Мэнэджара горадзенскага шпіталя затрымалі за хабар

Фота з афіцыйнага сайту УУС Горадзенскага аблвыканкаму
Фота з афіцыйнага сайту УУС Горадзенскага аблвыканкаму

Аднаго з кіраўнікоў горадзенскага гарадзкога шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі затрымалі за карупцыю пры закупліваньні эндапратэзаў. Дома ў яго знайшлі 15 тысяч даляраў, паведамляецца на сайце УУС Горадзенскага аблвыканкаму.

Эндапратэзы замежнай вытворчасьці (імплянтанты, якія выкарыстоўваюцца найчасьцей для апорна-рухальнага апарату. — РС) для шпіталя неаднаразова куплялі ў аднаго і таго ж прыватнага прадпрыемства. Такую «дапамогу» падазраваны забясьпечваў за ўзнагароджаньне. Схема дзейнічала некалькі гадоў.

Фота з афіцыйнага сайту УУС Горадзенскага аблвыканкаму
Фота з афіцыйнага сайту УУС Горадзенскага аблвыканкаму

Яго затрымалі апэратыўнікі ў барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Ленінскага РАУС Горадні. Пры правядзеньні ператрусу на месцы жыхарства падазраваны добраахвотна выдаў супрацоўнікам міліцыі 15 тысяч даляраў.

Заведзеная крымінальная справа за атрыманьне хабару (ч. 1, 2 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Яна прадугледжвае пакараньне да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Робяцца далейшыя апэратыўна-вышуковыя захады і сьледчыя дзеяньні, накіраваныя на выяўленьне дадатковых эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасьці падазраванага ды іншых удзельнікаў злачыннай схемы.

​
XS
SM
MD
LG