Супрацоўнікі Ленінскага раённага і Менскага гарадзкога аддзелаў наркакантролю і процідзеяньня гандлю людзьмі з удзелам АМАП 31 студзеня затрымалі 46-гадовую дырэктарку стрыптыз-клюбу і дзьвюх адміністратарак 32 і 37 гадоў.
Назва ўстановы не называецца, а ў каталёгах у інтэрнэце не пазначана ніводнага стрыптыз-клюбу ў Ленінскім раёне. Але файл фота, якое публікуе міліцыя, падпісананы «prostitutki__iztehasa», а ў Менску ёсьць стрыптыз-бар «Тэхас» — ды ён у Цэнтральным раёне горада. Гарадзкі кантактны тэлефон клюбу не здымаюць, мабільныя недасяжныя. Інтэр’ер памяшканьня на фота з сайту міліцыі супадае з фота інтэр’еру клюбу.
Затрыманыя, як сьцьвярджае міліцыя, цягам некалькіх гадоў пастаўлялі наведнікам клюбу (пераважна іншаземцам) падначаленых танцорак у якасьці прастытутак.
Жанчынам могуць выставіць абвінавачваньне паводле ч. 2 арт. 171 КК — за ўчыненую групай арганізацыю заняткаў прастытуцыяй. За гэта могуць пакараць пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 10 гаоў з канфіскацыяй маёмасьці.