«Сьмярдзючы завод» пад Сьветлагорскам скідае адкіды ў Бярэзіну: «У іх там і кроў ідзе, і рукі гараць». ВІДЭА

абноўлена
Завод сульфатнай беленай цэлюлёзы, Якімава Слабада
Завод сульфатнай беленай цэлюлёзы, Якімава Слабада

Жыхары Сьветлагорску 19 студзеня заўважылі, як з трубы цэлюлёзна-кардоннага камбінату ў раку Бярэзіну цячэ незразумелая вадкасьць і пена. З гэтай нагоды мясцовая жыхарка Алена Масьлюкова зьвярнулася ў раённае ўпраўленьне МНС, а таксама ў міліцыю.

Супрацоўнікі МНС скід зафіксавалі. Алена Масьлюкова зьняла працэс скіду вадкасьці на відэа.

Што скідалі ў Бярэзіну?

Зь відэа бачна, як у ліўневую каналізацыю, якая зьвязана з ракой Бярэзінай, льецца цёмная вадкасьць з брудна-жоўтай пенай. Алена Масьлюкова распавяла Свабодзе, што гэта адбылося каля 14 гадзіны 19 студзеня, навокал стаяў смурод.

Пакуль Алена Масьлюкова не атрымала адказу ні ад МНС, ні ад кіраўніцтва заводу, што канкрэтна скідалі ў ваду і наколькі гэта шкодна для экалёгіі.

Як сказаў карэспандэнту Свабоды намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалёгіі Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату Сяргей Гарбачоў, гэта быў плянавы скід, які «не пагражае экалёгіі».

«Пэрыядычныя скіды прадугледжаныя, гэта ж тэхналягічная труба, туды ўсё ідзе пасьля ачысткі. А чорнае яно, бо вада ў рацэ чорная. Гэта прадугледжана ў праекце, які ўзгоднены ўсімі экалягічнымі службамі. Гэта быў плянавы скід. Ня тое, што там нешта страшнае скідаюць. У такіх месцах вялікія зграмаджэньні рыбы, рыба іх з задавальненьнем есьць і ня плавае дагары пузам», — кажа Сяргей Гарбачоў.

Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы, архіўнае фота
Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы, архіўнае фота

Чаму завод сьмярдзіць?

Намесьнік гендырэктара прызнае, што вытворчасьць заводу таксама выклікае смурод, але небясьпекі ў гэтым, упэўнівае ён, няма.

«Канцэнтрацыі ў паветры далёкія ад гранічна дапушчальных у меншы бок. Але, на жаль, гэты газ настолькі сьмярдзючы, што мы яго чуем, калі там дзьве малекулы на кубічны мэтар. У такой канцэнтрацыі няма небясьпекі для людзей. Але ён прыносіць вялікія нязручнасьці. Тыя, хто ня церпяць, гатовыя са скуры выскачыць. У іх і кроў ідзе, і рукі гараць, і вочы на лоб лезуць. Але такіх чатыры чалавекі. У іншых нічога на лоб ня лезе, яны з разуменьнем ставяцца», — сказаў Сяргей Гарбачоў.

У эколягаў да заводу пад Сьветлагорскам, які ў народзе празвалі «сьмярдзючым» за характэрны пах навокал, шмат пытаньняў. Праект праходзіў дадатковую экспэртызу ў Мінпрыроды, дзе пацьвердзілі, што смуроду навокал быць не павінна.

«Кітайскія партнэры нашы пакідалі тут усё»

Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.

Завод беленай цэлюлёзы каля Сьветлагорску.
Завод беленай цэлюлёзы каля Сьветлагорску.

У лістападзе 2018 году завод спыняўся, Сяргей Гарбачоў кажа, што гэта было зьвязана з кітайскімі інвэстарамі. Цяпер на заводзе ідуць працы па пробным выпуску прадукцыі. Кітайскія інвэстары далі на пабудову заводу крэдыт у 800 мільёнаў даляраў.

«Кітайскія партнэры нашы пакідалі тут усё. Мы вымушаныя былі сваю ахову выставіць. Мы пасьля ўсё зьвялі да кучы і ўзнавілі пробныя працы. Гэта каб ліквідаваць усе парушэньні, якія нам выпісалі», — кажа Сяргей Гарбачоў.

Сваю незадаволенасьць гэтым праектам выказваў Аляксандар Лукашэнка. Яшчэ летась у красавіку ён заяўляў, што «завод спыніўся празь месяц пасьля яго запуску».

​
XS
SM
MD
LG