Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнік беларус — фігурант справы аб меркаваным расейскім умяшаньні ў выбары ў ЗША


Дональд Трамп у Белым Доме, 22 жніўня 2018
Дональд Трамп у Белым Доме, 22 жніўня 2018

У ЗША сьледзтва ў справе аб меркаваным расейскім умяшаньні ў амэрыканскія выбары ў 2016 годзе шукае бізнэсоўца беларускага паходжаньня з амэрыканскім грамадзянствам — нейкага Сяргея Міліяна.

Пра гэта паведамляе ABC News. Тэлеканал называе Міліяна «ключавой фігурай» у расьсьледаваньні і сьцьвярджае, што ён спрабаваў зблізіцца з камандай Дональда Трампа да і пасьля выбараў, а таксама наведаў яго інаўгурацыю.

Паводле дадзеных крыніц ABC News, у нейкі момант Міліян зьнік. Дэтэктывы, якія вядуць асобнае расьсьледаваньне пры Кангрэсе, ня здолелі яго адшукаць. Паліцыя спадзяецца выйсьці на сьлед бізнэсоўца праз Майкла Коэна, былога юрыста Трампа, які, як паведамляецца, раней двойчы кантактаваў зь Міліянам праз электронную пошту.

The Washington Post называла Міліяна чалавекам, які фігураваў як «інфарматар D» у скандальным дасье на Дональда Трампа пад аўтарствам былога брытанскага выведніка Крыстафэра Стыла. Прэзыдэнт ЗША шматкроць адмаўляў сапраўднасьць выкладзеных у гэтым дакумэнце зьвестак.

У сваю чаргу, сам Сяргей Міліян у тыя часы, калі ён быў даступны для камунікацыі, адмаўляў, што быў крыніцай кампрамату на Трампа. Прынамсі, у інтэрвію парталу TUT.BY, апублікаваным 31 студзеня 2017 году, ён казаў:

«На прэзыдэнта Трампа ніякага відавочнага кампрамату няма, дык яго вырашылі прыдумаць. Кампрамат - гэта дакумэнты, запісы, відэазапісы, якія паказвалі б чалавека ў нявыгадным для яго сьвятле, і такіх дакумэнтаў, якія кампрамэтавалі б, ні пра Трампа, ні пра мяне не існуе і ніколі нідзе не выстаўлялася. Існуе толькі нахабная, пачварная, адкрытая хлусьня».

Міліян тады адмаўляў, што наагул мае і меў надта шчыльныя сувязі з Трампам:

«Усё, што гаворыцца пра мяне, уключаючы супольныя з Трампам праекты ў галіне нерухомасьці, усё гэта было вельмі даўно, а сродкі масавай інфармацыі падаюць гэта так, быццам гэта адбывалася ўчора. Раней я займаўся прасоўваньнем у Расеі і СНД праектаў па нерухомасьці і аднаго з праектаў нерухомасьці, які носіць імя Трампа. Гэта быў 2007-2008 год, і ў той час адносіны Расеі і ЗША былі значна лепшыя.

Паўтаруся, шмат гадоў таму я ўсяго толькі прадстаўляў адзін зь яго шматлікіх праектаў у Флорыдзе. Так, я сустракаўся зь ім, але мая сустрэча насіла чыста дзелавы характар. Палітычныя пытаньні ніхто не закранаў».

За тыдзень да леташняга інтэрвію Міліяна TUT.BY газэта The Wall Street Journal паведаміла, што інфармацыя для дасье Стыла была атрыманая менавіта ад Міліяна. Праўда, амэрыканскае выданьне тады паведамляла, што Міліян не кантактаваў наўпрост з аўтарамі дасье, інфармацыя была атрыманая праз трэція рукі.

На сайце Шаркаўшчынскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сыстэмы ў разьдзеле «Славутыя землякі» прыводзіцца інфармацыя пра Сяргея Міліяна (да зьмены прозьвішча – Кукуця).

Інфармацыя пра яго ёсьць на сайце расейскага «Внешторгклуба».

Ні беларуская, ні расейская крыніцы не прыводзяць зьвестак пра якія б то ні было кантакты Сяргея Міліяна з Дональдам Трампам і бізнэс-імпэрыяй апошняга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG