Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФСБ Расеі адмовілася перадаць Украіне параненых маракоў для лячэньня


Украінскія маракі, параненыя пры затрыманьні ў Керчанскім праліве
Украінскія маракі, параненыя пры затрыманьні ў Керчанскім праліве

Фэдэральная служба бясьпекі Расеі адмовілася задаволіць хадайніцтва аб перадачы Ўкраіне ці любой іншай краіне трох украінскіх маракоў, параненых пры затрыманьні ў Керчанскім праліве, для абсьледаваньня і лячэньня. Пра гэта на старонцы ў Facebook паведаміў адвакат аднаго з арыштаваных украінцаў Сяргей Бадамшын.

Паводле яго, бок абароны прасіў адпаведнага дазволу для Андрэя Эйдэра, Васіля Сарокі і Андрэя Арцёменка.

«Цяпер вырашаецца пытаньне пра абсьледаваньне параненых у цывільных мэдыцынскіх установах Масквы», — дадаў адвакат.

Напярэдадні віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскага інстытуту амбудсмэна Ніна Карпачова таксама паведамляла, што рыхтуецца тры хадайніцтвы ва ўпраўленьне аховы здароўя Масквы для таго, каб па кожным з параненых украінскіх маракоў было прынята рашэньне, у якую профільную мэдыцынскую ўстанову Масквы можна было б іх вывезьці.

Карпачова ў СІЗА «Лефортава» наведала з упаўнаважанай у правах чалавека ў Расеі Тацьцянай Маскальковай украінскіх палонных і заявіла, што стан параненых маракоў выклікае «сур’ёзную заклапочанасьць».

25 лістапада расейскія памежнікі ў Керчанскім праліве адкрылі агонь па трох украінскіх суднах і захапілі іх і экіпажы. Падкантрольныя Крамлю суды ў Крыме арыштавалі 24 маракоў. Трое зь іх атрымалі раненьні. Цяпер яны знаходзяцца ў Маскве. Украінскія ўлады прызнаюць іх ваеннапалоннымі, як вызначае міжнароднае права.

Краіны Захаду асудзілі дзеяньні Расеі. У Эўразьвязе заклікалі да «стрыманасьці і дээскаляцыі», а генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрґ апублікаваў заяву з патрабаваньнем да Расеі вызваліць ваеннапалонных і захопленыя караблі.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG