Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Украіны: «Будучыня Беларусі — эўрапейская»


Паўло Клімкін

Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін заявіў, што Ўкраіна зацікаўленая ў незалежнасьці Беларусі і гатовая дапамагаць тым сілам, якія адстойваюць сувэрэнітэт краіны.

«Мы не ўплываем на Беларусь. Гэта незалежная краіна. Ёсьць прынцыпы міжнароднага права. Канечне, для нас вельмі важна, каб Расея не атрымала, я так акуратна скажу, кантрольны пакет акцый у Малдове і Беларусі, каб яна ў прынцыпе не атрымала наўпроставае ці апасродкаванае кіраваньне, а яна хоча гэта зрабіць — гэта ўсім цудоўна зразумела», — заявіў Паўло Клімкін 18 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве, камэнтуючы «інтэграцыйны» канфлікт між Беларусьсю і Расеяй.

Паводле ягоных слоў, украінскі бок спрабуе заахвоціць сваіх эўрапейскіх партнэраў дадаткова падтрымаць двух найбліжэйшых суседзяў — Малдову і Беларусь:

«Мы працуем там, дзе можам. І, канечне, палітычна там, дзе можам акумуляваць падтрымку нашых эўрапейскіх і іншых партнэраў для Беларусі, для сапраўднай незалежнай Беларусі».

«Я асабіста мяркую, што будучыня Беларусі — гэта эўрапейская будучыня, у яе мінулае эўрапейскае і будучыня таксама эўрапейская, — сказаў Клімкін. — Калі гэта будзе — заўтра ці пасьлязаўтра, я не хачу спэкуляваць, але тым ня менш. Але мы, я зноў так акуратна скажу, сочым вельмі пільна за сытуацыяй, і я вас пераконваю — гэта мы робім штодня. І тое, што мы шукаем магчымасьці, звычайна ў рамках міжнароднага права, як цывілізаваная краіна, адданая дэмакратычным каштоўнасьцям, дапамагчы тым сілам, якія бачаць Малдову і Беларусь незалежнымі краінамі, якія бачаць іх будучыню ў Эўропе, — гэта безумоўна, але выключна ў рамках міжнароднага права», — падкрэсьліў Паўло Клімкін.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
  • Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў даляраў, а за наступныя 4 гады недаатрымае 11 мільярдаў пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч казаў, што агульныя страты ад падатковага манэўру ацэньваюцца ў 8–12 млрд даляраў.
  • Віцэ-прэмʼер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што Беларусь разьлічвала на кампэнсацыю каля 310–315 мільёнаў даляраў.
  • У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG