Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Домаш: чалавек, якога не сапсавала ўлада


Сёньня, 11 лютага, у Горадні разьвіталіся зь Сямёнам Домашам, былым кіраўніком вобласьці, затым — вядомым апазыцыйным палітыкам. Ён памёр у 69 год.

Пад бел-чырвона-белым сьцягам

Для мяне самым запамінальным стаў выпадак са сьцягам. На сьвята (1992) парадная калёна вайскоўцаў мела прамаршыраваць па Горадні. Было дамоўлена, што наперадзе пройдзе і старшыня гарвыканкаму Сямён Домаш. Але ўзьнікае затрымка. Домаш адмаўляецца: у вайскоўцаў толькі іхні савецкі чырвоны сьцяг часьці. Безь дзяржаўнага гарадзкі галава ўзначальваць калёну не жадае. Яна рушыць толькі тады, калі наперадзе зьявіцца бел-чырвона-белы сьцяг.

Гарадзкі галава

Домаш вельмі рана пачаў рабіць пасьпяховую кар’еру: Астравец — Горадня — Ліда — Горадня. Ён інжынэр, эканаміст, «тэхнар». Ужо ў 27 дырэктар аўтакамбінату № 1 у абласным цэнтры. З 32-х, як тады пісалі, — «на партыйнай і савецкай рабоце». Рухаўся вельмі хутка, часам лічаныя гады на адным месцы.

Вось ён узначальвае ўладу ў Лідзе (1987), і ў горадзе, сярод іншага, зьяўляецца бронзавы помнік Францішку Скарыну. Неўзабаве Домаш — старшыня гарвыканкаму (1990) у Горадні. І тут яны нібы знаходзяць адзін аднаго з намесьнікам па культуры Аляксандрам Мілінкевічам. За тры гады будзе зроблена нямала. Пачнецца ператварэньне савецкіх школ у беларускія. Дзяржаўная мова стане афіцыйнай у выканкаме. Ён быў асабіста далёкі ад беларушчыны, але ўнутрана гатовы да яе. Так бывае. І гэта асабліва каштоўна.

Кіраўнік вобласьці

Верасень 1993-га: забіты старшыня аблвыканкаму Дзьмітры Арцыменя. Крэсла — вакантнае. Намэнклятура ўжо бачыць у ім свайго чалавека. Адпаведным чынам апрацаваныя дэпутаты абласнога савету. Аднак зь Менску тэрмінова прыяжджае Станіслаў Шушкевіч, каб новым кіраўніком вобласьці стаў Сямён Домаш. Каб мець свайго чалавека, які за дэмакратычную Беларусь, за беларускую. У тыя часы карэспандэнт Свабоды мог бесьперашкодна прысутнічаць на мерапрыемствах, дзе адбывалася барацьба за ўладу. Як было тады прынята: ён стане таксама кіраўніком абласнога савету дэпутатаў, будзе спалучаць дзьве пасады.

Лукашэнка — за Дубко

Канец 1994-га. Лукашэнка ня хоча ў Горадні кіраўніка, які прызначаны ня ім. Сэсія абласнога савету. Прэзыдэнт тлумачыць, што ёсьць добры гаспадар — Аляксандар Дубко, які годна ўзначаліць абласную ўладу. Дубко — старшыня прыгараднага калгаса-мільянэра, удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах.

Ставяць на галасаваньне. Вынік: дэпутаты адназначна за тое, каб на пасадзе застаўся Домаш. Зноў чалавек на трыбуне мусіць ціснуць, каб яго замянілі на Дубко.

Новае галасаваньне. Дэпутаты паўторна выказваюцца на карысьць Домаша. Што вы думаеце, гэта ж былі апошнія дні беларускай дэмакратыі!

Лукашэнка адклікае Домаша за сцэну. Нейкі час іх няма. З-за заслоны паяўляецца Домаш, я да яго: Сямён Мікалаевіч, што вам сказаў Лукашэнка? Ён стрымана пасьміхаецца, але нічога ня кажа. Але ўсё стане адразу ясна: Сямён Домаш падзякуе з трыбуны дэпутатам, што яны за яго гарой, але папросіць прагаласаваць трэці раз. І аддаць свае галасы за Дубко. Яму ўзначальваць аблвыканкам.

Домаш быў пакінуты на пасадзе старшыні абласнога Савету. Такі кампраміс. Пра гэта была дамоўленасьць з Лукашэнкам, які выразна адчуў, што дэпутаты ў гэтай вобласьці супраць ціску, што ня лічаць яго аўтарытэтам.

Апазыцыянэр

Старшыня абласнога Савету мусіць быць у парлямэнце. Ён стане дэпутатам (1995). Позна ўвечары ў дзень выбараў я быў у аблвыканкаме, зь месцаў паступалі лічбы: Домашу не чынілі перашкодаў, ён яшчэ не зрабіўся «нячэсным».

У Вярхоўным Савеце ён апынецца на баку дэмакратычнай часткі. Стане сябрам Прэзыдыюму, падпішацца пад патрабаваньнем імпічмэнту Лукашэнку, калі той пачне жалезна закручваць гайкі. Сьмеласьць у душы кожнага падпісанта змагалася са страхам. Домаш быў сьмелым чалавекам. Вынік зразумелы: будзе адхілены ад улады (1996).

Прэзыдэнцкія выбары

У Горадні Сямён Домаш працягвае працаваць з Аляксандрам Мілінкевічам, цяпер ужо на грамадзкай ніве. Перш узначаліць абласную каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў «Гарадзенская ініцыятыва». Потым — «Рэгіянальную Беларусь». Пачнецца грунтоўная падрыхтоўка да ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах (2001). Па ўсёй краіне.

За тры месяцы да выбараў у сталіцы адбудзецца вельмі прадстаўнічы зьезд дэлегатаў усіх абласьцей і многіх раёнаў у падтрымку кандыдатуры Сямёна Домаша. Хто там прысутнічаў, мог адчуць, што за гэтым чалавекам сапраўды сіла, што сам ён — адпаведны кандыдат, знаходка для апазыцыі. Прайшоў лесьвіцу дзяржаўнай службы ад кіраўніка вялікіх гарадоў, эканамічна пасьпяховай вобласьці да аднаго з кіраўнікоў парлямэнту.

У мяне захаваўся сіні сьцяжок з таго зьезду. З аднаго боку — словы «Шчасьця і дабрабыту майму народу!» і партрэт кандыдата. З другога — удала абыгранае прозьвішча: «Дом наш — Беларусь!».

Ад яго адмовіліся

Шматлікая каманда Домаша правяла вялікую падрыхтоўку ў маштабах Беларусі. Другі апазыцыйны кандыдат, Уладзімер Ганчарык, такой каманды ня меў і такой падрыхтоўкі правесьці ня мог. За сьпінай Домаша была ўся дэмакратычная Беларусь. Аднак кіраўнікі апазыцыі схілілі свой выбар на карысьць Ганчарыка, за сьпінай якога быў фантом дзяржаўных прафсаюзаў.

Домаш вымушаны быў выканаць папярэднюю дамоўленасьць: адклікаць сваю кандыдатуру. Кожны чалавек зь цьвярозым розумам мог разумець, што сапраўдны кандыдат ад апазыцыі на выбарах — менавіта Домаш. І, галоўнае, гэта разумеў ён сам. Адсюль расчараваньне ў апазыцыйных лідэрах і крыўда. Велізарная праца ў маштабах краіны, неверагодныя высілкі столькіх людзей — і ўсё марна. Яго, можна сказаць, «кінулі».

Ён быў сумленным чалавекам і таму стрымаў сваё слова. Відавочна, што многія на ягоным месцы гэтага б не зрабілі. І, мабыць, мелі б рацыю. Але Домаш быў не такі. Ён быў чалавек слова.

Беспрацоўны

Што было потым? Свой сэнс «Рэгіянальная Беларусь», па сутнасьці, страціла. Домаш адчуў, што мець справы з апазыцыйнымі лідэрамі таксама бессэнсоўна. Ён быў самавітым чалавекам, які сябе паважае. Ён ведаў сабе цану, ён быў дзяржаўнікам. У яго была прафэсія. Ён не жадаў далей спрабаваць жыць на гранты. Дый пасьля поўнага апазыцыйнага фіяска на прэзыдэнцкіх выбарах разьлічваць на іх асабліва не выпадала.

Што рабіць? Куды ні зьвяртаўся, ніхто на працу ня браў. Яго, былога кіраўніка гораду, вобласьці. Усе баяліся. І тады ён пайшоў у аблвыканкам і сказаў: дайце мне працу... Не адразу, але атрымаў яе, змог зноў зарабляць на жыцьцё.

Які ён быў

Гэта быў справядлівы чалавек, вялікія пасады яго не сапсавалі. Што здараецца нячаста. Быў з гаспадарскай жылкай, ахвотны да працы. Не гвалтоўны, не падступны, ня прагны да ўлады. Аўтарытэтны, не аўтарытарны.

Па-свойму рэдкі чалавек. Хоць такія людзі былі і будуць у нас. Але Беларусь часта ня цэніць такіх, не прывыкла.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG