Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэтэндэнты на булаву. Як пачалася выбарчая кампанія ва Ўкраіне


Архіўнае фота

Ва Ўкраіне выбарчая кампанія стартавала ў апошні дзень 2018 году, але працяглыя навагоднія сьвяты замарудзілі яе пачатак. На сёньняшні дзень права праводзіць агітацыю маюць толькі пяць кандыдатаў на прэзыдэнта — тыя, хто атрымаў афіцыйную рэгістрацыю Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК).

Усе іншыя толькі зьбіраюць дакумэнты, рыхтуюць партыйныя зьезды для свайго вылучэньня або чакаюць адпаведнага рашэньня ЦВК — цяпер камісія апрацоўвае дакумэнты яшчэ шасьці прэтэндэнтаў на кандыдацтва.

Выглядае, што галоўнай выбарчай пляцоўкай ва Ўкраіне будзе Вярхоўная Рада — сёлета рэкордная колькасьць дзейных дэпутатаў заявілі пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі.

Хто будзе ў бюлетэнях

Экспэрты прагназуюць, што сёлета выбарчы бюлетэнь будзе найдаўжэйшы за ўсю гісторыю незалежнай Украіны — у яго могуць быць уключаныя каля 30 прозьвішчаў кандыдатаў.

Галоўныя, паводле сацыялягічных апытаньняў, прэтэндэнты пакуль не сьпяшаюцца з вылучэньнем і рэгістрацыяй — партыйны зьезд «Бацькаўшчыны» Юліі Цімашэнкі мае адбыцца напрыканцы студзеня.

Дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка, лідэр партыі «Салідарнасьць», дагэтуль яшчэ не абвясьціў пра свой намер ісьці на другі тэрмін.

Лідэр партыі «Грамадзянская пазыцыя» Анатоль Грыцэнка, які таксама можа пазмагацца за выхад у другі тур, ужо накіраваў свае дакумэнты ў ЦВК.

Раней камісія зарэгістравала двух самавылучэнцаў — былога міністра экалёгіі (ва ўрадзе Арсенія Яцанюка) Ігара Шаўчэнку ды Віталя Скоцыка, а таксама трох партыйных прадстаўнікоў: Сяргея Капліна (Сацыял-дэмакратычная партыя, якая зьяўляецца партнэрам партыі Міколы Статкевіча), мэра Львова Андрэя Садавога (партыя «Самопоміч») і былога амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Валянціна Налівайчанку (партыя «Справедливість»).

Нечакана, ужо ў часе выбарчага працэсу, аб прэзыдэнцкіх амбіцыях заявіў і былы кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Ігар Сьмяшко. Яго падазравалі ў дачыннасьці да атручэньня Віктара Юшчанкі, які балятаваўся на прэзыдэнта ў 2004 годзе. Паводле адной з вэрсій, тагачасны кандыдат на прэзыдэнта быў атручаны ў часе прыватнай сустрэчы, арганізаванай Ігарам Сьмяшком на лецішчы намесьніка старшыні СБУ. Гэтая справа дагэтуль не раскрытая. Пазьней Ігар Сьмяшко неаднойчы, насуперак шматлікім высновам лекараў, якія лячылі Юшчанку ад атручэньня дыяксінам, сьцьвярджаў, што ніякага атручэньня наагул не было.

Ігар Сьмяшко
Ігар Сьмяшко

Інтрыгай пакуль што застаецца магчымы ўдзел у выбарах лідэра камуністаў Пятра Сіманенкі. Партыйны зьезд яго вылучыў, але згодна з украінскім заканадаўствам ЦВК можа яму адмовіць у рэгістрацыі: сёлета ўпершыню за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны камісія атрымала магчымасьць адмаўляць у рэгістрацыі кандыдатам — прадстаўнікам партый, якія ў сваёй дзейнасьці прапагандуюць камуністычны ці іншыя таталітарныя рэжымы ды іхнюю сымболіку.

Фармальна Камуністычная партыя ва Ўкраіне забароненая, але яе рэгістрацыя ў Міністэрстве юстыцыі дагэтуль не скасаваная — працягваецца шматгадовы судовы працэс па абскарджаньні адпаведнага рашэньня. Зь іншага боку, Пятро Сіманенка можа пазьбегнуць адмовы, калі накіруе свае дакумэнты на разгляд у ЦВК як самавылучэнец, а не прадстаўнік партыі.

Пад сьцягам барацьбы з карупцыяй

Традыцыйна прэзыдэнцкая выбарчая кампанія ва Ўкраіне будуецца на дзьвюх тэмах: уладныя асобы хваляць свае дасягненьні, а іншыя — крытыкуюць уладу. За гісторыю незалежнай Украіны і прэзыдэнцкага інстытуту толькі Леанід Кучма абіраўся на вышэйшую пасаду на два тэрміны.

Сёлета ўсе кандыдаты ідуць на выбары пад сьцягам барацьбы з карупцыяй. Згодна з ацэнкамі Transparency International, Украіна разам з Расеяй доўгі час узначальваюць рэйтынг найбольш карумпаваных у Эўропе краін. Найбольш гучным стала абяцаньне Анатоля Грыцэнкі «адсякаць рукі» за карупцыю і кумаўство.

Другой па актуальнасьці, як і ў мінулую кампанію, застаецца тэма дэакупацыі Данбасу, спыненьня вайны. Але ніводзін кандыдат не прапанаваў рэальнага пляну, як гэтага дамагчыся.

Без назіральнікаў з Расеі

Упершыню ва Ўкраіне ня будзе назіральнікаў ад Расеі. На папярэдніх выбарах у 2014 годзе амаль тысяча расейцаў атрымалі адпаведныя мандаты ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ і ад Эўрапейскай плятформы за дэмакратычныя выбары.

Сёлета міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін, запрашаючы замежныя місіі для назіраньня за выбарамі, заклікаў усе міжнародныя дэмакратычныя інстытуты адмовіцца ад уключэньня ў іх склад грамадзян Расеі.

У той жа час традыцыйна шырокай будзе сетка ўнутраных назіральнікаў — на дадзены момант Цэнтральная выбарчая камісія дазволіла 17 грамадзкім арганізацыям мець сваіх назіральнікаў на выбарах.

Галоўныя выклікі і небясьпекі падчас выбараў

Грамадзянская сетка «ОПОРА» ва Ўкраіне — адна з найбольш уплывовых грамадзкіх арганізацый, якія зьдзяйсьняюць кантроль за выбарамі. Арганізацыя плянуе акрэдытаваць 200 доўгатэрміновых (на ўсю выбарчую кампанію) і каля 1,5 тысячы кароткатэрміновых назіральнікаў (у дзень выбараў).

Яе кіраўніца Вольга Айвазоўская, якая адначасова працуе ў складзе менскай трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе, адзначае як вонкавыя, гэтак і ўнутраныя пагрозы. Найперш яна зьвяртае ўвагу на адсутнасьць мэханізмаў абароны ад магчымага ўмяшаньня ва ўкраінскія выбары трэцяга боку, у прыватнасьці Расейскай Фэдэрацыі, асабліва ў сфэры дэзынфармацыі ці кібэрбясьпекі.

Назіральнікі кажуць пра магчымасьць фальсыфікаваньня выбарчых дакумэнтаў, подкупу выбарцаў і выкарыстаньня адміністратыўнага рэсурсу — бюджэтнага і кадравага:

«Мы дасьледавалі партыйную прыналежнасьць кіраўнікоў раённых дзяржаўных адміністрацый і іх намесьнікаў. Зь іх 32 адсоткі — партыйныя. Вядома, мы гаворым не пра адну партыю, але большасьць зь іх — прадстаўнікі Блёку Пятра Парашэнкі „Салідарнасьць“, і трэба папярэдзіць спробы злоўжываньня або неаднолькавага стаўленьня да кандыдатаў, суб’ектаў выбарчага працэсу, улічваючы гэтую асаблівасьць вэртыкалі ўлады».

Назіральнікі арганізацыі «ОПОРА» ўжо зафіксавалі парушэньні як пры вядзеньні кандыдатамі агітацыйнай кампаніі, гэтак і пры выкарыстаньні адміністратыўнага рэсурсу.

Вольга Айвазоўская прагназуе, што выбары адбудуцца ў два туры, але і ў гэтым ёсьць пэўныя пагрозы:

«Ёсьць цэлы шэраг кандыдатаў, якія прэтэндуюць, згодна з сацыялёгіяй, на праходжаньне ў другі тур. Але ў іх нязначны разрыў, які можа прывесьці да некультурных або пазазаконных формаў супрацьстаяньня або канкурэнцыі. Гэта таксама ня будзе пазытывам для выбараў».

Назіральнікі баяцца подкупу выбарцаў

Апроч таго, паводле экспэрта, кандыдаты на прэзыдэнта даволі часта маніпулююць выбаршчыкамі.

«Самая вялікая праблема ў тым, што выбаршчыкі недастаткова добра арыентуюцца ў паўнамоцтвах прэзыдэнта, і таму часта рыторыка кандыдатаў, зарэгістраваных і патэнцыйных, не зусім знаходзіцца ў плоскасьці канстытуцыйных абавязкаў прэзыдэнта, а закранае і тыя складнікі, якія тычацца абавязкаў прэм’ер-міністра, ураду або мясцовага самакіраваньня. Таму хацелася б, каб выбаршчыкі арыентаваліся найперш на абавязкі прэзыдэнта і выбіралі выключна кіраўніка дзяржавы, а не адначасова і кіраўніка мясцовага самакіраваньня ці ўраду. Бо гэта потым прыводзіць да некіраваных чаканьняў, а потым і да падзеньня рэйтынгу».

«Застаецца неразьвязаным і канфлікт з заканадаўчым урэгуляваньнем няўхільнасьці пакараньня за ўчыненыя злачынствы падчас выбараў, у тым ліку ў крымінальным парадку за подкуп выбаршчыкаў і фальсыфікацыю выбарчай дакумэнтацыі. Законапраект, які быў зарэгістраваны ўрадам, дагэтуль не разгледжаны Вярхоўнай Радай. Подкуп выбаршчыкаў застаецца няцяжкім злачынствам, а гэта робіць немагчымым якаснае расьсьледаваньне, каб раскрываць усю сетку подкупаў выбаршчыкаў, а ня толькі фіксаваць асобна ўзятыя інцыдэнты. Пасьля 2015 году быў вынесены 81 прысуд у дачыненьні да такіх асоб, а напрыканцы 2018-га зьявіўся першы прысуд з рэальным турэмным зьняволеньнем. Тым ня менш заканадаўства трэба ўдасканальваць, бо зьяўляюцца новыя схемы незаконнай матэрыяльнай матывацыі выбаршчыкаў галасаваць за таго ці іншага кандыдата», — кажа Свабодзе Вольга Айвазоўская.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG