Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Вэнэсуэлы паведамілі пра задушэньне вайсковага бунту


Салдаты Нацыянальнай гвардыі Вэнэсуэлы супрацьдзейнічаюць вулічным пратэстам
Салдаты Нацыянальнай гвардыі Вэнэсуэлы супрацьдзейнічаюць вулічным пратэстам

Улады Вэнэсуэлы расказалі пра падаўленьне ў краіне антыўрадавага выступу вайскоўцаў.

Паведамленьне пра гэта разьмешчанае на сайце Міністэрства абароны. Паводле тэксту, арміі ўдалося прымусіць да здачы невялікую групу вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі, якія спрабавалі са зброяй у руках справакаваць хваляваньні сярод насельніцтва.

Паводле паведамленьня вайсковага ведамства, каля 3-й гадзіны раніцы паводле мясцовага часу (10.00 у Менску), невялікая група вайскоўцаў захапіла капітана, які адказваў за паліцэйскі ўчастак у заходнім Каракасе. Мяцежнікі на двух грузавіках паехалі ў беднае прадмесьце, дзе захапілі зброю ў пастарунку Нацыянальнай гвардыі. Яны сустрэлі супраціў і здаліся на апорным пункце Нацыянальнай гвардыі за тры кілямэтры ад прэзыдэнцкага палаца Нікаляса Мадура ў сталіцы Вэнэсуэлы.

За некалькі гадзін да задушэньня бунту ў сацыяльных сетках была апублікаваная сэрыя відэаролікаў, у якіх група добра ўзброеных гвардзейцаў заяўляла, што яны не прызнаюць ураду прэзыдэнта Мадура, паведамляе Associated Press. На адным зь відэа сяржант Нацыянальнай гвардыі заклікае грамадзян Вэнэсуэлы далучыцца да пратэсту. «Вы прасілі выйсьці на вуліцы, каб абараніць канстытуцыю, ну вось і мы», — сказаў гвардзеец.

Мадура займае пасаду прэзыдэнта Вэнэсуэлы з 2013 году. Тады ён выйграў выбары, якія прайшлі пасьля сьмерці былога лідэра краіны Уга Чавэса. Прэзыдэнта крытыкуюць за парушэньні прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека. 15 студзеня парлямэнт Вэнэсуэлы абвясьціў Мадура ўзурпатарам. Нацыянальная асамблея, большасьць у якой належыць апазыцыі, заявіла, што лічыць несапраўднымі ўсе рашэньні, якія прымае кіраўнік дзяржавы.

У апошнія гады ў Вэнэсуэле працягваецца гуманітарны крызіс. У 2018 годзе паказчык інфляцыі ў краіне перавысіў адзін мільён адсоткаў. З 2014 году ў краіне рэгулярна ўспыхваюць вулічныя пратэсты супраць прэзыдэнта.

У жніўні летась улады Вэнэсуэлы паведамілі пра прадухіленьне замаху на Мадура на вайсковым парадзе ў Каракасе. Тады адказнасьць за замах узяла на сябе малавядомая групоўка «Нацыянальны рух салдатаў у футболках».

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле

  • 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.

Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам

  • Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
  • Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
  • 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура. ​
  • 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
  • У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
  • 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
  • Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
  • Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
  • У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
  • У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Падрабязьней >>>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG