Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзе вайна, там радзіма». Гісторыя братоў Наемаў, якіх павезьлі ў СССР ад вайны ў Аўганістане


"Где война, там родина". История братьев Найем, которых увезли в СССР от войны в Афганистане
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:36 0:00

Уладзімір Рунец, Іван Любіш («Настоящее время»)

Украінскі палітык і журналіст Мустафа Наем, дэпутат Вярхоўнай Рады, і ягоны брат-адвакат Масі Наем — выхадцы з Аўганістану, пуштуны паводле паходжаньня. Мустафа нарадзіўся ў Кабуле ў 1981 годзе, яго брат — праз тры гады, у 1984 годзе.

Маці хлопчыкаў памерла праз 10 дзён пасьля нараджэньня малодшага брата, а бацька Наім Наем займаў пасаду міністра адукацыі Аўганістану, адказваў за будаўніцтва ўсіх навучальных аб’ектаў у краіне.

Наем-старэйшы быў супраць савецкага ўварваньня:

«Прыйшлі на працу, паглядзелі — усюды танкі. Расейскія. А я вельмі засмуціўся. Усе гэтыя дакумэнты ў руках былі, а я кінуў іх. Кажу, я для расейцаў больш не працую. І паехаў дадому», — успамінае ён.

У разгар вайны ў 1987 годзе Наім Наем паехаў вучыцца ў Маскву і плянаваў вярнуцца ў Аўганістан. Але пазнаёміўся з Валянцінай Калечка і замест гэтага вырашыў не заставацца ў Аўганістане, а зьехаць у СССР і перавезьці туды сыноў.

Канчаткова сям’я зьехала з Аўганістану ў 1989 годзе, калі СССР вывеў войскі. Спачатку бацька і сыны зьехалі ў Маскву, а праз год, у 1990 годзе — у Кіеў. Валянціна ўспамінае, што ў канцы жніўня 1989 году яна некалькі гадзін чакала ў аэрапорце Шарамецьцева самалёт з Кабулу, на борце якога Наім ляцеў у Савецкі Саюз са старэйшым сынам Мустафой.

​«Сядзіць каля мяне дзядзечка і слухае радыё. І пераказвае:» Ой, футбалісты гэтыя ў гэтых выйгралі. А вось там адбываецца тое. О! Толькі што зьбілі афганскі самалёт«, — распавядае Валянціна. — Я на яго та-ак паглядзела! А ён кажа: «Ды вы не хвалюйцеся, там адны аўганцы».

На шчасьце для жанчыны, яе муж і прыёмны сын ляцелі іншым бортам. Малодшага сына Наім прывязе ў СССР з разбуранага Аўганістану толькі годам пазьней.

Валянціна Калечка і Наім Наем
Валянціна Калечка і Наім Наем

«На другі год мы пажаніліся і пасьля гэтага прывезьлі Мустафу. Масі — праз год пасьля», — успамінае Наем-старэйшы.

«Адчуваньне, што там, дзе вайна, там радзіма. У Кабуле ў нас быў дом, ахаваны высотнай сьцяной. Ва Ўкраіне ў нас таксама дом з плотам, толькі яшчэ большы — сьцяна, крэпасьць», — заўважае Масі Наем.

Цяпер ён носіць гарнітур і гальштук і змагаецца ў судах. А ў красавіку 2016 году Наем-малодшы быў дэсантнікам: быў мабілізаваны і служыў у самым гарачым пункце Данбасу — Аўдзееўскай прамзоне. Там ён правёў паўтара года і прызнаецца, што баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны ўваскрэсілі ў ім страшныя ўспаміны зь дзяцінства, калі ён дзіцем назіраў за абстрэламі з двара дома:

Дом Наемаў у Кабуле
Дом Наемаў у Кабуле

«Цяпер здаецца, што ў нас быў маленькі дом, але мне здавалася, што ў нас велізарныя панарамныя вокны, проста вельмі вялікія, — успамінае Масі Наем аўганскае дзяцінства. — Проста насупраць яго былі велізарныя горы, а вось тут — сьцяна. Мы з братам часта ноччу залазілі на яе, паставіўшы драўляную лесьвіцу. Ня толькі мы з братам — мая цётка і бабуля таксама. І глядзелі, што гарэла... там звычайна ўсё гарэла».

«Адчуваньне таго, што было ў Аўганістане, мне страшнейшае за тое, што было на Данбасе, — падкрэсьлівае Масі. — Што здарылася ў Аўганістане? Прыкладна такая самая інтэрвэнцыя, як адбылася ва Ўкраіне. З чаго раптам Расея вырашыла, што яна можа зайсьці ў Аўганістан і вырашаць унутраныя праблемы Аўганістану, калі яны там былі?»

Браты Наемы
Браты Наемы

Трапіўшы ў войска, Масі сустрэўся з украінскімі вэтэранамі аўганскай вайны, якія ў канцы 80-х ваявалі ў складзе савецкіх войскаў. Некаторыя зь іх сталі яго настаўнікамі ва «ўчэбцы»:

«Чувак, які ваяваў супраць тваіх у Аўганістане, распавядае цяпер табе, як трэба ваяваць супраць Расеі там, на Данбасе», — дзівіцца Наем паваротам лёсу.

Былы ўкраінскі дэсантнік кажа, што ня хоча вяртацца ў Кабул, дзе дзіцем бачыў абстрэлы і савецкія танкі. Але ўвесь час вяртаецца ў Данбас, каб дапамагаць тым, для каго вайна яшчэ не завяршылася.

«Калі яшчэ пару гадоў пажывём у вайне, — то мы і тут пачнем узводзіць муры адзін паміж адным», — наракае ён, ужо кажучы пра Ўкраіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG