Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа мэдыкаў»: суд зьняволіў мэдыцынскага чыноўніка з Горадні на 7,5 года


Андрэй Стрыжак на лаве падсудных. 10 студзеня 2019 году
Андрэй Стрыжак на лаве падсудных. 10 студзеня 2019 году

У судзе Цэнтральнага раёну Менску абвешчаны вырак Андрэю Стрыжаку, былому начальніку ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму.

Андрэя Стрыжака прызналі вінаватым у неаднаразовым атрыманьні хабару ў асабліва вялікім памеры і прысудзілі яму 7,5 года зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай на 5 гадоў займаць кіроўныя пасады.

Суд пастанавіў спагнаць з асуджанага 38 тысяч рублёў і залічыць іх у лік кампэнсацыі, канфіскаваць 3 срэбныя зліткі, 6 залатых, (па 5-6) грамаў, набор памятных манэт, 28 ікон, 4 карціны, грошай 1600 эўра.

Суд над экс-начальнікам упраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму цягнуўся больш за месяц. Ягоная справа складаецца з некалькіх тамоў, у ёй 6 эпізодаў атрыманьня хабару агулам на суму каля 35 тысяч даляраў.

Паводле абвінавачаньня, Андрэя Стрыжак, які ўзначальваў дзяржаўную камісію па закупках лекаў, матэрыялаў і мэдыцынскага абсталяваньня, за грашовую ўзнагароду ствараў пэўным камэрцыйным фірмам спрыяльныя ўмовы для перамогі ў тэндэрах.

Андрэй Стрыжак у судзе прызнаў, што атрымліваў хабар.

Стрыжак узначальваў абласное ўпраўленьне аховы здароўя 8 гадоў да арышту ўлетку 2018 году, зь іх ня менш як цягам 4 гадоў, паводле сьледзтва, браў хабары. Як малымі сумамі, да ста даляраў, так і вялікімі — двойчы па 10 тысяч даляраў.

У прыватнасьці, пра даваньне такіх хабараў Андрэю Стрыжаку паведаміў суду бізнэсовец зь Менску Ўладзімер Ладуцька, які фігураваў як сьведка сама меней яшчэ ў двух працэсах над мэдыкамі-карупцыянэрамі.

«Мы пазнаёміліся на выставе „Ахова здароўя Беларусі“ ў футбольным манэжы, — расказаў Ладуцька. — Пачалі кантактаваць. Андрэй Аляксандравіч разоў 5-6 прыяжджаў у наш офіс, які тады знаходзіўся на вуліцы Альшэўскага ў Менску. Ён часта бываў у Менску, і мы кантактавалі. Падчас гэтых сустрэч Стрыжак даваў нам інфармацыю пра тое, якое мэдыцынскае абсталяваньне будзе закупляцца, па якой цане. Гэта дапамагала нам удзельнічаць у тэндэрах. Я быў зацікаўлены ў атрыманьні такой інфармацыі.

Сам Стрыжак ніколі не прасіў перадаць яму грашовыя сродкі ўзамен за дапамогу. Але я разумеў, што мець у сябрах чыноўніка такога рангу дорага каштуе. Я сам вырашыў аддзячыць Андрэю Аляксандравічу за дапамогу. Мой кампаньён у бізнэсе ведаў, што гэта трэба зрабіць, але ня ведаў падрабязнасьцяў.

Прыкладна празь месяц пасьля завяршэньня пастаўкі я пазваніў Андрэю Стрыжаку на асабісты мабільны тэлефон, дамовіўся пра сустрэчу, калі той будзе ў Менску. Стрыжак перазваніў празь некалькі дзён, мы дамовіліся сустрэцца на аўтамабільнай стаянцы ля гандлёвага цэнтру „Эўропа“ у Менску. На сустрэчу з сабой я ўзяў канвэрт з 10 тысячамі даляраў. Мы сустрэліся, па-сяброўску пагаварылі, я перадаў Стрыжаку канвэрт. Ён не адмаўляўся яго ўзяць.

Пасьля мы кантактавалі наконт новых закупак, пра атрыманыя грошы ён ня згадваў», — расказаў суду сьведка Ўладзімер Ладуцька.

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG