 15 сакавіка абвясьціў пра замарожваньне рахункаў і забарону на выдачу візаў васьмі расейскім чыноўнікам.

Імёны гэтых расейцаў дадалі ў сьпіс асоб і кампаній, якія маюць дачыненьне да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Дзеяньне сьпісу адначасова працягнулі яшчэ на шэсьць месяцаў.

Такім чынам, санкцыйны сьпіс Эўрапейскага Зьвязу за парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны цяпер складаецца з 170 чалавек і 44 кампаній.

Паводле інфармацыі Радыё Свабода, ніводзін з васьмі расейскіх чыноўнікаў, супраць якіх уведзеныя абмежаваньні, не займае высокіх пасад. Найбольш высакапастаўленыя фігуранты — начальнік «пагранічнага ўпраўленьня ФСБ Крыму і Севастопаля» контр-адмірал Сяргей Станкевіч, яго намесьнік Андрэй Шэін і камандуючы войскамі Паўднёвай вайсковай акругі Аляксандар Дворнікаў.

Таксама ў сьпісе камандзіры двух караблёў, якія ўдзельнічалі ў захопе ўкраінскіх маракоў — Аляксей Салаеў і Андрэй Шыпіцын, камандзір супрацьлодкавага карабля «Суздалец» Сяргей Шчарбакоў, і два кіраўнікі службаў пунктаў кіраваньня ФСБ Расеі Руслан Рамашкін і Аляксей Шатохін.

Паводле інфармацыі крыніц Радыё Свабода, пад санкцыі ЭЗ павінен таксама падпасьці высокапастаўлены расійскі вайсковец, намесьнік кіраўніка памежнай службы Расеі Генадзь Мядзьведзеў, але ўключэньне яго ў санкцыйны сьпіс заблякавала Фінляндыя.

На запыт Радыё Свабода ў пастаянным прадстаўніцтве Фінляндыі ў ЭЗ адмовіліся патлумачыць сытуацыю, сказаўшы, што яны «не камэнтуюць індывідуальныя пазыцыі ніводнай з краін-сябраў [Эўрапейскага Зьвязу], у тым ліку ўласную».

Украінскіх маракоў захапілі 25 лістапада 2018 году. Расейскія памежнікі спачатку пратаранілі, а потым абстралялі тры ўкраінскія караблі, захапілі іх і 24 чальцоў іх экіпажаў.

Украіна лічыць захопленых маракоў ваеннапалоннымі і патрабуе іх вызваліць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG