Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэнэсуэльскі крызіс: Белы дом «адкажа на пагрозы дыпляматам»


Падчас пратэстаў у Вэнэсуэле, 23 студзеня 2019 году
Падчас пратэстаў у Вэнэсуэле, 23 студзеня 2019 году

Злучаныя Штаты паабяцалі «сур’ёзныя захады ў адказ», калі сілавыя органы, што падпарадкоўваюцца Нікалясу Мадура, створаць пагрозу бясьпецы для амэрыканскіх дыпляматаў у краіне ці для Хуана Гуайдо, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прызнаны ЗША.

Пра гэта напісаў у твітэры дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан. Ён таксама адзначыў, што Куба падтрымлівае ўзброеных прыхільнікаў Мадура.

Нікаляс Мадура 27 студзеня адмовіўся ад выстаўленых ім раней патрабаваньняў да амэрыканскіх дыпляматаў пакінуць краіну.

Кіраўнік Нацыянальнай асамблеі Хуан Гуайдо абвясьціў сябе прэзыдэнтам на масавым мітынгу 23 студзеня. Ён сьцьвярджае, што мае на гэта права па канстытуцыі, паколькі выбары, на якіх Мадура атрымаў перамогу, не былі легітымныя.

ЗША і большасьць краінаў Лацінскай Амэрыкі прызналі Гуайдо часовым прэзыдэнтам, такую ж пазыцыю ў нядзелю заняў Ізраіль. Краіны ЭЗ заявілі, што прызнáюць Гуайдо, калі Мадура тэрмінова не абвесьціць пра новыя выбары. Расея, Кітай, Турэччына, Куба і шэраг іншых краін прызнаюць прэзыдэнтам Мадура.

У Вэнэсуэле працягваюцца вулічныя акцыі, аднак у апошнія дні яны ня надта шматлікія. Апазыцыя мае намер арганізаваць маштабныя пратэсты на гэтым тыдні. Прыхільнікі Гуайдо асьцерагаюцца рэпрэсіяў з боку уладаў — ужо былі затрыманыя сотні актывістаў.

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў 27 студзеня заявіў, што Расея не адпраўляла ў Вэнэсуэлу наймітаў для аховы Мадура.

25 студзеня агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы паведаміла аб адпраўцы супрацоўнікаў прыватнай вайсковай кампаніі ў Каракас. Reuters удакладняе, што гаворка ідзе, пэўна, пра зьвязаных з Крамлём байцоў «ЧВК Вагнэра», якія раней бралі ўдзел у канфліктах у Сырыі і ва Ўкраіне. Пры гэтым агенцтва спасылаецца на крыніцы, надзейнасьць якіх шэраг камэнтатараў паставілі пад сумнеў.

Кіраўніцтва вэнэсуэльскай арміі заяўляе аб вернасьці Мадура. Ён наведаў 27 студзеня адну з вайсковых частак. Аднак вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў ЗША 26 студзеня заявіў, што прызнае прэзыдэнтам Гуайдо.

Папа Рымскі Францішак у нядзелю падчас візыту ў Панаму заклікаў да «справядлівага і мірнага» вырашэньня крызісу ў Вэнэсуэле.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG