Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт перастаў лічыць Расею стратэгічным партнэрам


Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, згодна зь якой Расею больш ня будуць лічыць стратэгічным партнэрам. Праект дакумэнту ўнесла дэпутатка ад Латвіі Сандра Калніетэ. «За» прагаласавалі 402 эўрапарлямэнтары, «супраць» — 163. У якасьці прычыны пазначаны анэксія Крыму, «непасрэдны і апасродкаваны» ўдзел у канфлікце ва Ўкраіне, а таксама парушэньне тэрытарыяльнай цэласьці Грузіі і Малдовы.

У дакладзе, у прыватнасьці, згадваецца атручэньне Сяргея і Юліі Скрыпалёў у Солсбэры, кібэратакі, меркаваныя сувязі Расеі з «папулісцкімі сіламі» ўнутры ЭЗ, перасьлед у Расеі апазыцыйных актывістаў і праваабаронцаў.

Супрацоўніцтва, гаворыцца ў дакладзе, захаваюць у такіх сфэрах, як энэргетычная бясьпека, штучны інтэлект, зьмены клімату і барацьба з тэрарызмам. Нарошчваць супрацоўніцтва можна будзе, толькі калі Расея цалкам выканае Менскія пагадненьні і пачне выконваць міжнароднае права, гаворыцца ў рэзалюцыі. На думку парлямэнтароў, Эўразьвяз мусіць быць гатовы ўвесьці новыя санкцыі, асабліва пэрсанальныя, калі Расея будзе надалей парушаць міжнароднае заканадаўства.

Дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту таксама выказаліся за спыненьне праекту газаправоду «Паўночны паток-2». У дакладзе адзначаецца, што газаправод ўзмацняе залежнасьць Эўразьвязу ад паставак расейскага газу, пагражае яго ўнутранаму рынку і парушае палажэньні энэргетычнай палітыкі ЭЗ.

З дапамогай новага праекту «Паўночны паток-2» Расея спрабуе зьнізіць залежнасьць экспарту энэрганосьбітаў ад транзыту праз Украіну.

Увод трубаправоду ў эксплюатацыю намечаны на 2019 год, па ім у Нямеччыну пойдзе 55 млрд кубамэтраў газу на год ці больш за чвэрць ад аб’ёму экспартных паставак «Газпрому».

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель раней заяўляла, што праца «Паўночнага патоку-2» магчымая толькі ў выпадку, калі Расея ня спыніць транзыт газу праз Украіну. Працягваць транзыт абяцаў і Ўладзімір Пуцін. ЗША рыхтуюцца ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да кампаній, якія займаюцца «Паўночным патокам-2».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG