Міністэрства замежных справаў Украіны патрабуе ад Расеі выконваць міжнароднае права, «спыніць самавольства» і не парушаць правы чалавека ў Крыме.
«Патрабуем ад дзяржавы-агрэсара спыніць на часова акупаванай ёю тэрыторыі самавольства і забясьпечыць выкананьне міжнароднага права, вызваліць усіх незаконна ўтрымліваных палітычных зьняволеных, у прыватнасьці, Алега Сянцова, Уладзіміра Балуха і Эмір-Усэіна Куку. Запэўніваем, што Ўкраіна прыкладзе ўсе неабходныя намаганьні для прыцягненьня вінаватых у парушэньні правоў чалавека да адказнасьці», — гаворыцца ў паведамленьні.
У міністэрстве таксама віталі ўхваленьне Генэральнай асамблеяй ААН рэзалюцыі наконт сытуацыі ў галіне правоў чалавека ў Крыме.
Рэзалюцыя, прынятая Генэральнай асамблеяй ААН заклікае забясьпечыць правы чалавека і базавыя свабоды ўкраінскіх палітвязьняў, якія ўтрымліваюцца ў Крыме і ў Расеі, у тым ліку права на мэдычную дапамогу, доступ лекараў і спэцыялістаў міжнародных арганізацый, у прыватнасьці, Чырвонага Крыжа і Эўрапейскага камітэту ў справе недапушчэньня катаваньняў, для праверкі стану здароўя затрыманых.
Беларусь прагаласавала супраць ухваленьня гэтай рэзалюцыі.
Гэта ўжо трэцяя ініцыяваная Ўкраінай рэзалюцыя ААН аб стане правоў чалавека ў Крыме, ухваленая Генэральнай асамблеяй за апошнія два гады. Першыя дзьве былі ўхваленыя ў 2016 і 2017 годзе.
У прыватнасьці, у рэзалюцыі 2017 году ад Расеі патрабавалі выканаць часовыя захады рэкамэндацыяў Міжнароднага суду ААН аб адмене забароны Мэджлісу крымскататарскага народу ў Крыме і забясьпечыць навучаньне на ўкраінскай і крымскататарскай мовах на паўвостраве.
У рэзалюцыі 2016 году Расея была названая «краінай-акупантам», а Крым і Севастопаль — «часова акупаванай тэрыторыяй».