Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аўганскай» выставе «Груз 300» у Менску знайшлі месца толькі на адзін дзень. ФОТА


У памяшканьні Беларускага саюзу дызайнэраў у Менску прайшла аднадзённая выстава-інсталяцыя «Вэтэраны за мір. Груз 300», прысьвечаная 30-годзьдзю вываду савецкіх войскаў з Аўганістану.

У невялікай залі — тры дзясяткі арыгінальных і стылізаваных прадметаў. Гэта артэфакты 10-гадовай вайны Савецкага Саюзу ў Аўганістане. Аўтар праекту — менскі арт-дызайнэр Сяргей Шыла.

У экспазыцыі выстаўленыя паштовая скрыня, куды ў чаканьні «пахаронкі» баяліся зазіраць бацькі салдат-«аўганцаў»; дзьвярны званок, ад гуку якога ўздрыгвалі жонкі і дзеці афіцэраў; сапёрная рыдлёўка, убітая ў камень, як сымбаль выжываньня ў любых умовах.

Капялюш-«аўганка»
Капялюш-«аўганка»

Жаданьне жыць мацнейшае за камень
Жаданьне жыць мацнейшае за камень

Тут жа кірзавы бот са сьвечкамі ў халяве — абагульнены вобраз усіх «трохсотых»: параненых ды пакалечаных. І маленькая фігурка бязногага і бязрукага «шураві» ў позе Хрыста.

Кожны арт-аб’ект суправаджаецца арыгінальнай вершаванай анатацыяй. Сяргей Шыла ўголас дэклямаваў радкі і запальваў пад кожным чырвоную сьвечку: неўзабаве пад ім утвараўся «крывавы сьлед».

«Чаму я назваў свой праект „Груз 300“? Гэта як сымбаль раны, якая не зажывае, як груз вечнай памяці, якая баліць да сёньня», — кажа арт-дызайнэр Сяргей Шыла.

Крывавы агонь вайны
Крывавы агонь вайны

Сярод наведнікаў няма выпадковых людзей — офіс саюзу ня можа прыняць усіх ахвотных. Прыйшлі найперш былыя вайскоўцы-афганцы, камандзіраваныя цывільныя спэцыялісты, сваякі загінулых. У прамовах часта гучала, што сёньня пра іх хочуць забыцца, хоць у свой час пераконвалі ў гістарычнай важнасьці «інтэрнацыянальнай місіі».

Адзін з ініцыятараў выставы — кіраўнік фонду «Баявое братэрства бязь межаў», сам двойчы «трохсоты» Віктар Сівохін.

Віктар Сівохін (справа) і Сяргей Шыла
Віктар Сівохін (справа) і Сяргей Шыла

«Калі чалавек, які сам не ваяваў, настолькі глыбока паказвае прадукт вайны, гэта вельмі кранае, — кажа ён. — І каб вось такую выставу паказаць па школах, думаю, нашмат меней будзе вучняў, якія дазволяць сабе проста абразіць настаўніка, ня кажучы ўжо пра тое, што нядаўна здарылася ў Стоўпцах».

Дызайнэр Сяргей Шыла да аўганскай тэмы мае ўласны інтарэс яшчэ са службы ў войску.

Апошні патрон — для сябе
Апошні патрон — для сябе

Невядомасьць: пахаронка ці ліст ад сына
Невядомасьць: пахаронка ці ліст ад сына

«Падчас службы ў арміі я разам зь іншымі хлопцамі пісаў рапарт у Аўганістан — яшчэ дзівіліся, чаму тыя рапарты не задаволілі, — прызнаецца ён. — А потым наш зампаліт, які перад гэтым адтуль вярнуўся, сказаў, што ўсе нашы заявы парваў у той жа дзень. Канечне, пазьней я асэнсаваў, наколькі мне пашчасьціла. І ўсё ж разумеў: нехта аказаўся там за мяне, хтосьці, магчыма, за мяне не вярнуўся. Гэта і падштурхнула да рэалізацыі праекту».

Тамара Доўнар страціла мужа ў 1981 годзе, на самым пачатку вайны — малодшы лейтэнант падарваўся на міне разам з дэсантным экіпажам. Бяз бацькі засталася маленькая дачка Алеся. Ужо шмат гадоў Тамара Іванаўна яднае вакол сябе ўдоваў і дзяцей загінулых вайскоўцаў.

Тамара Доўнар (зьлева) і Ала Авечанка (у цэнтры)
Тамара Доўнар (зьлева) і Ала Авечанка (у цэнтры)

«Майго мужа прывезьлі ў цынкавай труне — аўтар паказаў той страшны „Груз 200“, — ня стрымлівае сьлёз жанчына. — Тут і сагнутая рыдлёўка, якой яго засыпалі. Ня буду гаварыць, як гэта было жахліва — і праз 37 гадоў мне страшна ўспамінаць... Сяргей знайшоў спосаб прадэманстраваць увесь боль вайны, тое, што перажылі хлопцы: ня кожны дасьведчаны дарослы мог вынесьці тое, што давялося вынесьці тагачасным 20-гадовым...»

Ала Авечанка цягам 1985–1987 гадоў забясьпечвала ў Аўганістане працу службы тэхнічнай падтрымкі эскадрыльлі верталётаў Мі-24. Кажа, што з кожным годам усе меней тых, хто быў зь ёй побач.

«Я шчыра ўзрушаная, наколькі арганічна тут злучаецца вобраз прадмета і паэтычны вобраз, — кажа яна. — Нам сёньня ня трэба быць недзе ў першых шэрагах, у такія дні проста хочацца апынуцца побач з тымі, хто прайшоў праз выпрабаваньні. Нас застаецца ўсё меней і, як ні прыкра казаць, мы іншыя для сучаснага сьвету. Асабліва гэта адчуваюць нашы хворыя, пакалечаныя».

У выставы «Вэтэраны за мір. Груз 300» няма шанцаў прыцягнуць вялікую аўдыторыю. Як сказаў Сяргей Шыла, на наступны дзень пасьля юбілейных імпрэзаў экспазыцыя пераедзе на захаваньне ў гараж — ахвотных падзяліцца музэйнай плошчай для паказу так і не знайшлося.

Самі «аўганцы» творчыя высілкі дызайнэра ацанілі годна і ўзнагародзілі юбілейным мэдалём.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG