Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсовец зь Віцебшчыны спрабаваў зблізіцца з дарадцам Трампа ў 2016 годзе, — Washington Post


Сяргей Міліян (Sergei/Sergio Millian, пры нараджэньні Сяргей Кукуць), былы прэзыдэнт Расейска-Амэрыканскай гандлёвай палаты ў ЗША
Сяргей Міліян (Sergei/Sergio Millian, пры нараджэньні Сяргей Кукуць), былы прэзыдэнт Расейска-Амэрыканскай гандлёвай палаты ў ЗША

Амэрыканец беларускага паходжаньня Сяргей Міліян, якога называлі адной з крыніц дасье аб сувязях прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з Расеяй, спрабаваў зблізіцца зь людзьмі з асяродзьдзя Трампа, сьцьвярджае The Washington Post.

У час інаўгурацыі ў 2016 годзе тагачасны дарадца Трампа ў замежнай палітыцы Джордж Пападопуляс сустракаўся зь Сяргеем Міліянам у рэстарацыі ў Вашынгтоне, сьцьвярджае The Washington Post.

Сустрэча нібыта адбылася пасьля месяцаў прапановаў Міліяна Пападопулясу, у ліку якіх быў выгадны кантракт на кансультацыйную працу адначасова на Трампа і неназванага расейца, але гэтую прапанову Пападопуляс нібы адхіліў. Кантракт на зьвязаную з расейцам фірму нібыта абяцаў Пападопулясу 30 тысяч даляраў на месяц.

З электронных лістоў, атрыманых выданьнем, нібыта вынікае, што Міліян прапаноўваў Пападопулясу таксама свае паслугі, каб зьвязаць кампанію Трампа з ганаровым консулам Беларусі ў ЗША, пісьменьнікам і багасловам Майклам Маргулісам, які эміграваў з СССР у ЗША ў 1970-х і, паводле The Washington Post, мае сувязі з расейскім урадам. Маргуліс заяўляў, што «згуртаваў расейскіх амэрыканцаў, каб падтрымаць Трампа».

Адвакат Пападопуляса казаў, што Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША дапытвала яго наконт адносінаў зь Міліянам, сам Пападопуляс падазраваў Міліяна ў працы на ФБР. Сувязь між імі, піша The Washington Post, паказвае, што Міліян быў бліжэйшы да асяродзьдзя Трампа, чым меркавалася раней.

На гэты момант невядома, ці даваў Міліян паказаньні спэцпракурору Робэрту Мюлеру, які вядзе расьсьледаваньне аб меркаваным умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. Таксама, піша The Washington Post, застаецца невядомай роля Міліяна ў асяродзьдзі Трампа.

Маргуліс пацьвердзіў выданьню сапраўднасьць лістоў, але сказаў, што сумняваецца ў палітычнай вазе Міліяна і ягоным уплыве на галасы расейскамоўных выбарнікаў у ЗША. Міліян не адказаў The Washington Post на просьбы аб камэнтары.

«Крыніца D» з Шаркаўшчыны?

Сяргей Міліян (Sergei/Sergio Millian, пры нараджэньні Сяргей Кукуць) нарадзіўся 22 кастрычніка 1978 году ў г. п. Шаркоўшчына Віцебскай вобласьці. У 1995 годзе, скончыўшы школу, паступіў у Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт, па заканчэньні якога вучыўся ў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце на факультэце мэнэджмэнту па спэцыяльнасьці юрыст.

Скончыўшы два курсы навучаньня, ён атрымаў грант на стажаваньне ў ЗША ў міжнароднай адукацыйнай праграме, што фінансуецца Marriott International, Inc. У біяграфіі адзначалася, што Міліян «працуе ў сфэры жылой і камэрцыйнай нерухомасьці на нацыянальным і міжнародным узроўні з Trump Organization і The Related Group». Апошнім часам Міліян зьнік з публічнага поля.

The Washington Post называла Міліяна чалавекам, які фігураваў як «інфарматар D» у скандальным дасье на Дональда Трампа пад аўтарствам былога брытанскага выведніка Крыстафэра Стыла. Прэзыдэнт ЗША шматкроць адмаўляў сапраўднасьць выкладзеных у гэтым дакумэнце зьвестак.

У сваю чаргу, сам Сяргей Міліян у тыя часы, калі ён быў даступны для камунікацыі, адмаўляў, што быў крыніцай кампрамату на Трампа. Прынамсі, у інтэрвію Tut.by, апублікаваным 31 студзеня 2017 году, ён казаў:

«На прэзыдэнта Трампа ніякага відавочнага кампрамату няма, дык яго вырашылі прыдумаць. Кампрамат — гэта дакумэнты, запісы, відэазапісы, якія паказвалі б чалавека ў нявыгадным для яго сьвятле, і такіх дакумэнтаў, якія кампрамэтавалі б, ні пра Трампа, ні пра мяне не існуе і ніколі нідзе не выстаўлялася. Існуе толькі нахабная, пачварная, адкрытая хлусьня».

Міліян тады адмаўляў, што наагул мае і меў надта шчыльныя сувязі з Трампам:

«Усё, што гаворыцца пра мяне, уключаючы супольныя з Трампам праекты ў галіне нерухомасьці, усё гэта было вельмі даўно, а сродкі масавай інфармацыі падаюць гэта так, быццам гэта адбывалася ўчора. Раней я займаўся прасоўваньнем у Расеі і СНД праектаў па нерухомасьці і аднаго з праектаў нерухомасьці, які носіць імя Трампа. Гэта быў 2007-2008 год, і ў той час адносіны Расеі і ЗША былі значна лепшыя.

Паўтаруся, шмат гадоў таму я ўсяго толькі прадстаўляў адзін зь яго шматлікіх праектаў у Флорыдзе. Так, я сустракаўся зь ім, але мая сустрэча насіла чыста дзелавы характар. Палітычныя пытаньні ніхто не закранаў».

За тыдзень да таго інтэрвію Міліяна The Wall Street Journal паведаміла, што інфармацыя для дасье Стыла была атрыманая менавіта ад Міліяна. Праўда, амэрыканскае выданьне тады паведамляла, што Міліян не кантактаваў наўпрост з аўтарамі дасье, інфармацыя была атрыманая праз трэція рукі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG