Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю аб барацьбе з расейскай прапагандай


Эўрапейскі парлямэнт прыняў рэзалюцыю з рэкамэндацыямі Радзе Эўразьвязу і прадстаўніцы ЭЗ у замежных справах Магерыні, накіраванымі на супрацьдзеяньне прапагандзе «з боку Расеі і іншых варожых суб’ектаў».

У прыватнасьці, Эўрапарлямэнт рэкамэндаваў «павысіць дасьведчанасьць аб дэзінфармацыйных кампаніях Расеі», якія, на думку дэпутатаў, зьяўляюцца «асноўнай крыніцай дэзінфармацыі ў Эўропе».

У дакумэнце прапануецца распрацаваць «юрыдычныя рамкі як на ўзроўні зьвязу, так і на міжнародным узроўні, каб супрацьстаяць гібрыдным пагрозам, кібервайне і інфармацыйнай вайне». Таксама Радзе ЭЗ і кіраўніцы дыпляматыі Эўразьвязу рэкамэндавана прадугледзець «адрасныя санкцыі ў дачыненьні да адказных за арганізацыю і правядзеньне такіх кампаній» і «падтрымаць фінансавымі і чалавечымі рэсурсамі» спэцыялізаваныя групы па абароне ад «палітычнага ўмяшаньня ўладаў і краінаў, якія падтрымліваюць расейскую дэзінфармацыю».

Асобная ўвага ў дакумэнце надаецца абароне выбараў ЭЗ ад староньняга ўмяшаньня. У якасьці прыкладаў такога ўмяшаньня прыводзяцца «зламыснае выкарыстаньне ботаў, альгарытмаў, штучнага інтэлекту, троляў, фальсыфікаванага відэа і падробленых акаўнтаў у палітычных кампаніях». У рэкамэндацыях паказваецца, што дзяржавы ЭЗ павінны сачыць за тым, каб выбарчыя законы ўлічвалі «патэнцыйныя пагрозы, якія вынікаюць з кампаній дэзінфармацыі».

За рэзалюцыю прагаласавалі 489 парлямэнтароў, супраць — 148, яшчэ 30 — устрымаліся.

Раней Эўрапарлямэнт прыняў дакумэнт, згодна зь якім Расея больш ня можа лічыцца стратэгічным партнэрам ЭЗ. У якасьці прычынаў былі ўказаныя анэксія Крыма, «наўпроставы і апасродкаваны» удзел у канфлікце на ўсходзе Ўкраіны, а таксама парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі і Малдовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG