Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура назвала 8 прычынаў росту выпадкаў пэдафіліі: вінаватыя бацькі, улады, інтэрнэт, ЖЭСы


Ілюстрацыйнае фота

Пракуратура Горадзенскай вобласьці расказала пра аналіз дзейнасьці «зацікаўленых органаў, ведамстваў і службаў у выкананьні заканадаўства аб полавай недатыкальнасьці непаўналетніх».

Як піша пракуратура, праблема пэдафіліі «ў апошні час абвастрылася і патрабуе неадкладнага комплекснага рэагаваньня». У 2018 годзе ў вобласьці 112 непаўналетніх былі прызнаныя пацярпелымі ў злачынствах, зьвязаных з полавай недатыкальнасьцю або полавай свабодай. У 2017-м такіх было 56. Статыстыка за іншыя гады або па іншых абласьцях не прыводзіцца.

Прычынамі павелічэньня колькасьці пацярпелых пракуратура бачыць парушэньні і недахопы ў працы дзяржаўных органаў і ўстановаў, у тым ліку:

  • бескантрольнасьць з боку бацькоў за адпачынкам дзяцей і незабесьпячэньне іх занятасьці;
  • «прыніжаны» кантроль за дзецьмі з праблемных сем’яў;
  • неналежная прафіляктычная праца з падлеткамі, схільнымі да асацыяльных паводзінаў;
  • незабесьпячэньне полавай недатыкальнасьці дзяцей установамі адукацыі, аховы здароўя і культуры;
  • ігнараваньне выканаўчымі і распарадчымі органамі і іншымі арганізацыямі патрабаваньняў заканадаўства аб выключэньні доступу дзяцей да «патэнцыйна небясьпечных месцаў»;
  • невыкананьне прадпрыемствамі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі патрабаваньняў аб абмежаваньні доступу на паддашшы жылых дамоў;
  • закрытасьць тэмы полавага выхаваньня, адсутнасьць дастатковай кампэтэнцыі і досьведу ў спэцыялістаў, занятых зь дзецьмі, і недастатковая актыўнасьць бацькоў;
  • Інтэрнэт, зь якога падлеткі «бескантрольна атрымліваюць нэгатыўную інфармацыю».

Генпракуратура таксама расказала пра нядаўнія прысуды, аб якіх раней не паведамлялася.

У студзені 2019 году суд Астравецкага раёну прызнаў вінаватым у гвалтоўных дзеяньнях сэксуальнага характару грамадзяніна, ахвярамі якога сталі 16 непаўналетніх ва ўзросьце ад 6 да 15 гадоў. Яму прысудзілі 12,5 года пазбаўленьня волі.

Суд Горадзенскага раёну вынес прысуд 20-гадоваму выхаваўцу дзіцячага лягера за сэксуальныя дзеяньні з 15-гадовым выхаваўцам прыёмнай сям’і, спалучаныя з уцягваньнем ва ўжываньне алькаголю — але які быў прысуд і калі адбываўся суд, не паведамляецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG