Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не знайшлі 500 даляраў на год. Чаму закрыўся музэй Васіля Быкава ў Горадні


Уваход у былы музэй Васіля Быкава ў Горадні
Уваход у былы музэй Васіля Быкава ў Горадні

Прыватны музэй Васіля Быкава ў Горадні закрыўся, экспазыцыя пераехала. Улады не знайшлі на яго каля 80 рублёў на месяц. У новым месцы экспазыцыю плянуюць адчыніць да канца вясны.

Васіль Быкаў пражыў у Горадні 30 год.

«Ніхто не выдзяляў грошы зь бюджэту»

Музэй імя Васіля Быкава, які праіснаваў у Горадні каля 20 гадоў, мусіў закрыцца. Рашэньне прыняла на пачатку 2019 году Рада музэю, у якую ўваходзіць каля 10 чалавек. У ейнай пастанове значылася, што ўзначальваць і ўтрымліваць музэй няма каму, сказаў Свабодзе сябра рады музэю і краязнаўца Алесь Госьцеў.

Бюст пісьменьніка ў былым музэі Васіля Быкава
Бюст пісьменьніка ў былым музэі Васіля Быкава

Па словах бухгальтаркі музэю Яўгеніі Багданавай, у месяц трэба было плаціць «80 рублёў, або 80 зь нечым» за арэнду пакоя і камунальныя паслугі. Зь бюджэту на музэй не выдзялялася ніякіх сродкаў. Спонсарскай дапамогі пастаянна прасілі ў гарадзкіх і раённых прадпрыемстваў, калгасаў.

«Ніхто не выдзяляў грошай зь бюджэту. Гэта грамадзкая арганізацыя», — тлумачыць бухгальтарка музэю.

Такая цяжкая фінансавая сытуацыя пачалася каля 10 гадоў таму.

У 2015 годзе старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў даручыў знайсьці для экспазыцыі новае памяшканьне і нават хацеў зрабіць музэй дзяржаўным, але той не пераехаў і статусу не зьмяніў.

Музэй месьціўся ў малым пакоі ў канцы калідора

Музэй Быкава месьціўся ў офісным будынку на пешаходнай горадзенскай вуліцы — Савецкай. Аднак пра яго існаваньне мала хто ведаў, займацца папулярызацыяй не было каму. Пакойчык у 15 квадратных мэтраў быў у самым канцы цёмнага калідора.

Офісны будынак на Савецкай вуліцы, дзе раней быў музэй
Офісны будынак на Савецкай вуліцы, дзе раней быў музэй

Апошнія гады дзьверы ўвесь час былі зачыненыя, нягледзячы на графік на дзьвярах з пазначанымі гадзінамі працы.

«Ён рэгулярна не працаваў, бо няма каму было працаваць», — кажа Алесь Госьцеў.

Васіль Быкаў у Горадні, 1974 год
Васіль Быкаў у Горадні, 1974 год

Па словах Яўгеніі Багданавай, наведнікі амаль не прыходзілі. Раней ахвотныя паглядзець экспазыцыю тэлефанавалі старшыні і дамаўляліся зь ім прыватна на час наведваньня. Найбольш цікавіліся на дзень народзінаў пісьменьніка або перад 9 мая.

Уваход быў бясплатны.

Музэй быў зарэгістраваны афіцыйна як грамадзкая арганізацыя. Яго стварыў сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і ўдзельнік Другой усясьветнай вайны Мікалай Мельнікаў разам з Таварыствам вэтэранаў вайны, працы і Ўзброеных Сілаў. Пры ім у музэі ладзіліся сталыя дзяжурствы — некалькі гадзін на тыдзень па графіку. Пасьля ягонай сьмерці ў 2012 годзе сытуацыя пагоршылася.

Апошнія гады за старшыню музэю быў Аляксей Дземідовіч. Цяпер ён хварэе, апекавацца музэем ня можа.

Сярод экспанатаў — друкарская машынка і кававарка Быкава

У экспазыцыю музэю ўваходзілі рэчы пісьменьніка Васіля Быкава: друкарская машынка, кававарка, кашуля, асадкі, рукапісы.

Друкарская машынка Васіля Быкава, экспанат музэю. Фота Hrodna.Life
Друкарская машынка Васіля Быкава, экспанат музэю. Фота Hrodna.Life

«Ня кожны музэй можа такім пахваліцца. Астатнія матэрыялы таксама былі ня лішнія. Была добра падабраная бібліятэка», — кажа Алесь Госьцеў.

Кніжны стэнд у былым музэі Быкава
Кніжны стэнд у былым музэі Быкава

Рэчы далучаць да экспазыцыі іншага музэю

Экспанаты напрыканцы студзеня перадалі ў былы музэй Максіма Багдановіча на вуліцы 1 мая — цяперашні літаратурны аддзел Горадзенскага гісторыка-археалягічнага музэю.

«У нас ёсьць асобная экспазыцыя „Горадзеншчына літаратурная“. Частка яе прысьвечаная Васілю Быкаву: рукапісы, кнігі, дакумэнты, прадметы адзеньня. Яна проста дапоўніцца прадметамі», — сказала загадчыца літаратурнага аддзелу Алена Рапінчук.

Экспанаты перавезьлі ў былы музэй Багдановіча
Экспанаты перавезьлі ў былы музэй Багдановіча

Цяпер новыя паступленьні ўлічваюць і апрацоўваюць. Па словах загадчыцы аддзелу, гэтая праца зойме некалькі месяцаў. Абноўленую экспазыцыю, імаверна, можна будзе ўбачыць напрыканцы вясны. Фота некаторых экспанатаў плянуюць выкласьці на сайце гісторыка-археалягічнага музэю.

Уваход у літаратурны аддзел музэю каштуе 1,05, 1,25 і 1,55 рубля — адпаведна для школьнікаў, студэнтаў і дарослых.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG