Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню за 28 гадоў брытанскі дэпутат трапіць у турму. Перавысіла хуткасьць на 16 км/г і схлусіла


Дэпутатка брытанскай Палаты грамадаў Фіёна Анасанья, 2017 год

Дэпутатка Палаты грамадаў парлямэнту Вялікай Брытаніі Фіёна Анасанья была асуджаная на тры месяцы турэмнага зьняволеньня, піша BBC.

Апошні раз брытанскага дэпутата саджалі за краты ў 1991 годзе — тады гэта былі 60 дзён турмы Тэры Філдза за нясплату падатку.

Фіёну Анасанья, 35-гадовую дэпутатку з партыі лейбарыстаў, 29 студзеня прызналі вінаватай у спробе перашкодзіць правасудзьдзю.

Паўтара года таму дарожная камэра зафіксавала перавышэньне хуткасьці ейнай машынай: дзе можна было 50 км/г, аўта ехала з хуткасьцю 66 км/г.

Дэпутатка не прызнавала сябе вінаватай: сьцьвярджала, што за рулём яе машыны быў іншы чалавек. Але ў судзе даказалі, што ня толькі менавіта яна была за рулём, але і што яна падчас гэтага абменьвалася тэкставымі паведамленьнямі. Анасанья мае намер абскардзіць прысуд.

І яе супартыйцы-лейбарысты, і апанэнты-кансэрватары заклікалі жанчыну пакласьці дэпутацкі мандат, але яна адмаўлялася: казала, калі пакіне працу, ня будзе на што жыць (адзіная крыніца ейных даходаў, казаў адвакат, гэта дэпутацкі заробак у 72 тысячы фунтаў на год).

Яе выключылі з партыі пасьля прысуду, але Анасанья застаецца дэпутаткай: мандат адабралі б аўтаматычна, толькі калі б прысуд быў на год і болей.

Калі апэляцыя дэпутаткі ня дасьць станоўчага для яе выніку, выбарнікі акругі Пітэрбору, ад якога Анасанья прайшла ў парлямэнт, могуць сабраць подпісы за адстаўку і перавыбары, і набраць трэба подпісы 10% выбарнікаў за шэсьць тыдняў. Прадстаўнікі абедзьвюх галоўных партыяў Брытаніі заяўлялі, што будуць заахвочваць жыхароў акругі падпісаць пэтыцыю, калі дэпутатка сама ня здасьць мандат.

Як піша The Guardian са спасылкай на крыніцы, блізкія да дэпутаткі, Анасанья зьбіраецца вярнуцца на працу пасьля турмы. У парлямэнце выданьню пацьвердзілі, што ёй прадоўжаць плаціць дэпутацкі заробак нават у час зьняволення. Пасьля сэнсацыйнай перамогі на выбарах у 2017 годзе Анасанья казала, што хоча стаць першай чарнаскурай прэм’ер-міністаркай Брытаніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG