Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стадыён «Дынама» адмовіў у правядзеньні канцэрту #БНР101 праз газон

абноўлена

Стадыён «Дынама» пасьля адкрыцьця, чэрвень 2018 году

Генэральны дырэктар Нацыянальнага алімпійскага стадыёну «Дынама» Васіль Аляксеенка патлумачыў адмову ў правядзеньні сьвяточнага канцэрту на Дзень Волі #БНР101 неабходнасьцю аднаўляць газон.

Пасьля зімовага пэрыяду гэты працэс «займае да паўтара месяца».

Паводле Аляксеенкі, дата правядзеньня сьвяточнага канцэрту на Дзень Волі і тэрміны пастаўкі і тэставаньня пакрыцьця футбольнага газону супадаюць.

«Абмежаваньні стадыёну „Дынама“ як арэны для арганізацыі правядзеньня канцэртаў, фэстываляў, парадаў абумоўленыя наяўнасьцю і ступеньню завершанасьці тэставаньня ахоўнага пакрыцьця футбольнага газону. Пасьля зімовага пэрыяду аднаўленьне газону займае да паўтара месяца», — гаворыцца ў афіцыйным адказе, які атрымала Радыё Свабода ад адміністрацыі стадыёну.

Паводле гендырэктара, цяпер на стадыёне няма пакрыцьця травянога газону і лёгкаатлетычных дарожак.

«У зьвязку з гэтым праводзіцца працэдура закупкі пакрыцьця, якое і дазволіць у далейшым у поўнай меры эксплюатаваць стадыён».

Стадыён «Дынама», піша Васіль Аляксеенка, будзе гатовы да правядзеньня мерапрыемстваў «не раней за красавік пры ўмове своечасовай пастаўкі ахоўнага пакрыцьця і яго абавязковага тэставаньня».


Заяўку мае разглядаць не стадыён, а гарвыканкам

Грамадзкая кампанія #БНР101 падавала заяўку на сьвяточны канцэрт на «Дынама» 24 сакавіка ў Менгарвыканкам, якому падпарадкоўваецца кіраўніцтва стадыёну. Калі кіраўніцтва стадыёну давала папярэднюю згоду, так і раіла зрабіць — падаваць заяўку ў выканкам.

Раней адміністрацыя стадыёну «Дынама» адмовіла ў правядзеньні сьвяточнага канцэрту 24 сакавіка, спаслаўшыся на Эўрапейскія гульні, якія пачнуцца толькі 21 чэрвеня.

Чаму так атрымалася, што Аляксандру Саладуху дазволілі правесьці канцэрт 1 траўня (за больш як паўтара месяца да Эўрагульняў), а канцэрт на Дзень Волі — не, ні ў Менгарвыканкаме, ні ў адміністрацыі стадыёну «Дынама» карэспандэнту Свабоды не патлумачылі.

Намесьнік генэральнага дырэктара стадыёна Стансілаў Вазьняк сказаў, што «па тэлефоне не дае інтэрвію і нічога ня кажа», і прапанаваў даслаць пісьмовы запыт.

Мы даслалі і паведамім, як толькі атрымаем адказ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG