Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеля абароны Рыбкі блогер Ліпковіч прапанаваў выслаць расейскага амбасадара, стварыў пэтыцыю


Насьця Рыбка, архіўнае фота

Блогер Яўген Ліпковіч запусьціў на Petitions.by збор подпісаў у абарону беларускі Насьці Рыбкі, затрыманай у Расеі. За першыя гадзіны подпісы пакінулі больш за 140 карыстальнікаў.

У пэтыцыі згадваецца, што грамадзянка Беларусі Анастасія Вашукевіч (вядомая як Насьця Рыбка) была затрыманая ў транзытнай зоне аэрапорту Шарамецьцева падчас дэпартацыі з Тайлянду ў Беларусь. Жанчына адмовілася падпарадкоўвацца «людзям у цывільным», але не супраціўлялася — яе зьнесьлі на інвалідным вазку.

«У сувязі з тым, што гэты абуральны, на наш погляд, акт затрыманьня ажыцьцёўлены супрацоўнікамі органаў унутраных справаў Расейскай Фэдэрацыі нахабна і цынічна, усе іхныя наступныя дзеяньні ў зборы доказаў у тым ліку аб „уцягваньні ў прастытуцыю“, на нашую думку, ня могуць быць прызнаныя законнымі», — пішуць у пэтыцыі.

Дзеяньні расейскіх органаў да Вашукевіч могуць распаўсюдзіцца і на ўсіх грамадзянам Беларусі без выключэньня, перакананы аўтар звароту. Таму ён прапануе адклікаць з Расеі беларускага амбасадара для кансультацыяў, а таксама прапанаваць расейскаму амбасадару «пакінуць тэрыторыю нашай краіны да ўрэгуляваньня пытаньня з грамадзянкай Беларусі Анастасіяй Вашукевіч».

У дзень, калі адбывалася дэпартацыя беларусаў з Тайлянду ў Менск, начальнік упраўленьня грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун паведаміў Свабодзе, што кампэтэнтныя органы не праяўляюць ніякай цікавасьці да грамадзянкі Анастасіі Вашукевіч.

19 студзеня Нагацінскі суд Масквы падоўжыў затрыманьне Вашукевіч яшчэ на 72 гадзіны. Разгляд пытаньня аб яе арышце працягнецца 22 студзеня.

Чаму мы пішам пра Насьцю Рыбку?​

Насьця Рыбка стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.

Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насьця Рыбка. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.

Анастасія Вашукевіч, Аляксандар Кірылаў і яшчэ 7 чалавек былі затрыманыя ў Патаі ў канцы лютага 2018 году. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. Большасьць удзельнікаў сэмінараў былі мужчыны.

Аляксандар Кірылаў заяўляе, што супраць яго і Анастасіі Вашукевіч была праведзеная сакрэтная апэрацыя. Паліцыя распавяла The New York Times, што «замежны шпіён» быў у канфэрэнц-залі падчас трэнінгу і што шпіён кантактаваў з афіцэрамі, якія чакалі пачатку апэрацыі па затрыманьні ўдзельнікаў «трэнінгу».

Ганароваму консулу Беларусі ў Тайляндзе Рыбка заявіла, што ня хоча вяртацца ў Беларусь, сказаў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG