Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супэрбактэрыі перамагаюць: што трэба ведаць пра гэтую пагрозу чалавецтву і як быць з антыбіётыкамі


Калёнія бактэрыі E. Coli (кішачная палачка). Яна звычайна бясшкодная, але некаторыя яе штамы выклікаюць сур'ёзныя захворваньні і маюць устойлівасьць да розных антыбіётыкаў.

У СМІ ўсё часьцей гавораць пра блізкую кашмарную будучыню, дзе можна будзе загінуць ад бяскрыўднага парэзу: усе лекі акажуцца нядзейнымі супраць нават самай простай інфэкцыі.

Апакаліптычныя сцэнары яшчэ далёкія ад рэальнасьці, але праблема ўстойлівасьці бактэрый да лекаў з кожным годам становіцца ўсё вастрэйшай. Пра гэта піша карэспандэнт «Настоящего времени» Мікола Шацько.

На мінулым тыдні ў Давосе брытанскі міністар аховы здароўя Мэт Хэнкак заклікаў «прадухіліць жудасную будучыню», у якой людзі стануць безабароннымі перад бактэрыямі зь лекавай устойлівасьцю (іх часам называюць «супэрбактэрыі» ці «супэрмікробы»).

Прадстаўляючы свой плян барацьбы, Хэнкак параўнаў маштаб праблемы ўстойлівасьці бактэрый да антыбіётыкаў з войнамі і зьменай клімату. Падобнымі фармулёўкамі апэруе і Ўсясьветная арганізацыя здароўя (УАЗ), і спэцыялісты па ўсім сьвеце.

Наколькі ўсё дрэнна

Сытуацыя пакуль не крытычная, але вельмі сур’ёзная. Бактэрыі навучыліся супрацьстаяць нават самым моцным і рэдка ўжываным лекам («антыбіётыкам рэзэрву», такім як калістын), пры гэтым з 1980-х гадоў прынцыпова новых антыбіётыкаў практычна не зьяўлялася. Дасьледаваньні ідуць, але яны занадта доўгія і дарагія — а бактэрыі выпрацоўваюць устойлівасьць да антыбіётыкаў нашмат хутчэй. Справа ўскладняецца і тым, што супэрбактэрыі атрымліваюць магчымасьць лёгка распаўсюджвацца па ўсім сьвеце.

Аўтары брытанскага дасьледаваньня антыбіётыкарэзыстэнтнасьці (2016 год) давалі ацэнку, што колькасьць сьмерцяў ад такіх супэрбактэрый у сьвеце можа да 2050 году вырасьці прыкладна з 700 тысяч да 10 млн штогод — гэта больш, чым колькасьць ахвяраў анказахворваньняў (на момант публікацыі). Страты ВУП пры такім сцэнары дасягнуць 100 трыльёнаў даляраў.

Пакуль не існуе сыстэмаў, якія дазваляюць паўнавартасна адсочваць усясьветную сытуацыю з антыбіётыкарэзыстэнтнасьцю ва ўсясьветным маштабе. Праект СААЗ пад назвай GLASS стартаваў у 2015 годзе і па стане на канец 2018 году ўключаў у сябе толькі 71 краіну. У апошнюю справаздачу, апублікаваную ў студзені 2019 году, увайшлі дадзеныя з 49 краінаў, пры гэтым іх якасьць пакуль не дазваляе параўноўваць паміж сабой сытуацыю ў розных дзяржавах і рэгіёнах.

У рэгіянальных справаздачах таксама няшмат падставаў для аптымізму. Краіны Эўразьвязу за восем гадоў (2007–2015) зафіксавалі больш як двухкротны рост колькасьці людзей, якія гінуць ад інфэкцый, выкліканых устойлівымі перад антыбіётыкамі мікробамі, гаворыцца ў нядаўнім дасьледаваньні. Па колькасьці страчаных гадоў здаровага жыцьця ў пераліку на 100 тысяч насельніцтва (170) падобныя інфэкцыі практычна зраўняліся з сумарным эфэктам ВІЧ, грыпу і сухотаў (183). Больш за ўсё да такіх інфэкцый у ЭЗ схільныя дзеці да году і людзі, старэйшыя за 65 гадоў.

Зрэшты, яшчэ ў адной сьвежай публікацыі буйны марсэльскі шпіталь паказаў, што за 15 гадоў (2001–2016) у іх сытуацыя з рэзыстэнтнасьцю да антыбіётыкаў не пагоршылася. Да таго ж, мяркуючы па ўсясьветнай прэсе, пакуль неадчувальныя абсалютна да ўсіх антыбіётыкаў інфэкцыі ўсё ж ня носяць масавага характару: гучней за ўсё абмяркоўвалі справаздачу двухгадовай даўнасьці пра 70-гадовую амэрыканку, якая загінула ад неадчувальнай да ўсіх антыбіётыкаў бактэрыі (яе яна, хутчэй за ўсё, падхапіла ў Індыі, дзе трапіла ў бальніцу зь пераломам).

Якія менавіта арганізмы называюць супэрбактэрыямі

Супэрбактэрыі (супэрмікробы) — гэта мікраарганізмы, якія маюць устойлівасьць адразу да некалькіх антыбіётыкаў. Часам — да ўсіх вядомых.

У 2017 годзе СААЗ апублікавала сьпіс з 12 бактэрый, для барацьбы зь якімі тэрмінова патрэбныя новыя антыбіётыкі. Крытычна важна знайсьці лекі, здольныя справіцца з энтэрабактэрыямі (напрыклад, кішачнай палачкай E. Coli), сінягнойнай палачкай (Pseudomonas aeruginosa) і ацынэтабактэрам (Acinetobacter baumannii). Часьцей за ўсё менавіта гэтымі ўзбуджальнікамі выклікаюцца так званыя «ўнутрыбальнічныя інфэкцыі», зь якімі лекарам асабліва складана змагацца.

Таксама ў сьпіс СААЗ трапілі ванкаміцын-рэзыстэнтныя энтэракокі (Enterococcus faecium), неўспрымальныя да мэтыцыліну і ванкаміцыну залацісты стафілякок (methicillin-resistant staphylococcus aureus, MRSA), цэфаляспарын- і фторхіналанён-рэзыстэнтны ганакок, клярытраміцын-рэзыстэнтны гэлікабактэр і іншыя бактэрыі. Яны выклікаюць сурʼёзныя хваробы: заражэньне крыві, мэнінгіт, пнэўманію, інфэкцыі мачаводных шляхоў і ганарэю.

Часта ў матэрыялах пра антыбіётыкі фігуруюць паняцьці «грам-станоўчыя бактэрыі» і «грам-адмоўныя бактэрыі». Апошнія (напрыклад, кішачная палачка) маюць дзьве клеткавыя мэмбраны: зь імі складаней змагацца, і эфэктыўных супраць іх антыбіётыкаў у сьвеце менш.

Як дзейнічаюць антыбіётыкі і зьяўляецца ўстойлівасьць

Антыбіётыкі, або «процімікробныя прэпараты» — адмысловыя рэчывы, якія спыняюць рост клетак бактэрый або зьнішчаюць іх. Для гэтага існуе некалькі мэханізмаў: як правіла, антыбіётыкі атакуюць клеткавую сьценку, перашкаджаюць сынтэзу бялку або ДНК бактэрый.

Устойлівасьць да антыбіётыкаў выявілі неўзабаве пасьля іх зьяўленьня. Першы ў сьвеце антыбіётык пэніцылін, які перавярнуў мэдыцыну ХХ стагодзьдзя, быў адкрыты Аляксандрам Флэмінгам у 1928 годзе, але масава яго пачалі ўжываць толькі ў 1942-м. Яшчэ да гэтага, у 1940-м, стала вядома пра ўстойлівую да пэніцыліну кішачную палачку.

Бактэрыі пастаянна мяняюцца, каб стаць неўспрымальнымі да дзеяньня антыбіётыкаў: «выгадныя» мутацыі перадаюцца бактэрыямі з пакаленьня ў пакаленьне. Мікробы прыстасоўваюцца да антыбіётыкаў нават у велізарнай канцэнтрацыі вельмі хутка. Паглядзіце на відэа, як усяго за 11 дзён кішачная палачка адаптуецца да тысячакротнай дозы (у цэнтры) антыбіётыку:

Галоўнымі «інкубатарамі» супэрбактэрый аказваюцца бальніцы: там, дзе пастаянна прымяняюцца магутныя антыбіётыкі, растуць папуляцыі неўспрымальных да іх мікробаў. Спрыяе разьвіцьцю ўстойлівасьці бактэрый і сельская гаспадарка: там антыбіётыкі шырока ўжываюць для прафіляктыкі хваробаў і паскарэньня росту жывёлаў.

Ці сьмяротная сустрэча з супэрбактэрыяй

Для здаровага чалавека з нармальным імунітэтам — не. Але часьцей за ўсё такія мікробы сустракаюцца ў бальніцах, куды трапляюць людзі, ужо аслабленыя той ці іншай хваробай. Для некаторых пацыентаў (напрыклад, на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх) сустрэча з супэрбактэрыяй можа стаць папросту фатальнай.

Цяпер без антыбіётыкаў немагчыма рабіць складаныя хірургічныя апэрацыі, трансплянтацыі і лячыць рак шляхам хіміятэрапіі. Апошняя звычайна душыць імунітэт: для такіх хворых нават самая звычайная інфэкцыя можа стаць сьмяротнай, ня кажучы ўжо пра выкліканую супэрмікробамі.

Пры гэтым з інфэкцыямі ад мультырэзыстэнтных бактэрый, пакуль на іх дзейнічаюць хоць нейкія антыбіётыкі, можна жыць, хай нават гэта і будзе спалучана з пакутамі.

Эмілі Морыс кажа, што супэрбактэрыі ў яе мачавым пухіры выявілі ў падлеткавым узросьце і з тых часоў ёй прыйшлося пераспрабаваць мноства антыбіётыкаў, у тым ліку «прэпараты рэзэрву», накшталт карбапэнэму.

Падчас цяжарнасьці яна была вымушана прымаць антыбіётык, які не правяралі на цяжарных, яе нованароджанаму дзіцяці прыйшлося адразу прайсьці курс тэрапіі антыбіётыкамі. «Гэта было вельмі страшна», — распавядала 24-гадовая Морыс часопісу New Scientist у 2017 годзе.

32-гадовая Кэтрын Уільямс ужо больш за 10 гадоў пастаянна прымае антыбіётыкі з прычыны хваробы мачаводных шляхоў, выкліканай супэрбактэрыямі.

«Кожны раз, калі сканчаецца курс прыёму антыбіётыкаў, хвароба вяртаецца, — казала яна ў інтэрвію BBC. — Боль проста прыкоўвае цябе да ложка да наступнага курсу. Тое, што мне прыйдзецца прымаць антыбіётыкі ўсё жыцьцё, мяне вельмі палохае».

Што ў постсавецкіх краінах

У постсавецкіх краінах — Беларусі, Расеі, Украіне, Казахстане — антыбіётыкі доўга прадаваліся без рэцэпту. Гэта вяло да злоўжываньняў і самалячэньня, а ў выніку — спрыяла разьвіцьцю рэзыстэнтнасьці ў бактэрый.

У кастрычніку 2017 году ў Расеі прынялі «Стратэгію папярэджаньня распаўсюджваньня антымікробнай рэзыстэнтнасьці». Дакумэнт прадугледжвае два галоўныя этапы. Да 2020 году насельніцтва будуць інфармаваць аб правільным выкарыстаньні антыбіётыкаў, працаваць над лепшым выяўленьнем рэзыстэнтнасьці і вызначэньні базавых паказчыкаў, як ацэньваць яе распаўсюджанасьць. На другім этапе (да 2030 году) плянуецца зьнізіць колькасьць выпадкаў хваробаў, зьвязаных з супэрбактэрыямі.

Чаму так доўга не зьяўляюцца новыя антыбіётыкі

За апошнія дзесяцігодзьдзі арсэнал мэдыкаў практычна не папаўняўся антыбіётыкамі прынцыпова новых клясаў. Прычын таму некалькі.

Распрацоўка такіх лекаў — гэта складаны і дарагі працэс, які будзе каштаваць сотні мільёнаў ці мільярды даляраў. Для фармакалягічных кампаній гэта не заўсёды цікава з камэрцыйнага пункту гледжаньня: курсы антыбіётыкаў звычайна кароткатэрміновыя, у адрозьненьне ад лекаў для хранічных захворваньняў (антырэтравіруснай тэрапіі, напрыклад, якая людзям зь ВІЧ неабходная ўсё жыцьцё). Да таго ж з прычыны хуткага ўзьнікненьня ўстойлівасьці расьце рызыка абясцэньваньня інвэстыцый у распрацоўку новых прэпаратаў.

Тым ня менш апошнім часам увайшлі ва ўжытак магутныя антыбіётыкі, атрыманыя на базе старых адкрыцьцяў — перадусім лінэзалід (Зівокс). Дый прадстаўнікі існуючых клясаў антыбіётыкаў увесь час удасканальваюцца і нярэдка могуць узмацняць эфэкт пры сумесным выкарыстаньні.

Што рабіць

СААЗ рэкамэндуе выкарыстоўваць антыбіётыкі толькі па прызначэньні лекара (а лекарам — прызначаць іх разумна) і заўсёды праходзіць курс лячэньня цалкам, а не спыняць прыём антыбіётыкаў адразу, як толькі самаадчуваньне палепшыцца.

Таксама рэкамэндуецца не захоўваць, не выкарыстоўваць зноўку і не перадаваць іншым лекі, якія засталіся.

Важна вакцынавацца, умацоўваць уласны імунітэт, старанна выконваць правілы гігіены і не спрабаваць лячыць вірусныя захворваньні антыбіётыкамі, рэкамэндуе СААЗ.

Таксама ёсьць сэнс па магчымасьці пазьбягаць бальніц у рэгіёнах, дзе санітарная сытуацыя далёкая ад ідэальнай. У першую чаргу — у Азіі і Афрыцы. Паводле брытанскай справаздачы, там да 2050 году будзе больш за ўсё сьмерцяў ад інфэкцый, выкліканых супэрбактэрыямі.

Калі ў вас ці ў блізкіх ёсьць падазрэньне на такую інфэкцыю, зьвярніцеся па кансультацыю да спэцыяліста ў інфэкцыйных хваробах. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што гэта можа на 50% зьнізіць сьмяротнасьць ад інфэкцый, выкліканых бактэрыямі зь лекавай устойлівасьцю.

Чаго чакаць у будучыні

Праблемай неўспрымальнасьці да антыбіётыкаў гадамі займаюцца навукоўцы і спэцыялісты ў галіне аховы грамадзкага здароўя, і падставы для аптымізму ёсьць.

СААЗ у 2015 годзе ўхваліла глябальны плян барацьбы з устойлівасьцю да процімікробных прэпаратаў. Розныя краіны — у тым ліку ЗША, Расея і зусім нядаўна Вялікая Брытанія — прымаюць уласныя комплексы захадаў па барацьбе з устойлівасьцю бактэрый да антыбіётыкаў. Звычайна яны ўключаюць інфармаваньне пацыентаў і лекараў аб разумным выкарыстаньні прэпаратаў, абмежаваньні на прымяненьне антыбіётыкаў у сельскай гаспадарцы і садзейнічаньне распрацоўкам новых клясаў антыбіётыкаў.

Нягледзячы на ўсе складанасьці, такія распрацоўкі ўжо ідуць, і асобныя іх вынікі выглядаюць шматабяцальна. Напрыклад, тэіксабактын — прынцыпова новы антыбіётык, адкрыты ў 2015 годзе групай навукоўцаў з ЗША, Нямеччыны і Вялікай Брытаніі.

У канцы 2017 году яго навучыліся эфэктыўна сынтэзаваць, а ў 2018-м дзеяньне сынтэтычнага тэіксабактыну пасьпяхова праверылі на мышах. Але да зьяўленьня лекаў для людзей яшчэ далёка: паводле ацэнак навукоўцаў, 6–10 гадоў.

Такія лекі могуць і зусім не зьявіцца: напрыклад, прадстаўлены ў 2006 годзе плятэнсіміцын, на які ўскладалася багата спадзяваньняў, так і не дабраўся да паўнавартасных клінічных тэстаў з прычыны яго неэфэктыўнасьці пры ўвядзеньні стандартнымі мэтадамі. Аднак дасьледаваньні прынцыпаў працы плятэнсіміцыну дазваляюць спадзявацца на зьяўленьне новых, больш эфэктыўных распрацовак.

У пачатку 2018 году навукоўцы Ракфэлераўскага ўнівэрсытэту ў ЗША прадставілі яшчэ адзін прынцыпова новы кляс антыбіётыкаў — малацыдзіны, але да зьяўленьня лекаў на іх аснове спатрэбіцца яшчэ больш часу.

Разглядаюцца і іншыя варыянты тэрапіі супраць супэрбактэрый: мэтанакіраванае ўзмацненьне імунітэту, антымікробныя пэптыды, сынтэтычныя рэчывы, запазычаныя ў вірусаў, даданьне асаблівых элемэнтаў да ўжо існуючых антыбіётыкаў для павышэньня эфэктыўнасьці і іншыя спосабы. Аднак усе яны пакуль для масавага клінічнага выкарыстаньня ня гатовыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG