Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы парадак продажу лекаў створыць чэргі ў паліклініках


Міністэрства аховы здароўя зьмяніла парадак продажу лекавых сродкаў у аптэках. Цяпер аптэкі забіраюць рэцэпты ў грамадзянаў, якія набываюць лекі за поўны кошт.

Гэта прадугледжана адмысловай пастановай Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, гэтая мера дапаможа ўдасканаліць забесьпячэньне насельніцтва лекамі, а таксама пазбавіцца ад самалекаваньня. Акрамя таго, пры хранічным захворваньні схема лячэньня празь некаторы час мае патрэбу ў карэктаваньні, а часам і ў поўнай замене.

Урач, кіраўнік інфармацыйна-кансультатыўнай установы «Шэгамэдкансульт» са Слоніма Іван Шэга лічыць, што такая навацыя неабгрунтаваная — моцныя лекі і так заўсёды прадаваліся толькі пры наяўнасьці рэцэпту, які пры продажы забіралі:

«У нас ёсьць прэпараты, якія заўсёды выдаваліся толькі паводле рэцэпту. Гэта, напрыклад, псыхатропы і вельмі моцныя антыбіётыкі. А асноўная маса лекаў, якія прымаюць хворыя, вялікай небясьпекі не ўяўляюць, і чалавек цалкам можа сам набываць лекі, маючы папярэдні рэцэпт».

У афіцыйным камэнтары Міністэрства аховы здароўя адзначаецца: інструкцыя дапаўняецца нормай аб тым, што лекавыя сродкі выпісваюцца пацыенту ня толькі з улікам дыягназу, узросту, парадку аплаты, але і з улікам даступнасьці па цане. Гэта азначае, што ў першую чаргу выпісваюцца прэпараты, якія закупленыя па выніках дзяржаўных працэдур закупу лекавых сродкаў.

Іван Шэга бачыць у гэтым жаданьне дзяржавы збываць пацыентам лекі айчыннай вытворчасьці ў межах праграмы імпартазамяшчэньня, хоць замежныя аналягі часта бываюць больш якасныя і эфэктыўныя:

«Навацыю трэба зьвязаць яшчэ і з устаноўкай на імпартазамяшчэньне, каб усе лекі былі беларускімі. Мабыць, будзе дадзеная каманда выпісваць рэцэпты толькі на беларускія лекі. Іначай сэнсу вялікага няма. Вось чаму, напрыклад, у Эўропе ўсе лекі выпісваюцца паводле рэцэпту? Таму што там страхавая мэдыцына. Там чалавек набывае паводле рэцэпту лекі, а пасьля яму страхавая кампанія вяртае ўсе грошы, якія ён затраціў. У нас такога няма. Таму і забіраць кожны раз рэцэпт сэнсу ў нас таксама няма».

У сувязі зь неабходнасьцю кожны раз мець рэцэпт на прэпарат і пацыенты, і дактары сутыкнуцца з праблемамі павелічэньня чэргаў на прыём і неадпаведнасьці лекаў, выпісаных у рэцэпце, і тых аналягаў, якія будуць у продажы ў аптэцы, лічыць Іван Шэга:

Іван Шэга
Іван Шэга

«У аптэках вельмі шмат аналягаў лекавых сродкаў з рознымі назвамі ў залежнасьці ад вытворцы. Дык атрымліваецца, што пацыент прыходзіць да доктара і атрымлівае рэцэпт на пэўны прэпарат. А ў аптэцы менавіта гэтага прэпарату няма, а ёсьць аналяг. Дык вось як цяпер будзе? Будуць выдаваць гэты аналяг ці прымусяць наноў да доктара ісьці па новы рэцэпт? Іншая праблема — хранічна хворыя, якія гадамі прымаюць адны і тыя ж прэпараты. Як ім кожны раз бегаць у аптэку? Тое, што будуць дадатковыя чэргі і праблемы, — гэта адназначна. Ужо цяпер і дактары стогнуць, і хворыя вельмі незадаволеныя. Я лічу, што гэта нелягічная і неразумная кампанія, якую распачало Міністэрства аховы здароўя».

Мянчанка Валянціна Пахамовіч, якая атрымлівае ў аптэцы лекі бясплатна, ужо сутыкнулася з праблемай, што мусіць мець рэцэпт на прэпарат. Жанчына ў разгубленасьці — у раённай паліклініцы ўжо два гады як няма тэрапэўта, і выпісаць рэцэпт проста няма каму. Хацела б купіць за грошы — не прадаюць, бо няма рэцэпту:

«Лекі мне выдаюцца паводле рэцэпту. Паколькі маю хранічнае захворваньне, належыць даваць бясплатна. Таму рэцэпт забіраюць для справаздачнасьці кожны раз — штомесяц, калі набываю лекі. Але цяпер нават у платных аптэках, дзе можна было купіць без рэцэпту, прадаюць толькі пры наяўнасьці рэцэпту лекара. Праз складаную сытуацыю зь лекарамі складана выпісаць рэцэпт — свайго тэрапэўта на ўчастку ўжо два гады як няма, да іншых тэрапэўтаў немагчыма ўзяць талёнчык, старшая мэдсястра захварэла. Вось мне сказалі, што ніхто ня можа выпісаць рэцэпт. Я пайшла ў аптэку, каб купіць, але там без рэцэпту мне лекі не прадалі. Рэцэпт цяпер патрэбны ў любым выпадку — платныя лекі ці бясплатныя, і кожны раз. Вось такі клопат пра хранічна хворых з боку дзяржавы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG