Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сваякоў Насьці Рыбкі і Алекса Лэсьлі прайшлі ператрусы


Насьця Рыбка
Насьця Рыбка

У сваякоў беларускай мадэлі Анастасіі Вашукевіч, вядомай як Насьця Рыбка, і сэкс-трэнэра Аляксандра Кірылава, які называе сябе Алекс Лэсьлі, прайшлі ператрусы. Рыбка і Лэсьлі былі затрыманыя ў чацьвер у Маскве, ператрусы праходзілі ў ноч на пятніцу пасьля іх затрыманьня. Пра гэта піша выданьне The Bell са спасылкай на мужа Рыбкі і іншых сваякоў затрыманых.

«Абудзілі суседзяў, запатрабавалі выступіць панятымі», — распавёў The Bell адзін са сваякоў. Паводле яго, ператрусы праводзілі людзі ў цывільным, яны канфіскавалі ўсе знойдзеныя электронныя носьбіты. Журналісты не ўдакладняюць, да якога сілавога ведамства належалі людзі, якія праводзілі ператрус.

Рыбка і Лэсьлі былі затрыманыя ў аэрапорце Шарамецьцева пасьля дэпартацыі з Тайлянду, дзе ім прысудзілі ўмоўны тэрмін за арганізацыю сэкс-трэнінгаў. У паліцыі заявілі, што сэкс-трэнэры затрыманыя ў справе аб уцягваньні ў прастытуцыю. Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкулу — да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.

Рыбка мелася быць дэпартаваная ў Менск, яе затрымалі ў транзытнай зоне лётнішча. Яе адвакат у інтэрвію Радыё Свабода назваў такое затрыманьне «буйным міжнародным скандалам».

Чаму мы пішам пра Насьцю Рыбку?

Насьця Рыбка стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.

Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насьця Рыбка. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.

Анастасія Вашукевіч, Аляксандар Кірылаў і яшчэ 7 чалавек былі затрыманыя ў Патаі ў канцы лютага 2018 году. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. Большасьць удзельнікаў сэмінараў былі мужчыны, турысты з Расеі.

Настасься Вашукевіч (Насьця Рыбка) і Аляксандар Кірылаў
Настасься Вашукевіч (Насьця Рыбка) і Аляксандар Кірылаў

Аляксандар Кірылаў заяўляе, што супраць яго і Анастасіі Вашукевіч была праведзеная сакрэтная апэрацыя. Паліцыя распавяла The New York Times, што «замежны шпіён» быў у канфэрэнц-залі падчас трэнінгу і што шпіён кантактаваў з афіцэрамі, якія чакалі пачатку апэрацыі па затрыманьні ўдзельнікаў «трэнінгу».

Ганароваму консулу Беларусі ў Тайляндзе Рыбка заявіла, што ня хоча вяртацца ў Беларусь, сказаў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG