Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біў для прафіляктыкі. Суд у Слуцку расьсьледуе справу аб зьдзеках з навучэнцаў


Анатоль Булгак у судзе
Анатоль Булгак у судзе

Асноўныя эпізоды справы аб гвалце і зьнявагах у Менскай абласной кадэцкай вучэльні.

У Слуцкім раённым судзе 11 сакавіка пачаўся працэс над былым намесьнікам начальніка Менскай абласной кадэцкай вучэльні Анатолем Булгакам, якога абвінавачваюць паводле 3 часткі арт. 428 — у перавышэньні ўлады з ужываньнем гвалту і зьнявагі. Яму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.

У крымінальнай справе ня меней за 9 эпізодаў зьдзеку і гвалту з кадэтаў. Прыпадаюць яны на 2014–2018 гады. Паводле матэрыялаў справы, Анатоль Булгак, былы намесьнік дырэктара, рэгулярна зьбіваў кадэтаў у сваім службовым кабінэце, але бывала, што і ў калідоры, і ў фае вучэльні. У працэсе бяруць удзел 5 курсантаў, якіх сьледзтва прызнала пацярпелымі, і два дарослыя прадстаўнікі пацярпелых.

Падсудны сваю віну абвяргае па большасьці эпізодаў. Карціну зьдзекаў у вучэльні Свабода склала з выступаў у судзе пракурора, пацярпелых і падсуднага.

Кроў з носу

Паводле абвінавачанага, кадэт Берасьцевіч спускаўся па лесьвіцы і гучна брыдкасловіў. Да таго ж быў апрануты не па форме. Намесьнік дырэктара спыніў яго і зрабіў заўвагу. Далей, паводле падсуднага, ён схапіў кадэта за каўнер, а той спрабаваў вырвацца і «магчыма, рука зачапіла нос».

«Крыві ня бачыў», — запэўніў суд Булгак і дадаў, што пра кроў даведаўся толькі пасьля таго, як хлопец пабываў у лекара.

10 удараў па галаве

Паводле сьледзтва, Анатоль Булгак «ня меней за 10 разоў ударыў па галаве» курсанта Н. падчас размоваў зь ім.

Аднак абвінавачаны гэта абвяргае — кажа, што курсанта падштурхнулі да такіх паказаньняў. Паводле Анатоля Булгака, Н. нібыта рабіў спробу самагубства, на што выхавацелі вучэльні мусілі адрэагаваць.

«Мы выклікалі ягонага бацьку, усё распавялі і параілі забраць сына з вучэльні, бо гэты факт мы мусім унесьці ў ягоную асабістую справу, і тады яму ўсё роўна закрыта вучоба на сілавіка», — згадаў Булгак.

Паводле падсуднага, Н. прыдумаў усе выпадкі пра нібыта гвалт зь ягонага боку, бо быў пакрыўджаны на выкладчыкаў і асабіста на намесьніка дырэктара.

Кадэта Гамолку палохаў іголкай

Паводле матэрыялаў сьледзтва, Булгак пры іншых кадэтах укалоў іголкай кадэта Гамолку. Аднак экс-намесьнік дырэктара сьцьвярджае, што гэта быў ня ўкол, а імітацыя.

«Падчас праверкі рэчаў у яго знайшлі іголку. Я сказаў, што іголка катэгарычна забароненая і, узяўшы яе ў кулак, зымітаваў укол — насамрэч торкнуў у ягадзіцу пальцам. А ён прагнуўся, бо чакаў уколу. Пасьля гэтага я выкінуў іголку і абвясьціў усім, што іголкі забароненыя», — казаў Анатоль Булгак.

Маляваў асадкай на лобе

Паводле сьледзтва, падсудны «намаляваў курсанту Гамолку надпіс на лобе шарыкавай асадкай і ўдарыў у твар».

На гэта Булгак патлумачыў, што падчас праверкі ён заўважыў, што рукі курсанта Гамолкі былі сьпісаныя шарыкавай ручкай.

«Я дастаў сваю ручку і даткнуўся да ягонага ілба. Усё. Але ніякай пісаніны не рабіў, ніякіх сінякоў у яго не было», — сьцьвярджае Булгак.

Мог беспрычынна даць у карак

Пацярпелы Берасьцевіч распавёў у судзе пра прэтэнзіі да былога намесьніка начальніка кадэцкай вучэльні, заявіў, што Булгак ужываў фізычную сілу.

«Мог даць у карак ці пстрычку. Мог ушчыкнуць. За што? За тое, што я нешта парушаў. Мог ужыць сілу адносна любога навучэнца, нават беспрычынна, і ўсе ўспрымалі гэта як натуральнае. Нават для прафіляктыкі мог даць», — кажа цяпер ужо былы курсант.

Усяго за час вучобы ў вучэльні, паводле Берасьцевіча, ад Булгака ён атрымаў ад 15 да 20 удараў. Пры гэтым судовых прэтэнзій да Анатоля Булгака пацярпелы не выстаўляе:

«Бо ён хацеў, каб быў парадак. Быў патрабавальны. Усе яго баяліся і паважалі адначасова».

У абвінавачанага дзьве вышэйшыя адукацыі

Абвінавачаны Анатоль Булгак сьцьвярджае, што ніякай непрыязі да курсантаў у яго не было.

«Яны ж усе для мяне як дзеці, якіх трэба выхоўваць», — кажа Анатоль Булгак.

У размове з карэспандэнтам Свабоды Анатоль Булгак сказаў, што за 8 год працы ў Менскай абласной кадэцкай вучэльні ня меў заўваг ад кіраўніцтва і скаргаў ад навучэнцаў ці іх бацькоў.

Што стала штуршком для завядзеньня супраць яго крымінальнай справы, Анатоль Булгак ня ведае: «Звалілі ўсё на мяне. Гэта паклёп і змова».

Паводле Булгака, год таму, як пачалося расьсьледаваньне, ён сам звольніўся з кадэцкай вучэльні. «Бо як я мог далей выхоўваць кадэтаў?»

Анатоль Булгак да працы ў кадэцкай вучэльні служыў у Слуцку начальнікам вайсковага аркестру. Мае дзьве вышэйшыя адукацыі — вайсковага музыканта і пэдагога-псыхоляга.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG